Ян Маўзэр пра «Сеяць вецер»: «Гэта мая галоўная песьня на сёньня» (аўдыё)
4355 / 1
15.12.2015

Ян Маўзэр пра «Сеяць вецер»: «Гэта мая галоўная песьня на сёньня» (аўдыё)

Новая кампазыцыя гурта «Мама» ўзначаліла аўдыёчарт на Tuzin.fm. Ян Маўзэр называе яе галоўнай у сваёй цяперашняй творчасьці і кажа, што безь яе не адбыўся бы і сам праект.

«Сеяць вецер» была прэзэнтаваная ў 4-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm і адразу ж узьнялася на першую прыступку. Па выніках трохтыднёвага галасаваньня трэк назьбіраў 584 галасы і зь вялікім адрывам атрымаў перамогу. У камэнтары пераможцы Ян Маўзэр раскрыў акалічнасьці напісаньня гэтага твору. «Я пачаў пісаць гэтую песьню 19 сьнежня 2010 году, калі ехаў на Плошчу. У нашым найноўшым характары — ныцьцё й безнадзейнасьць, а мне хацелася веры ў сябе. Пасьля шэрагу няўдач цяжка стаяць на нагах, але канчаткова прызвычаіцца да гарызанталі нельга, бо гэта й ёсьць пц. І я прыдумаў такую вось, фактычна, афірмацыю: колькі б нас ні зьбівалі з ног, мы будзем падымацца з кален», — распавядае выканаўца.

«Мама» прадставіла да гэтага яшчэ два трэкі — «Вам!» і «Будзь злой», прызнаная найлепшай у сэзоне 2014/2015 на Tuzin.fm. Але менавіта «Сеяць вецер» Маўзэр лічыць галоўнай песьняй «Мамы»: «Пакуль яна не была дапісаная, я не адчуваў за сабой правоў пачынаць гэты гурт. Мусіў быць нейкі творчы стрыжань, маніфэст. І мы ўдзячныя за тое, што нашыя намаганьні прыйшліся да густу слухачоў. Будзем і далей спрабаваць складаць цаглінкі ў вялікі мур беларускай культуры», — зазначае музыка.

«Мама» застаецца пакуль студыйным праектам, музыкі яшчэ ані разу не выступілі ўжывую. І калі гэта адбудзецца, Маўзэр не бярэцца сказаць: «Як паказала ў чарговы раз практыка, закон Мэрфі мацнейшы за пляны, таму няма сэнсу штосьці агучваць», — заявіў музыка.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    23.12.2015 / 02:28

    Неблагая песня. Толькі басу неяк не чуваць, нібы адмыслова схавалі. А вакалу наадварот шмат - на столькі, што ён часам замінае успрымаць музыку, якая тут носіць не проста акампаніятарскі характар, але мае шэраг цікавых месцаў, да якіх хочацца па-лепей прыслухацца.
    Поспехаў.

  • КАМЕНТАВАЦЬ