«Мы такія самыя, як аднавокі чорны хлопчык зь Нью-Джэрзі»
3433 / 1
12.02.2016

«Мы такія самыя, як аднавокі чорны хлопчык зь Нью-Джэрзі»

У беларускай музыцы адбыўся прарыў глябальнага маштабу. Упершыню наш музыкант намінуецца на «Грэмі».

Што адбылося. Беларускі музыкант і бітмэйкер, бубнач гурта IQ48 Антон Мацулевіч (Tony Fadd) выклаў сваю музыку ў вольны доступ у сеціве. Яна спадабалася маладому амэрыканскаму рэпэру Ўілі Максвэлу (Fetty Wap), які напісаў на яе словы. Іх сумесны сынгл «Trap Queen» стрэліў неверагодна: дасягнуў 2-й пазыцыі ў Billboard, стаў плятынавым у Амэрыцы, Новай Зэляндыі і Даніі, залатым у Аўстраліі і Вялікабрытаніі. Яго колькасьць праглядаў на Youtube імкнецца да 400 мільёнаў праглядаў (на Soundcloud яшчэ 127 мільёнаў праслухоўваньняў). Трэк зацанілі Jay-Z і Біёнсэй ды перасьпявалі Эд Шыран і Тэйлар Сьвіфт, якія на сёньня ўваходзяць у тройку самых пасьпяховых выканаўцаў у сьвеце. Ролік на песьню прызнаны найлепшым відэа дэбютанта на MTV Video Music Awards. На галоўнай гіп-гоп прэміі ў ЗША BET Hip Hop Awards гэтая праца прызнаная песьняй году, а сам Антон названы прадусарам году (прадусар у іх разуменьні — той, хто ўкладаецца ўменьнямі ды талентам у музыку, а не грашыма і сувязямі, як у паняцьці расейскім). Ну і самы істотны і гістарычны факт, як для беларускай музыкі — упершыню беларус стаў намінантам прэміі «Грэмі». Трэк Антона Мацулевіча «Trap Queen» прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Найлепшая рэп-песьня» (у намінантах тут таксама «All Day» Канье Ўэста з Полам Макартні, «Alright» Кендрыка Ламара, «Energy» Дрэйка і «Glory» Common & John Legend). Выканаўца «Trap Queen» Fetty Wap мае яшчэ і намінацыю «Найлепшы рэп-выступ».

Антон Мацулевіч атрымаў ужо прапановы аб супрацы ад іншых артыстаў. Неўзабаве трэк на яго музыку прэзэнтуе Fall Out Boy. Пры гэтым працягвае граць у IQ48, а нядаўна паўдзельнічаў у запісе новай песьні гурта :B:N: «Хвалі».

Напярэдадні цырымоніі «Грэмі» партал Tuzin.fm папрасіў журналістку і пісьменьніцу Тацяну Заміроўскую, якая цяпер вучыцца ў Амэрыцы, праааналізаваць фэномен «Trap Queen» і яго важнасьць для беларускага дыскурсу.

Песьня Ўілі Максвэла зь Нью-Джэрзі імгненна заваявала амэрыканскі этэр — мінулым летам яна гучала літаральна адусюль, асабліва ў неджэнтрыфікаваных раёнчыках Брукліну. Амаль кожнае аўто, што прыпынялася на сьветлафоре, на ўвесь блёк стрыміла наш беларускі «трэп квін» — і калі я была сьведкай гэтаму ў кампаніі, абавязкова прытанцоўвала з прыпеўкамі «ёў, Беларусь!», каб ведалі, чаму плача песьня наша!

Цалкам зразумела, чаму песенька Fetty Wap сталася гітом і намінавалася ажно на два «Грэмі» (намінацыя «Найлепшая рэп-песьня» дакладна больш тычыцца Антона, а прыз за найлепшае рэп-выкананьне мы з чыстым сумленьнем перадамо Фэцьці). Верагодна, дадзены трэк перацягнуў да сябе гіганцкую колькасьць жаночай аўдыторыі, якая звычайна ня вельмі цікавіцца гіп-гопам, бо традыцыйна жанчына ў такіх песьнях аб’ектывізуецца і стаўленьне да яе так сабе, проста як да цёлачкі. У традыцыйным рэпе жанчына хутчэй трафэй і ахвяра, а тут — бізнэс-партнэр і каралева. Песьня Фэцьці гімн жанчыне-баявому сябру, напарніцы і супрацоўніцы, адданай і вольнай, маладой і адважнай. Ён сьпявае пра ідэяльныя ўзаемаадносіны. Ён натхняецца і захапляецца сваёй каралевай (а якой дзяўчыне не спадабаецца песьня, дзе няма гідкай аб’ектывацыі, але ёсьць ухваленьне?), сьпявае, як яны разам катаюцца на аўто, кураць траўку, гатуюць на кухні піражкі (зразумела з какаінам і гэта ня жарт), ходзяць у магаз і праварочваюць небясьпечныя апэрацыі.

Так, дзяўчына — каралева наркагандлёвай хатняй кропкі (trap), і дапамагае свайму партнэру ў вельмі неадназначных справах, бо абое гандлююць наркатой. Але за гэта ён яе і паважае, і кахае. І ўвогуле гэта песьня пра шчасьлівыя нармальныя адносіны зь сюжэтам, неблагім для крымінальнага блокбастэру пра жыцьцё ў нашым гета. І так, гэта такі гімн, якому могуць падпяваць жанчыны а гэта ж палова аўдыторыі! Таму ня дзіўна, што песьня адразу ўзьляцела. Ну і канечне, тое, што называецца catchy beat, таксама адказвае за папулярнасьць песьні. І гэта ўжо заслуга Антона, няма ніякіх сумневаў. Выдатная песьня наклалася на круты біт.

Ці лічыць гэта здабыткам беларускай культуры? Я лічу, што трэба лічыць. Бо тут мы маем справу зь нейкім прарывам культурных і сацыяльных меншасьцяў. Просты чорны хлопец зь Нью-Джэрзі цяпер здолеў купіць сваёй маці дом, а таксама на заробленыя грошы дапамагае іншым маладым рэпэрам са сваей суполкі ў Джэрзі. То бок, праца на карысьць меншасьці. Песьня ўхваляе вобраз моцнай самастойнай прыгожай жанчыны, не абектывізуючы яе? Выдатна гэта практычна фэміністычны рэп, які працуе на карысьць сусьветнай барацьбе за правы жанчын. Беларуская культура таксама ў складанай сытуацыі? Безумоўна. Мы меншасьць? Так. Нам складана? Канечне. Таму гэта нашая песьня, і яна таксама пра нас. Адчуў жа ў Антонавым біце Ўілі штосьці сваё! Мы такія ж самыя, што і аднавокі чорны хлопчык з Джэрзі. І нас таксама калі-небудзь пачуюць.

Антон Мацулевіч на прэміі BET Hip Hop Awards, фота адсюль

Напярэдадні цырымоніі «Грэмі» мы папрасілі выказацца пра працу Антона Мацулевіча беларускіх экспэртаў.

Сяргей Філімонаў, аўтар і вядучы праграмы «Відзьмо-невідзьмо»:

«Мне прыемна чуць меркаваньне адмыслоўцаў у гэтым музычным кірунку, што наш Мацулевіч здолеў скласьці ці адшукаць сьвежы гук. І я шчыра зычу хлопцу перамогі. Гэта сьведчыць пра тое, што беларусы здольныя трымаць руку на пульсе розных актуальных музычных кірункаў у сьвеце».

Vinsent, сьпявак:

«Вельмі цешуся посьпеху Антона. Я даўно ведаў, што ён займаецца напісаньнем бітоў. Безумоўна, ў гэтым яму дапамагае выдатнае пачуцьцё рытму, ягонай асабістай музычнасьці. Я гэта адчуў падчас сумеснай працы над песьняй „Дай сілы“ разам з гуртом IQ48, дзе Антон зьяўляецца бубначом. Ён, безумоўна, мае вялікі талент, я ганаруся, што наш беларускі бітмэйкер дасягнуў такога посьпеху ў ЗША. Мяне зьдзіўляюць людзі, якія кажуць, што посьпех Антона выпадковы. Ягоны посьпех зьвязаны зь вялікай працай, якую ён зрабіў раней. Tony Fadd гэта прафэсійны бітмэйкер. Проста дзякуючы інтэрнэту, сёньня магчыма ўсё. Ты можаш пісаць свае біты ў Менску ў раёне мэтро Пушкінская, а дасягнуць посьпеху ў Нью-Ёрку і Лос-Анджэлесе».

Зьміцер Падбярэзскі, найстарэйшы беларускі музычны журналіст:

 «На маёй старэчай памяці гэта першы выхад на „Грэмі“ зь беларускага боку. Былі расейцы, у акадэмічнай музыцы і нават аднойчы ў кантры, а для беларусаў — гэта прэцэдэнт. Думаю, што ў сытуацыі з Антонам — клясычная ўсьмешка лёсу: трапіў у патрэбнае месца ў належны час. Таму прыкладаў шмат. І адначасова — мала. Нават калі ён не атрымае нічога гэта ўжо посьпех, якога не было яшчэ».

Сяргей Комар, саўндпрадусар Макса Каржа:

«Адразу як дазнаўся пра „Trap Queen“, то парадаваўся, што гэты біт зрабіў наш беларус. Паслухаў на добрай акустыцы, усё прафэсійна зроблена, прычасана. Ён надта добра патрапіў якраз у філязофію амэрыканскага рынку, па аранжыроўцы арыентавана на іх публіку. У нас бы гэта не закаціла, рынак тут вельмі вузкі. Рады, што ў нас адбываюцца часам такія касьмічнага маштабу дзьвіжухі. Гэта формула посьпеху, якую разгадаць няпроста ды і самі людзі, якія нечага дасягнулі, часам ня могуць гэта патлумачыць. Дакладна тое, што такія рабяты знаходзяцца перадусім у гармоніі з самімі сабою. Але ў нашай краіне гэта адзінкавыя выпадкі, хоць вельмі шмат крутых трэкаў робіцца беларусамі, якія нікуды не ідуць і якія ніхто ня чуў» інтэрвію Сяргею Будкіну для Budzma.by)

58-я цырымонія «Грэмі» адбудзецца ў Лос-Анджэлесе 16 лютага ў 4:00 раніцы па беларускім часе. Паглядзець яе можна он-лайн па гэтай спасылцы.

Матэрыял падрыхтавалі Сяргей Будкін, Натальля Стрыжак, Tuzin.fm, фота — Аляксандар «Tarantino» Ждановіч

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.02.2016 / 09:06

    У намінацыі "Найлепшая рэп-песьня" перамог Кендрык Ламар, але ўсё адно віншуем Антона з такім прарывам!

  • КАМЕНТАВАЦЬ