Лявон Вольскі на ўручэньні Freemuse Award (фота, відэа)
5271 / 0
09.05.2016

Лявон Вольскі на ўручэньні Freemuse Award (фота, відэа)

Беларускі музыка прысьвяціў атрыманую прэмію сваёй жонцы Ганьне Вольскай, заявіў са сцэны ў Стакгольме пра праблемы са свабодай слова ў нашай краіне і выканаў песьню «Чужы» разам з эгіпецкім музыкам Рэмі Эсамам.

У Стакгольме якраз у гэтыя дні праходзіць «Эўравізія», прыяжджаюць артысты, журналісты і слухачы з розных куткоў сьвету. Таму па дамоўленасьці з арганізатарамі конкурсу, арганізацыя Freemuse уручыла сваю прэмію на адкрытай сцэне «Eurovision Village», каб зьвярнуць увагу на тое, што ёсьць краіны, дзе перасьледуюць музыкаў. Заснавальнік Freemuse Award Оле Рэйтоў зазначыў са сцэны, што сёлета перамог беларус Лявон Вольскі, творчасьць якога забаронена на ягонай Радзіме.

Вольскі ў сваёй прамове сказаў наступнае: «Я ўдзячны за ўвагу да маёй сьціплай пэрсоны, да маёй музычнай дзейнасьці, да майго змаганьня за дэмакратычныя каштоўнасьці ў нашай краіне. Я вельмі ўдзячны Оле Рэўтоў за тое, што ён езьдзіў на мае канцэрты па ўсёй Эўропе. І я хачу, каб вы зразумелі, што ў Беларусі ёсьць сур’ёзная праблема з свабодай слова. Прэмію прысьвячаю маёй жонцы Ганьне, якая нядаўна нас пакінула, яна была маім прадусарам і дапамагала ў праектах у самыя цяжкія часы. Дзякуй усім!»

Са сцэны «Eurovision Village» Вольскі выканаў песьню «Чужы» разам з Рэмі Эсамам, папярэднім уладальнікам Freemuse Awards. Творчасьць гэтага эгіпецкага сьпевака таксама забаронена ў яго роднай краіне. Рэмі развучыў разам зь Лявонам беларускамоўны сьпеў літаральна за дзень у гатэльным нумары.

Лявон Вольскі стаў першым беларусам, які атрымаў міжнародную прэмію Freemuse Award, якая ўручаецца за «выдатную працу на карысьць свабоды музычнага выказваньня». Першым узнагароду атрымаў у 2008 годзе рэгі-сьпявак з Кот-д’Івуару Тыкен Джа Факолі, якога фактычна выслалі з роднай краіны і пагражалі расправаю за песьні з крытыкаю ўладаў. Freemuse Award таксама атрымлівалі Рамі Эсам — музыка з Эгіпту, якога назвалі «сьпеваком рэвалюцыі», падчас падзеяў у Каіры ў 2011 годзе яго жорстка зьбілі пры разгоне акцыі; курдзкі музыка Фэрхат Тунч, якога за яго творчасьць прысудзілі да месячнага турэмнага зьняволеньня, а таксама Піт Сыгер, знакаміты амэрыканскі фольк-сьпявак ды грамадзкі актывіст.

Tuzin.fm, фота Iñaki Marconi