Новы фармат краўдфандынгу. Слухачы вызначаць фаварытаў конкурсу «Засьпявай»
3159 / 2
14.06.2016

Новы фармат краўдфандынгу. Слухачы вызначаць фаварытаў конкурсу «Засьпявай»

На сайце Talaka.by стартавала народнае галасаваньне за найлепшых удзельнікаў трэцяга конкурсу «Засьпявай».

У галасаваньні бяруць удзел па шэсьць фіналістаў у трох намінацыях конкурсу — «Сьпяваная паэзія», «Беларускі кавэр» і «Замежны пераклад». Усе іх песьні можна пачуць на старонцы праекту на Talaka.by. Каб аддаць свой голас за ўпадабаную кампазыцыю, трэба зрабіць грашовы ўнёсак. Па выніку галасаваньня пераможца ў кожнай намінацыі сарве банк — забярэ грошы на сваё далейшае творчае разьвіцьцё.

«Разам з праектам Talaka.by мы вырашылі зрабіць падвядзеньне вынікаў у такім фармаце, каб кожны, хто сочыць за конкурсам, ня проста мог выказаць свае сымпатыі, але рэальна падтрымаць таго артыста і песьню, якая прыйшлася даспадобы. І тым самым паўплываць на будучыню беларускай музыкі, бо з такой падтрымкі могуць зьявіцца новыя песьні, кліпы і музычныя праекты», — кажа кіраўнік конкурсу «Засьпявай 3.0» Сяргей Будкін.

У такі спосаб найлепшых выканаўцаў вызначаюць у Беларусі ўпершыню. Гэта кампанія пакліканая паказаць яшчэ большыя магчымасьці краўдфандынгу, патэнцыял якога ў нас пакуль не выкарыстоўваецца напоўніцу. «Разам з партнэрамі з Tuzin.fm, мы радыя прапанаваць беларусам новы фармат краўдфандынгу — „галасаваньне рублём“, — кажа заснавальнік Talaka.by Яўген Клішэвіч. — Гэта дае магчымасьць ня толькі адказна вызначаць пераможцаў у конкурсах новага тыпу, але і зьбіраць грошы на прызавы фонд. А для ўдзельнікаў такога тыпу галасаваньня — гэта шанец увайсьці ў народнае журы і наўпрост уплываць на разьвіцьцё новых кірункаў творчасьці».

Фіналістаў конкурсу «Засьпявай 3.0» падтрымала Паліна Рэспубліка, якая выступіла 10 чэрвеня на тэрасе Chill Out

Усіх фіналістаў конкурсу таксама можна паслухаць ужывую. Ва ўнутраным дворыку на плошчы Свабоды, 4 (тэраса кавярні «Chill Out») усё лета праходзяць канцэрты летняй сэрыі «Засьпявай 3.0» пры падтрымцы вядомых выканаўцаў. Найбліжэйшая імпрэза пройдзе 24 чэрвеня. Разам зь фіналістамі конкурсу гуртом SnopSnoǔ, Станіславам Чахоўскім і Яўгенам Барышнікавым на сцэну выйдзе з акустычным сэтам гурт Nizkiz.

Cтаронка кампаніі «Засьпявай 3.0» на Talaka.by

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Гердас / адказаць
    15.06.2016 / 12:38

    извините, но я правильно понял:
    1. Правила конкурса изменились?
    2. Выиграет участник с наиболее богатыми друзьями?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.06.2016 / 12:59

    Правілы конкурсу засталіся тыя ж - журы па выніках летніх канцэртаў назаве пераможцаў у кожнай намінацыі, якія падзеляць між сабою грошы з прызавога фонду, які складае 1500 эўра. Галасаваньне на Talaka.by зьяўляеццца дадатковай магчымасьцю для фіналістаў, гэта прыз глядацкіх сымпатыяў.

  • КАМЕНТАВАЦЬ