Прэм’ера на TuzinFM! Музычны праект «Альбом школьных песень» (спампаваць)
4412 / 0
05.11.2015

Прэм’ера на TuzinFM! Музычны праект «Альбом школьных песень» (спампаваць)

На нашым партале інтэрнэт-рэліз надзвычай важнай працы — першага беларускага альбому, прысьвечанага школе.

Галоўнай мэтай, якую ставілі ўдзельнікі гэтага праекту, стала стварэньне сучаснага, цалкам беларускамоўнага рэпэртуару для школьных мерапрыемстваў. Безь перабольшаньня можна сказаць, што ў працу ўключыліся творчыя сілы ўсёй Беларусі. Музыканты, аўтары тэкстаў і музыкі, выканаўцы зь Менску, Магілёва, Горадні, Наваполацку, Слуцку, Валожына, Клічава, а таксама нашы землякі з Польшчы і ЗША, абядналіся, каб зрабіць «Альбом школьных песень». 

Песьні альбома адлюстроўваюць самыя розныя тэмы школьнага жыцьця. Гэта можна заўважыць нават па іх назвах: «Нашы настаўнікі», «Першыя ўрокі», «Школьны вальс», «Апошні званок», «Вальс разьвітаньня», «Лета», «Дырэктар школы», «Самая прывабная», «Школьная настальгічная». А формы падачы тут самыя разнастайныя — ад традыцыйнага вальсу з пранікнёнымі словамі аб незабыўных школьных часах да іранічных рок-н-рольных кампазыцыяў кшталту «Дырэктара школы» і «Школьнай настальгічнай».

Сыгнальная вэрсія альбому выйшла напярэдадні новага навучальнага году, у канцы жніўня 2012-га, але праца працягвалася і надалей. На Tuzin.fm прадстаўлена перавыданьне альбому з 10 асноўнымі трэкамі, бонуснай кампазыцыяй, а таксама мінусоўкамі ўсіх песень, якія можна выкарыстоўваць у самастойнай працы. Музычны матэрыял быў палепшаны з улікам практычнага выкарыстаньня ў школьных мерапрыемствах. Адмыслова для прэзэнтацыі на Tuzin.fm прадмову да «Альбому» напісала намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

КАБ НЯ ЎМЁРЦІ

Вядома, што наша школа хутка русіфікуецца і нешта з гэтым трэба рабіць. Самае простае і надзейнае, каб беларусы вырасьлі бяз комплексу нацыянальнай непаўнавартаснасьці, не забыліся, хто яны ёсьць вырасьціць іх у сваёй культуры: моўным асяродзьдзі, нацыянальных эўрапейскіх традыцыях, праўдзівай гісторыі.

Шмат што ў руках настаўнікаў. Што ім каштуе, паставіць беларускую песьню на школьнае сьвята?! Хутка 25 гадоў нашай незалежнасьці, а дзеці з году ў год 1 верасьня сядаюць за парты пад гукі «Учат в школе», а апошні званок немагчыма ўявіць без «Когда уйдем со школьного двора». Гэтыя савецкія песьні так і не знайшлося чым замяніць, і маладыя беларусы на ўзроўні падсьвядомасьці рыхтуюцца будаваць неіснуючую вялікую і агрэсіўную савецкую дзяржаву, а не сваю ўтульную эўрапейскую Беларусь. Як кажуць, на чужым падмурку сваёй хаты не збудуеш.

Прэзэнтацыя «Альбому школьных песень» у Чысьці, Маладэчанскі раён

Некалі, складаючы дыск «Гадуем Беларусаў», я пераслухала амаль усе існуючыя беларускія песьні, каб даць рэкамэндацыі для настаўнікаў, што можна выкарыстаць на школьных сьвятах. Аказалася, што нашыя творцы неяк зусім ня думалі пра школу. Шмат пра што напісалі, але вось пра настаўнікаў, ці першае школьнае каханьне, ці школьных сяброў, прыгоды — ну ніводнай песьні!  Колькі настаўнікаў ні агітуй, але калі няма чым замяніць старыя песьні, яны шукаюць расейскія. Хутка так дашукаемся да ДНР-ЛНР, калі новая генэрацыя не ўсьвядоміць сябе беларусамі.

Калі школьных песень няма — трэба іх пісаць! На дзяржаву, якая сама стварае сабе імідж старца з кіем, разьлічваць не даводзіцца. Мы кінуліся да нашых музыкаў і настаўнікаў. Давайце нешта рабіць! Можа хто б сам напісаў песьню!

Прэзэнтацыя «Альбому школьных песень» у Вільні

Першым адгукнуўся Сяргей Сівы — настаўнік музыкі з Валожына. Ён даслаў сваю фанаграму «Школьнага вальсу», які напісаў Уладзімер Гаркуша на словы Валянціны Гіруць-Русакевіч. Песьня, дарэчы, выдатная! Настаўнікі-беларусісты зрабілі пошук і выбралі вершы пра школу, якія можна б было пакласьці на музыку. Адгукнуўся і Сяржук Сокалаў-Воюш. Ён колькі гадоў сам працаваў у школе, былі настаўнікамі ягоныя бацькі, то і вершы, якія ён напісаў, атрымаліся і мэлядычнымі, і крыху настальгічнымі. Былі патрэбныя кампазытары, аранжыроўшчыкі, музыкі. І яны зьявіліся. Тацяна Грыневіч напісала музыку, Юра Несьцярэнка ня толькі напісаў некалікі аўтарскіх песень, але і ўзяўся гэты дыск давесьці да выданьня: зрабіў аранжыроўкі, запісаў фанаграмы, падабраў выканаўцаў. Выдаць першыя 100 асобнікаў дапамагла Ала Орса-Рамана. Яна ў гонар сваіх бацькоў — вядомых пэдагогаў Аляксандра і Натальлі Орсаў, якія адраджалі беларускую школу яшчэ пры паляках, стварыла культурна-адукацыйную фундацыю. Тыя 100 асобнікаў цалкам былі перададзеныя настаўнікам.

Прэзэнтацыя «Альбому школьных песень» у Маладэчне

Шмат беларусаў далучыліся да выданьня першага альбому школьных песень. Хацелася б каб ён быў не апошнім. Бо часы мяняюцца. Новыя школьнікі слухаюць іншую музыку, іншыя стылі. Школьныя песьні павінны быць сучаснымі. Досьвед паказаў, што талакой можна зрабіць шмат. Але «Альбому школьных песень» не было б бязь Юры Несьцярэнкі і Тацяны Грыневіч, бо яны былі рухавікамі ў гэтай талацэ. Вялікі ім за гэта дзякуй!

Некалі ў нас з Анечкай Вольскай узьнікла ідэя. А што, калі новы дыск школьных песень напішуць самі дзеці разам з настаўнікамі! ТБШ гатовае абвесьціць конкурс, а нашыя знаныя музыкі дапамаглі б аранжаваць і запісаць найлепшыя песьні-пераможцы. Уяўляеце, як бы было клясна, калі б які трэцякласнік Пеця засьпяваў разам з Кульлінковічам ці Хаменкам, а выпускніца Каця часова стала салісткай Vuraj!

Першы альбом школьных песень створаны, ім карыстаюцца. Цяпер шукаем рухавікоў для далейшай працы. Каб ня ўмёрці!

Тамара Мацкевіч, Таварыства беларускай школы, для Tuzin.fm

Укладальнік «Альбому школьных песень» Юры Несьцярэнка падпісвае дыскі слухачам

Прэзэнтацыя на TuzinFM Альбом школьных песень

1.            Першыя ўрокі (Т. ГрыневічС. Сокалаў-Воюш)

2.            Нашы настаўнікі (Н. Ірванцоў-Друцкі)

3.            Школьны вальс (У. ГаркушаВ. Гіруць-Русакевіч)

4.            Лета (Н. Ірванцоў-Друцкі)

5.            Самая прывабная (Т. Грыневіч — С. Сокалаў-Воюш)

6.            Апошні званок (Н. Ірванцоў-Друцкі)

7.            Вальс разьвітаньня (Т. Грыневіч — С. Сокалаў-Воюш)

8.            Школьная настальгічная (А. Гаварушка)

9.            Апошні дзень (Ю. Несьцярэнка, Д. Несьцярэнка — Д. Несьцярэнка)

10.          Дырэктар школы (Н. Ірванцоў-Друцкі)

Бонус-трэк:

11.          Восеньскі мінор (Ю. Несьцярэнка — А. Беланожка)

Песьні выконваюць: Н. Жыткевіч (1, 3, 5), Надзейка (2, 4), Л. Дудзенус (6, 7), рок-гурт «Найлепшыя вучні» (8, 10), Ю. Несьцярэнка (9, 11), Д. Несьцярэнка (9), І. Карпюк-Дамброўска (11).

Cпампаваць «Альбом школьных песень» у поўным варыянце зь мінусоўкамі песень з Tuzin.fm адным файлам (.RAR)