Экспэрт Tuzin.fm Аляксандар Памідораў: «Суцэльнае капіяваньне і самалюбаваньне»
2938 / 0
04.07.2016

Экспэрт Tuzin.fm Аляксандар Памідораў: «Суцэльнае капіяваньне і самалюбаваньне»

Выдатны музыка і журналіст паслухаў удзельнікаў апошніх у гэтым музычных сэзоне тураў галасаваньня і прыйшоў да несуцяшальнай высновы: карціна агулам нецікавая і вартая толькі іранічнае ўсьмешкі.

З тугою, сумам і паганым настроем пішу я гэтыя радкі, дарагая рэдакцыя. Тры разы хацеў быў бы адмовіцца ад камэнтаваньня, але пайшло ўжо так, дык нічога ня зробіш. Згадзіўся, ня зьняў кандыдатурку своечасова — ляпі. Ну во і ляплю. Надоўга, спадзяюся, увагу ад надзённых срачыкаў летніх не адцягну, шаноўнае спадарства.

Ці тое гэта ўлюбёная мая лічба трынаццатага туру гіт-параду так паўплывала? Ці то агульны стан сучаснай беларускай музыкі такі? Ці то так выканаўцы даносяць свае творы да народу, што менавіта гэтыя выканаўцы прадстаўленыя ў тузінаўскам гіт-парадзе? Адкуль мне, пажыўшаму працаўладкаванаму ведаць? Карціна агулам нецікавая зусім, вартая іранічнае ўсьмешкі. Суцэльнае капіяваньне, самалюбаваньне, прэтэнзіі, нізкая якасьць — ну нічога новага для беларускай музыкі. Хочаш рокавай, хочаш нярокавай. Калі я хачу паслухаць HIM, Genesis, Apoсaliptica, «Объект Насмешек» альбо «Алису» з «Агатой Кристи» і «Аукцыоном», дык навошта мне слухаць Rel1kt, TonqiXod, Maмa, Irdorath ды астатніх ў вольным парадку? Цьфуй, адныя й тыя ж пытаньні. Выбачайце, але вартая ўвагі толькі песьня Лявона Вольскага і АВВА-Аркестра «Зямля». Сука, 28 гадоў ня проста вартая ўвагі, а застаецца актуальнай гэтая песьня! Хто і чаму ўпадабаў недарэчнасьць на першай пазыцыі — нават ведаць не хачу. Лепш бы знаць, чаму вылецела бээнаўская «Хвалі» — можа, акурат таму, што «не па-беларуску» гучыць, а цалкам на фірмовым, амэрыканска-эўрапейскім узроўні?

У дзявятым туры гіт-параду відэа таксама сумненька. Адна агульная рыса ва ўсіх работах: у прадстаўленых кліпах нічога не адбываецца. Прыгожыя пляны, панарамы, забудова, неба, фільтры, дзеўкі-хлопцы… а нічога не адбываецца. Ніякіх гісторыяў, ніякага разьвіцьця падзеяў. Навошта здымаць жывых людзей? З такім посьпехам можна карыстацца адмысловым «рухавічком» з мабільнай прылады, і проста на фотках кліпы хоць па пяць на дзень фігачыць. Адно, што мульцік на калядную песьню Зьмітра Вайцюшкевіча прыгадаць можна, ды зьнічоўскі «Дунаю», як цалкам клясычны варыянт спалучэньня арыгінальных здымкаў і ваеннай хронікі. Казаць пра тыповыя памылкі апэратараў ды мантажораў-«рэжысэраў» — вой, такія ўсе крыўдлівыя, ну іх. Ізноў пытаньне: гэта беларускамоўнай музыцы так на кліпы не шанцуе? Ну добра ж здымаюць і «Кассиопея», і «Серебряная свадьба»Ай…

Пра альбомны чарт таксама няшмат што можна сказаць, ці адзначыць. З 12 альбомаў якасны гук толькі ў чатырох выпадках: Trubetskoy, Abba-Аркестр, Brutto і Re1ikt. Але акрамя гуку ёсьць і іншыя нейкія паказальнікі. Таму ў маім выпадку засталося 2 альбомы: «25» і «Magister Bibendi». А вы ўжо безь мяне вырашайце, чаму я паставіўся так, а не іначай.

Аляксандар Памідораў, для Tuzin.fm, фота Gotie Ripper

Экспэрт Tuzin.fm Аляксандар Памідораў (сапр. Аляксандар Крывашэеў) — музыкант, шоўмэн, журналіст. Нарадзіўся 21 сьнежня 1971 году ў Менску. Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці «рэжысура драмы», вучыўся тры курсы ў Інстытуце культуры па спэцыяльнасьці «кіраўнік самадзейнага тэатру». Свой першы гурт «Пьяные гости» стварыў у 1988 годзе. Браў удзел ва ўсіх значных беларускіх супольных праектах на мяжы стагодзьдзяў: «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут», «Сьвяты вечар», «Скрыпка дрыгвы» (ня выдадзены). У 2000 годзе стварыў уласны гурт Pomidor/OFF. Першы альбом «Сьвята пакрадзенае» атрымаў спэцпрыз ад газэты «Наша Ніва» на цырымоніі «Рок-Каранацыя-2002», другі альбом «Патас/Попс/Прапаганда» трапіў у тройку лепшых альбомаў 2011 году паводле вэрсіі сайту Experty.by, песьня «Дым» была прызнаная «Песьняй году» на «Рок-Каранацыі-2011», а гурт Памідорава атрымаў галоўную рок-карону як «Гурт году». Як журналіст супрацоўнічаў з радыёстанцыямі «Беларуская маладзёжная», «Радыё 101,2», «Радыё Рацыя», Радыё Свабода, «Эўрапейскім радыё» ды інш., тэлеканаламі БТ і СТВ. Працаваў ды-джэем на «Радыё Бі-Эй», «Альфа-радыё», быў музычным рэдактарам радыё «Мэлёдыі веку». Вядучы шэрагу буйных беларускіх рок-фэстываляў, у тым ліку «Басовішча», «Рок за Баброў», «Купальскае кола» ды іншых. Цяпер працуе на радыё «Спутник».