«Сон-Трава». Заблудныя ў хмельных травах (аўдыё)
3876 / 0
13.02.2016

«Сон-Трава». Заблудныя ў хмельных травах (аўдыё)

Гурт «Сон-Трава» прадстаўляе на Tuzin.fm сваё бачаньне вершу Яўгеніі Янішчыц «Ты пакліч мяне, пазаві» ды іншыя абраныя песьні.

У рэпэртуары каманды практычна ўсе песьні належыць аўтарству вакалісткі Кацярыны Гузоўскай-Гары. За выняткам двух твораў — беларускі пераклад песьні Янкі Дзягілевай «Па трамвайных рэйках» ды «Ты пакліч» на вершы Яўгеніі Янішчыц. Творчасьць сьпявачкі з Новасыбірску ды паэткі з-пад Пінску, лёс якіх склаўся трагічна, дужа блізкія Кацярыне. Яна ніяк ня можа зразумець, чаму верш Янішчыц у школьнай праграме залічаны да інтымнай лірыкі. «На маю думку, гэта сацыяльны твор, бо ў ім распавядаецца пра любоў ва ўсеагульным значэньні. Ён не пра каханьне як такое, а пра Бога хутчэй», — разважае сьпявачка. Яна чытала гэты верш на сваіх выступах між песьнямі, а пасьля запісала з гуртом для праекту «Паэты жывуць у песьнях». Кацярына ўпэўнена, што менавіта музыка «Сон-Травы» — наўмысна сонная ды хмельная — найлепш адлюстроўвае словы Янішчыц, хоць з павагаю ставіцца і да іншых вэрсіяў гэтай песьні, але не прымае іх вырашэньне: «У гурта Hasta la Fillsta і Русі яна атрымалася цяжкай у пляне музыкі, але я адчуваю зусім іншую энэргію ў гэтых словах і там ня можа быць ніякай агрэсіі. У Naka добра атрымалася, але ўсё адно — наша вэрсія мне бліжэй. Зрэшты, галоўнае ня гэта, а тое, што верш жыве. Ён шыкоўны».

Гурт «Сон-Трава» ўтварыўся ў 2012 годзе. Тады, на канцэрце «Жоўты дом» у падтрымку людзей з псыхічным захворваньнем Кацярына ўпершыню выступіла ня толькі ў якасьці арганізатара, але і як выканаўца ўласных песень. Падчас гэтай імпрэзы яна сустрэлася з даўнім сябрам Сяргеем Кунскім, зь якім і вырашана было стварыць гурт. Склад гурта нестабільны, у гэтай гукавой сэсіі ўзялі ўдзел таксама гітарыст Міхаіл Міхайлоўскі ды пэркусіяністкі Маргарыта Ціхановіч і Марына Анісовіч. Гурт грае там, куды паклічуць: вулічныя фэсты, музэі, ды нават проста ў пераходах. Сталі ўжо традыцыйнымі канцэрты побач з помнікам Янку Купалу. Аднойчы «Сон-Трава» дала начны канцэрт на Менскім моры, які лічыць пакуль што сваім самым незабыўным выступам. На пэўны час «Сон-Трава» перапыніла актыўную дзейнасьць — у Каці нарадзіўся другі сын. Але сёлета музыкі поўныя плянаў вярнуцца на сцэну.

На Tuzin.fm «Сон-Трава» прэзэнтуе падборку сваіх абраных песень, якія пакуль удалося запісаць. Акром «Ты пакліч» у яе ўвайшлі твор «Дамоў», вельмі блізкая па энэргетыцы да песьні на словы Янішчыц; «Гарэла дрэва», якую Кацярына называе «аўтабіяграфічнай у некаторым сэнсе» ды «У скошанай траве». У дадатак — дзьве бардаўскія рэчы «Крылатыя» ды «Зоры» — адна зь першых песень сьпявачкі, напісанай яшчэ 15 гадоў таму. Запіс зроблены на студыі Міхаіла Міхайлоўскага «Гаражане» ды ў студыі Ўладзімера Яўменчыка.

Кацярына кажа, што адмысловым плянаваньнем будучыні гурта не займаецца, пакуль піша новыя песьні і шукае новых музыкаў. Зьвязацца з гуртом можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm