Непераўзыйдзеныя «Ліцьвіны» (аўдыё)
4542 / 0
08.04.2016

Непераўзыйдзеныя «Ліцьвіны» (аўдыё)

Пра дэбютны альбом «Галуб на чарэшні, галубка на вішні» гурту «Ліцьвіны», запісаны цэлае пакаленьне таму, піша Барыс Шчука.

«Галуб на чарэшні, галубка на вішні» — першы альбом гурту народнай музыкі «Ліцьвіны». Ён быў запісаны ў 1992 годзе, распаўсюджваўся на касэтах, перавыдадзены ў 1998-м, а на CD выйшаў у 2002 годзе на лэйбле «БМА-груп» і стаўся ўжо рарытэтам. З ласкавае згоды Ўладзімера Бярберава, зьмяшчаем сёньня інтэрнэт-рэліз гэтага альбому. У запісе праграмы ўдзельнічалі Ўладзімер Бярбераў (дуда, гармонік, жалейка, вакал), вакалісткі Натальля Матыліцкая, Алена Шэўчык, Натальля Захаранка, Ксенія Дзягілева (скрыпка), Марына Грыбок (акардэон), Людміла Януковіч (цымбалы), а таксама Мікола Трус (вакал, бубен) — менавіта ён сьпяе потым «Надзеньку» для «Народнага альбому».

Запісаны цэлае пакаленьне таму, у далёкім пачатку 90-х, гэты матэрыял ня вельмі шырока вядомы сёньня. Аднак ён падаецца вартым азнаямленьня. «Ліцьвіны» ад пачатку абазначалі, што яны граюць музыку, максымальна набліжаную да народнай. Акрамя таго, што яны вялі грунтоўную працу ў вывучэньні музычнай спадчыны, большасьць удзельнікаў былі… выхадцамі зь вёскі.

Аднак, народная музыка прынцыпова не прызначаная для слухача. Яна не для праслухоўваньня, а для практыкі. Яна функцыянальная і мусіць быць сьпяванай ці гранай, часта суправаджаць абрадавыя і іншыя дзеяньні. Народныя музычныя творы ня маюць складанай кампазыцыйнай будовы з захапляльнымі спалучэньнямі розных частак. Як і не існуюць яны ў форме «канцэртных праграмаў» нейкіх выканаўцаў.

Праз гэтыя ды іншыя чыннікі народная музыка ў некранутым выглядзе не асабліва прыдатная для ўсаладжэньня слухача. Так, калі запісваць альбомы цалкам з «правільнага» акапэльнага народнага сьпеву, то яны цікавыя збольшага для аматараў народнай музыкі і найбольш пасуюць проста як мэтадычны матэрыял для развучваньня.

Дык вось, выглядае, што адной з мэтаў «Ліцьвінаў» на гэтым альбоме было запісаць праграму, максымальна блізкую да праўдзівай народнай музыкі, але пры гэтым цікавую, прывабную для шырокай аўдыторыі.

Гурт пакідае нязьменнымі або практычна нязьменнымі мэлёдыі і рытмы народных сьпеваў. Няма самаробных акордавых аранжыровак, няма сучаснага накладваньня сьпеваў на жорсткі памер такту і фіксаваную хуткасьць. Старанна ўзнаўляюцца інструмэнтальныя творы. Выкарыстоўваюцца толькі акустычныя інструмэнты, характэрныя для вясковых музыкаў XIX—XX стагодзьдзяў.

Цікавасьць для слухача, насычанасьць, разнастайнасьць дасягаецца шэрагам захадаў. Напрыклад, вялікай колькасьцю кампазыцыяў у альбоме пры невялікай сярэдняй іх працягласьці. Увядзеньнем ужо згаданых інструмэнтальных нумароў маршаў, танцаў, а таксама сьпеву з аўтэнтычным капэльным акампанэмэнтам. Чаргаваньнем сольных і гуртовых сьпеваў. Сачыненьнем ашчаднага, але трапнага інструмэнтальнага суправаджэньня для сьпеваў, якія ў першасным выглядзе сьпяваліся б акапэльна. Аб’яднаньнем твораў у невялікія тэматычныя блёкі. Падборам вельмі «гітовых», запамінальных песень з усяго масіву музычнай спадчыны. Гэтыя і іншыя прыёмы сапраўды робяць праслухоўваньне цікавым.

Што слухаецца крыху аддаленым ад народнасьці, архаікі, дык гэта манера сьпеву часткі вакалістаў гурта і звышправільнае ўзнаўленьне імі мэлёдыяў. У манеры тут часам спалучаюцца некаторая тэатральнасьць, празьмернасьць эмацыйнага складніку і позьнесавецкая эстрадная «вылізанасьць». Народны жа голас, як уяўляецца, гучаў бы больш «сьмела», напята, «безасабова». Хаця, зноў жа, сьпеў «з выражэньнем» можа быць больш прывабным для шырокага слухача.

У той жа час заўважаецца натуральнасьць і жывасьць беларускай мовы (у т. л. дыялектаў), большая, чым у сучасных выканаўцаў. Прычынай гэтаму акрамя згаданага вясковага паходжаньня сьпевакоў сам пэрыяд, у які ім выпала граць і сьпяваць. 24 гады таму насельніцтва было ў цэлым больш беларускім, чым сёньня. На той момант нашмат больш людзей мела досьвед жыцьця ў натуральным беларускамоўным асяродзьдзі.

З улікам усяго сказанага альбом «Галуб на чарэшні, галубка на вішні» можа служыць досыць якасным прадстаўленьнем беларускага музычнага фальклёру найперш таго, які ня тычыцца каляндарных абрадаў. Больш за тое, у некаторых аспэктах выкарыстаньня спадчыны гэты стары альбом, магчыма, па сёньня застаецца непераўзыдзеным. Праслухаць яго раім усім, у т. л. і тым, хто займаецца музыкай.

Барыс Шчука, «Вольны архіў», для Tuzin.fm