Піяніст Арсень Садыкаў скарае музычны сьвет (відэа)
2416 / 1
25.11.2015

Піяніст Арсень Садыкаў скарае музычны сьвет (відэа)

2015 год 26-гадовы піяніст Арсень Садыкаў правёў надзвычай удала. У лістападзе да яго шматлікіх узнагародаў дадалася прэмія на міжнародным конкурсе «Franz Liszt Piano Competition» у Нямеччыне.

Арсень нарадзіўся ў музычнай сям’і. Ягоны бацька Раіль Садыкаў — дырыжор і выкладчык у дзіцячай школе мастацтваў, а маці — арганістка Полацкай Сафіі Ксенія Пагарэлая, якая сёлета выступіла ў Нотр-Даме. Арсень атрымаў бліскучую музычную адукацыю. Ён пасьпяхова скончыў Полацкую школу мастацтваў і Наваполацкі музычны коледж. А далей вучыўся ў Беларускай Акадэміі музыкі, ў брусэльскай Musica Mundi, кансэрваторыі ў італьянскім Бальцана, музычнай акадэміі Юрыя Башмета. Цяпер ён працягвае вучобу ў Вышэйшай школе музыкі імя Фэрэнца Ліста ў Ваймары (Нямеччына). Менавіта ў гэтым горадзе праходзіў конкурс, дзе беларускі піяніст стаў ляўрэатам. «Гэта дастаткова важная падзея для музычнага „піяністычнага“ сьвету. Конкурс праходзіў у два этапы — першы тур быў у горадзе Байройт, а другі тур і фінал непасрэдна ў Ваймары. Скажу шчыра, што не разьлічваў на высокі вынік, усё ж конкурсы справа непрадказальная», — распавядае Арсень і згадвае самы хвалюючы момант — у фінале, калі да яго далучыўся аркестар. На конкурсе піяніст выконваў перадусім творы Ліста, а таксама Баха, Бэтговэна, Шапэна, Лігеці. «Мне складана сказаць, як журы абірала найлепшых піяністаў. Музыка вельмі абстрактная і ўсе выканаўцы настолькі розныя, што часам вельмі складана зрабіць выбар. Думаю, што ўсё ж кіраваліся такімі парамэтрамі, як музычнасьць, адчуваньне ў музыцы і пераканаўчасьць у падачы», — разважае Арсень.

Посьпех на «Franz Liszt Piano Competition» для яго ня першы. Сёлета Садыкаў атрымаў прэмію на яшчэ адным аўтарытэтным міжнародным конкурсе піяністаў «Lagny-sur-Marne» у Францыі. Летась беларус здабыў прэмію на конкурсе «Новыя зоркі» ў Нямеччыне, быў ляўрэатам італьянскага конкурсу «Giuliano Pecar» (2012) і францускага «Epinal» (2013). Ужо некалькі гадоў беларускі артыст езьдзіць з сольнымі праграмамі па Эўропе, выступае разам з сымфанічнымі аркестрамі і камэрнымі ансамблямі, хоць на Радзіме яго імя практычна невядомае.

Калі ёсьць час — Арсень сачыняе музыку. Кажа, што ў гэтай дзеі цэніць перадусім элемэнт свабоды. Ён з задавальньнем імправізуе на джэм-сейшнах і наогул імкнецца быць адкрытым да якой заўгодна музыкі, таму яго можна пабачыць ня толькі на конкурсе клясычнай музыкі. «Вельмі люблю слухаць музыку розных стыляў — ад барочнай клясыкі да сучаснай электроннай музыкі. З задавальненьнем бяру ўдзел у поп-рок праектах і граю з ды-джэямі», — распавядае музыкант.

У свой рэпэртуар на канцэртах і конкурсах Арсень уключае і творы беларускіх кампазытараў. Ён выконвае музыку Галіны Гарэлавай, Ганны Кароткінай, Дзьмітрыя Смольскага, Сяргея Бельцюкова і кажа, што для яго гонар прадстаўляць нашу музыку за мяжою.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    01.12.2015 / 02:21

    Хлопец - малайчына!
    Чаму ён не вядомы ў нас - было б добрае пытанне...
    І я б рэкамендаваў рэдакцыі паставіць нейкае больш яскравае яго відэа, так бы мовіць - для масс. Вось напрыклад гэта:
    https://www.youtube.com/watch?v=r7VNd6xpdw4

  • КАМЕНТАВАЦЬ