Стась Сілка ідзе на Менск! (аўдыё)
3135 / 0
05.01.2016

Стась Сілка ідзе на Менск! (аўдыё)

Выканаўца з Наваполацку, які летась стаў адным з адкрыцьцяў у беларускай музыцы, 30 студзеня дае першы сольны канцэрт у Менску, на якім прэзэнтуе свой дэбютны альбом «Песьні для глуханямых». Яго выступ падтрымаюць вакаліст гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў і пераможцы «Бардаўскай восені — 2015» — гурт «Хмарка на траве».

Малады выканаўца з Наваполацку атрымаў нямала авансаў яшчэ да выхаду свайго дэбютнага альбому. І, зрэшты, пакрысе іх пацьвярджае. На яго рахунку некалькі пасьпяховых канцэртаў, у тым ліку аншляг у віцебскай «Арт-базе», пасьля якога Стась зладзіў жартаўлівую фотасэсію-пародыю на Вольскага «Віцебск. Восень. Сілка». Летась ён быў названы ў ліку пераможцаў «Бардаўскай восені — 2015» і ўвайшоў у шорт-ліст прэміі «Героі году» ад парталу Tuzin.fm у намінацыі «Адкрыцьцё году». Свой першы альбом пад назвай «Песьні для глуханямых» выканаўца прэзэнтаваў пры канцы лета 2015-га. «Гэта тыя творы, якія я граю на канцэртах і тыя, якія мне хацелася „адпусціць“, то бок зафіксаваць іх не ў галаве, а крышачку збоку. Гэты запіс можна лічыць зрэзам маёй творчасці, а пастаўлены песні збольшага ў храналагічным парадку», — прадстаўляе сваю працу Стась.

30 студзеня ў менскім бары «Beer&Wine» ў межах праекту «Жывы Тузін» Стась Сілка прэзэнтуе ўжывую свой дэбютны альбом. «Гэта мой першы выступ у Менску ў якасьці хэдлайнэра, таму з усёй адказнасьцю рыхтую адмысловую праграму. Адыграю старыя, старыя-забытыя песьні, і новыя-невядомыя. Будзе весела, кампанія ж цудоўная!» — кажа музыка з Наваполацку. Падтрымаюць яго выступ уладальнікі Гран-Пры фэсту «Бардаўская восень — 2015» — гурт «Хмарка на траве» і Алесь Дзянісаў («КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki) з акустычным сэтам. Весьці канцэрт будзе Алег Хаменка, нязьменны вядучы радыёвэрсіі «Тузіна Гітоў» і лідэр гурта «Палац».

Квіткі на канцэрт Стася Сілкі можна папярэдне набыць он-лайн на Bezkassira.by альбо ў пунктах продажу па Менску.

 

Далучайцеся да падзеі:  УКантакце/Facebook

30 студзеня. 19:00. Бар Beer&Wine (вул. Кульман, 9). Стась Сілка. Прэзэнтацыя альбому «Песьні для глуханямых». Госьці: Алесь Дзянісаў (Dzieciuki), «Хмарка на траве». Кошт квітка (папярэдне) — 100 000 руб. Інфа: +375 29 687-20-93.

Яшчэ: Стась Сілка: «Я да беларушчыны не прыходзіў. Яна адразу была са мной» (аўдыё/відэа)

Tuzin.fm