Абвешчана журы конкурсу «Засьпявай 3.0»
2957 / 2
12.04.2016

Абвешчана журы конкурсу «Засьпявай 3.0»

Аргкамітэт конкурсу абвесьціў сьпіс журы, куды ўвайшлі беларускія музыкі, паэты і перакладчыкі.

Спеўны конкурс у трэці раз праводзяць інтэрнэт-партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне» пры інфармацыйнай падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу TUT.BY. Сёлета найлепшых назавуць 12 cябраў журы:

Алег Хаменка (лідэр гурту «Палац», выкладчык, вядучы жывых канцэртаў «Засьпявай»)

Лявон Вольскі (музыка, літаратар)

Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурту TonqiXod)

Ганна Янкута (перакладчыца, літаратурны крытык)

Сяргей Пукст (музыка, паэт, выкладчык)

Віталь Рыжкоў (паэт, музыка)

Андрэй Хадановіч (паэт, перакладчык)

Глеб Лабадзенка (мовазнаўца, паэт)

Сяргей Балахонаў (літаратар, перакладчык)

Яўген Карпаў (журналіст TUT.BY)

Сяргей Будкін (Tuzin.fm)

Павал Бераговіч (фонд «Вяртаньне»)

Журы абярэ найлепшых у трох намінацыях. У «Сьпеўнай паэзіі» ўдзельнікам конкурсу прапануецца пакласьці на музыку верш сучаснага паэта, напісаны ў апошнія 33 гады. Для «Беларускага кавэра» — выканаць па-свойму вядомую беларускую песьню. А для «Замежнага перакладу» — перакласьці на беларускую і выканаць вядомы замежны гіт.

«Крытэры выбару найлепшых залежаць ад намінацыі. У „Сьпеўнай паэзіі“ для нас будзе найбольш важным як прагучыць абраны верш, наколькі гарманічна ён спалучыцца з музыкай. У выпадку зь беларускім кавэрам зьвернем увагу на здольнасьць выканаўцы падаць песьню па-свойму, а ня проста яе перасьпяваць адзін у адзін. Ну а ў „Замежным перакладзе“ істотную ролю маюць ня толькі выканальніцкія здольнасьці і ступень прасякненьня абраным матэрыялам, але і якасьць перакладу», — зазначыў сябра журы Алег Хаменка.

Да ўдзелу ў «Засьпявай 3.0» запрашаюцца выканаўцы 16—33 гадоў. Кожны з канкурсантаў можа падаць заяву як у адну з намінацыях, так і паўдзельнічаць у дзьвюх або трох. Прызавы фонд сёлета складае 1500 эўра. Заявы прымаюцца да 1 траўня на адрас: konkurs.zaspiavaj@gmail.com. Падрабязнасьці можна паглядзець на старонцы конкурсу.

 Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    16.04.2016 / 00:45

    Даволі странна. Нешта за-надта шмат у журы розных літаратараў. Нібыта літаратурны конкурс...

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.04.2016 / 23:33

    Нічога дзіўнага. У журы запрашаліся тыя асобы, якія аднолькава добра пачуваюцца як у музыцы, так і ў паэзіі (Вольскі, Лянкевіч, Пукст, Рыжкоў, Хадановіч, Балахонаў), а таксама музыкі, выкладчыкі, знаўцы мовы і выдатныя перакладчыкі + арганізатары. Наогул жа 9 з 12 чалавек маюць непасрэднае дачыненьне да музыкі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ