Блюз-пятніца і фольк-субота на Oktoberfest у Камарове
2487 / 1
22.09.2015

Блюз-пятніца і фольк-субота на Oktoberfest у Камарове

2 і 3 кастрычніка ў кавярні «Камарова village» сыграюць блюзавыя, блюз-рокавыя і фолькавыя гурты з «Крамай» і «Палацам» на чале.

Канцэртны дзень 2 кастрычніка Oktoberfest у Камарове адкрые Bluesville Station, які выступіць у пашыраным складзе: да дуэту Юрася Ўскова (вакал, гітара) і Віталя Шышпаронка далучацца сябры з блюз-рокавага гурта Cross B Band, аднаго з найважнейшых праектаў беларускай блюзавай сцэны апошняга 10-годзьдзя. Таксама ў якасьці другога гітарыста, да Station далучыцца легендарны Сяргей Скрыпнічэнка — лідэр гурта žygimont VAZA. Разам музыкі выканаюць гадзінны сэт блюзавай клясыкі — ад чыкаскіх стандартаў да тэхаскага блюзу. Адмысловую праграму рыхтуюць і «П’яныя госьці» — акустычны праект Аляксандра Памідорава і гітарыста Дзяніса Балахонава. Яны будуць граць як свае блюзавыя творы, так і клясыку блюзу ды рок-н-ролу. Завершыць блюзавы дзень гадзінным сэтам гурт «Крама». Ігар Варашкевіч абяцае зрабіць ухіл на гіты гурта «пітной тэматыкі».

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ НА БЛЮЗ-ДЗЕНЬ 2 КАСТРЫЧНІКА

Фольк-суботу 3 кастрычніка распачне праект Піта ПаўлаваPaparać, які рэдка выступае ў Менску і ваколіцах, але актыўна канцэртуе па Беларусі. У капэле Піта грае нязьменны бубнач N.R.M. Алезіс Дземідовіч, вядомы беларускі музыка і гісторык Яраш Малішэўскі ды цымбалістка Алеся Шагун. Гурт «Рокаш» прадставіць на Oktoberfest сваю «кастрычніцкую» праграму, куды сярод іншага ўвойдуць і прэм’еры. Скончыць вечар выступ гурту «Палац» з найлепшымі песьнямі. Алег Хаменка зазначае, што праграма будзе збудаваная такім чынам, каб пад сьпевы было зручней грукаць куфлямі — музыкі падбяруць свае самыя вясёлыя і пазытыўныя песьні.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ НА ФОЛЬК-ДЗЕНЬ 3 КАСТРЫЧНІКА

Прыяжджаць у Камарова (5 км ад МКАД па Слуцкай шашы) можна на ўласным транспарце — схема праезду. Таксама для гледачоў арганізаваныя бясплатныя маршрутныя таксі д/с Дружная — Камарова, Камарова — д/с Дружная з 16:00 да 0:00. Расклад руху можна паглядзець у афіцыйных суполках «УКантакце» і Facebook.

Квіткі можна набыць праз Kvitki.by: папярэдні кошт 200 000 руб. (з улікам камісіі апэратара), на ўваходзе — 250 000 руб. Даступныя таксама абанэмэнты для тых, хто хоча наведаць адразу тры канцэрты, заплянаваныя да 10 кастрычніка — выходзіць таньней. Інфалінія: +375 29 676-81-95. Браніраваньне столікаў на канцэрт — +375 44 538-89-88.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    30.09.2015 / 11:19

    Важная інфармацыя для тых, хто хоча дабірацца да Камарова ў канцэртныя дні на маршрутным таксі (праезд бясплатны). Адпраўленьне з Дружнай, а дакладней з прыпынку па вул.Талстоя Расклад такі: 16.00, 17.20, 18.30, 19.30, 20.30, 21.30, 22.30, 23.30 Адпраўленьне з Камарова: 16.40, 18.00, 19.00, 20.00, 21.00, 22.00, 23.00, 0.00

  • КАМЕНТАВАЦЬ