Год краўдфандынгу ў Беларусі. Вынікі ў музыцы
2430 / 0
28.04.2016

Год краўдфандынгу ў Беларусі. Вынікі ў музыцы

Tuzin.fm папрасіў краўдфандынгавыя плятформы Ulej і «Талака» падсумаваць вынікі за першы год дзейнасьці. Колькі сабралі самыя пасьпяховыя беларускія праекты, які найбольшы плацеж і колькі наогул грошай сабралі краўдфандынгавыя праекты ў галіне беларускай музыкі.

Першыя краўдфандынгавыя праекты Ulej і «Талака» зьявіліся практычна адначасова і здолелі замацавацца за год дзейнасьці. Пакуль агульныя сумы збораў ня дужа ўражваюць, але адмыслоўцы ў гэтай галіне кажуць, што рынак краўдфандынгу мае дужа вялікі патэнцыял у будучыні. Тыя, хто працуе ў гэтай сфэры заўважаюць, што стаўленьне беларусаў да такой зьявы, як краўдфандынг моцна зьмянілася — ад скэпсысу і непрыманьня да зацікаўленасьці.

Ужо цяпер ёсьць выдатныя прыклады, якія дэманструюць, што на рэалізацыю свайго праекту можна сабраць неабходную суму. Прычым кампанія па зборы сродкаў можа мець імпульсіўны характар. Напрыклад, спартоўцу Віталю Гуркову, які праз свой удзел у гурце Brutto займеў праблемы зь міністэрствам спорту, талакою сабралі ўсяго за некалькі гадзін 62,2 млн на паездку і ўдзел у чэмпіянаце сьвету. Агулам жа, ужо цяпер пры прафэсійным падыходзе на рэалізацыю свайго праекту можна сабраць да 50 000 даляраў. Безумоўны лідэр у музычнай сфэры тут «Стары Ольса», які сабраў на альбом сярэднявечных кавэраў 29 890 даляраў, але зрабіў гэта на замежнай плятформе Kickstarter. У нас жа гаворка пойдзе пра плятформы беларускія.

«За год працы ў нас было запушчана 16 праектаў і адзін цяпер актыўны. Зь іх восем мелі посьпех, а восем не. Агульная сума, якая была сабраная па пасьпяховых музычных праектах склала 96,77 млн рублёў», — паінфармавала Tuzin.fm прадстаўніца плятформы Ulej.by Вольга Мжэльская.

Прома-ролік да краўдфандынгавай кампаніі «Разьбітага сэрца пацана» пад назвай «Адаб’ем гукарэжысэра»

Самы буйным праектам з тых, якія скончыліся, быў у блюзавага гурта The Road Dogs, які сабраў на здымкі свайго кліпу 23,9 млн руб. На другім месцы — «Разьбітае сэрца пацана», якія сабралі на запіс свайго новага альбома 22,4 млн руб. У The Road Dogs і РСП зафіксаваны самы буйны аднаразовы плацеж — у 10 млн. руб. Пасьпяхова скончыў сваю кампанію гурт Hurma, які сабраў усю суму, якая патрабавалася для іх новага кліпу — 10 млн руб. Гурт TonqiXod пры далейшай актыўнасьці слухачоў можа паставіць абсалютны рэкорд па зборах сярод музычных праектаў на гэтай плятформе — музыкі ўжо сабралі 16 млн руб. на запіс свайго альбома. Праект яшчэ дзейны 40 дзён, агулам ім патрэбная сума ў 50 млн.

«У нас было запушчана 5 музычных праектаў, пасьпяховых зь іх было тры. Пасьпяховым лічыцца той праект, які сабраў ня менш за 25%. Агулам сума, якую сабралі музычныя праекты — 81 млн рублёў», — паведаміў Tuzin.fm кіраўнік Talaka.by Яўген Клішэвіч. Самы пасьпяховы з праектаў фінішаваў акурат 28 красавіка — ім стаў «Іншы фармат. Альтэрнатыва папулярнай эстрадзе», які сабраў 58,1 млн руб. (заяўлялася 150 млн руб.). Максымальны аднаразовы ўнёсак склаў 6 млн руб. — акурат у гэты праект. Зь іншых праектаў варта вылучыць «Сьпеўны сход» сабралі 14,6 млн руб. ды кампанію па запісе дэбютнага альбому Ferris Wheel, у выніку якой удалося сабраць 7,8 млн руб.

Праект «Іншы фармат. Альтэрнатыва папулярнай эстрадзе» — лідэр сярод музычных праектаў на плятформе Talaka.by

Спрабуюць сабраць сродкі на рэалізацыю музычных праектаў таксама праз плятформу «МаеСэнс». Пакуль тут вартыя прыкладу два праекты, якія акурат цяпер дзейныя — «Мутнаевока» хоча сабраць на запіс свайго альбому 80 млн руб. і ўжо мае 30,4 млн. Вядзе сваю кампанію па зборы таксама гурт Nizkiz — у іх цяпер 10,5 млн зь неабходных 140 млн.

А вось Лявон Вольскі пайшоў іншым шляхам і вырашыў зрабіць кампанію на сваім афіцыйным сайце. «Лявон апошнім часам намагаецца быць незалежным ад лэйблаў, іншых пляцовак, ён мае свой шлях і свой погляд, таму мы вырашылі разам з Ганнай Вольскай распачаць самастойна збор грошай. Гэта такі экспэрымэнт і адначасова іспыт для ўсіх — ці здолеем мы сабраць даволі вялікую суму для чалавека, які паўплываў на сьветапогляд некалькіх пакаленьняў беларусаў», — тлумачыць дызайнэр Ігар Назаранка. У выпадку з Вольскім патрэбная на рэліз альбому сума не называецца, а кампанія будзе цягнуцца, пакуль ня будзе сабрана 100%. Усе лічбы будуць агучаныя па сканчэньні кампаніі.

Твар Лявона становіцца радасным, калі на яго сайце націснуць кнопку «падтрымаць»

«Пакуль што заўчасна казаць пра правал ці посьпех краўдфандынгу. Тыя, хто яго спрабуе па сутнасьці першапраходцы і адпаведна яны хутчэй ствараюць прэцэдэнты для іншых праектаў. На прыкладзе пасьпяховых і непасьпяховых кампаніяў цяпер можна павучыцца ўсім наступным краўдфандэрам. Хоць і зарана казаць пра моцную тэндэнцыю, але кожная наступная кампанія атрымліваецца мацнейшай як у працэнтах, так і ў абсалютнай суме», — робіць выснову кіраўнік Talaka.by Яўген Клішэвіч.

«Краўдфандынг — гэта зусім новы тып дачыненьняў між вытворцам і спажыўцом, гэта цэлая філязофія, якая ўпэўнена заваёвае сьвет. Штомесяц зьяўляецца дзясяткі пляцовак па ўсім сьвеце, а агульныя аб’ёмы фінансаваньня перавысілі ўжо 35 мільярдаў даляраў. І Беларусь стала часткаю гэтага працэсу, беларусы паступова ўцягваюцца ў яго. Пакуль што краўдфандынг — гэта толькі цацка ў руках грамадзтва, але цацка, якая мае ўсе шанцы стаць камэрцыйна пасьпяховай мадэльлю вытворчасьці і пераразьмеркаваньня фінансавых рэсурсаў», — сказаў дырэктар па разьвіцьці Ulej.by Эдуард Бабарыка.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm, загалоўны малюнак generation.by