Ягор Дзыгун. Калі гітара пяшчотна грае (прэм’ера альбому!)
3480 / 1
15.04.2016

Ягор Дзыгун. Калі гітара пяшчотна грае (прэм’ера альбому!)

Беларускі гітарыст экстра-клясы Ягор Дзыгун прадстаўляе на Tuzin.fm свой сольны альбом «Насустрач вясьне», у які ўвайшло 10 кампазыцыяў у жанры джазу, боса-новы, самбы, лаціна і гітарнай лірыкі.

Ягор Дзыгун — яскравы прадстаўнік новага пакаленьня беларускіх гітарыстаў. Акром удзелу ў гурце Sounduk і ў прэзыдэнцкім аркестры ў якасьці саліста-інструмэнталіста, ён актыўна займаецца сольнай творчасьцю. Альбом «Насустрач вясьне» — плён ягонай шматгадовай працы. «Частка маіх песень урэшце набыла канкрэтныя абрысы, таму я іх запісаў і выдаў. Якраз хацелася гэта зрабіць у красавіку, калі вясна бярэ сваё і становіцца неяк больш сьветла і радасна на душы», — кажа з нагоды прэзэнтацыі на Tuzin.fm Ягор. Назву рэлізу ён даў адпаведную свайму настрою, так завецца і адна з кампазыцыяў.

Агулам жа у дыск увайшло 10 інструмэнтальных твораў. Тут можна пачуць і голас, але выкарыстоўваюцца ён тут выключна ў якасьці дадатковага інструмэнта. Альбом сапраўды атрымаўся пекным ды ўзьнёслым, а таксама даволі разнастайным. «Тут ёсьць і балядныя кампазыцыі, і п’есы, прасякнутыя лацінаамэрыканскімі рытмамі самбы і боса-новы, ёсьць джаз і гітарныя творы», — так Ягор акрэсьлівае стылістычны спэктар сваёй працы.

У падрымку свайго рэлізу Ягор прэзэнтаваў ужо кліп на адну зь песень — «Ліст да Дамініка» рэжысэра Аляксандра Мелехаўца.

У запісе альбому ўзялі ўдзел:

Ягор Дзыгун — аўтар музыкі, акустычныя гітары, электрагітары, аранжыроўка, праграмаваньне (1, 2, 5—8), вакал (1, 8)

Тацяна Кармазінава — флейта (5)

Макс Лоскутаў клявішныя (2, 3, 5—8)

Сяргей Кунцэвіч — бас-гітара (2, 3, 5, 7, 8)

Андрэй Маўрын — барабаны (2, 3, 6, 7, 8), пэркусія (2, 3, 5)

Дзьмітры Драчан — пэркусія (1, 6)

Запіс і зьвядзеньне — Ягор Дзыгун, Уладзімер Скрыпка

Майстарынг — Уладзімер Скрыпка

Дызайн — Юлія Гіль

Фота — Аляксандар Мелехавец

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: