Re1ikt выступіць разам зь фіналістамі «Засьпявай 3.0»
3007 / 0
22.07.2016

Re1ikt выступіць разам зь фіналістамі «Засьпявай 3.0»

Гурт Re1ikt выступіць 5 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 разам зь фіналістамі конкурсу «Засьпявай 3.0» — Янам Жанчаком, Яўгенам Цярэнцьевым і гуртом Teleport ды гуртом U.G.Oslavia.

Гурт Re1ikt сабраў усе магчымыя ў Беларусі ўзнагароды ў апошнія гады. Cёлета іх праца «Лекавыя травы» была названая іншымі беларускімі музыкамі «Альбомам году» на прэміі Rock Profi, а сам гурт названы «Артыстам году». На ўзнагародах Experty.by гэты ж альбом быў прызнаны найлепшым рок-альбомам, а таксама альбомам году па дзьвюх вэрсіях — штатных экспэртаў і народных экспэртаў. А да гэтага гурт перамог у шэрагу беларускіх і польскіх фэстаў, а таксама атрымаў званьне «Герояў году» ад Tuzin.fm. 5 жніўня музыкі сыграюць акустычную праграму поўным складам, якая складаецца як з добра вядомых песень, так і нечаканых і рарытэтных трэкаў. Адмыслова да гэтага выступу Tuzin.fm склаў топ-12 найлепшых песень у выкананьні самай магічнай рок-каманды краіны. 

Увага! Re1ikt выступіць 5 жніўня зь Сяргеем Доўгушавым на вакале

У гэты вечар выступіць адзін з фаварытаў у намінацыі «Сьпяваная паэзія» Ян Жанчак. 32-гадовы выканаўца вядомы з удзелу ў такіх гуртах як «Песьняры» (п/к Барткевіча), In Search For, Яnkey. Сёлета ён дэбютаваў з сваім сольным праектам. На конкурс сьпявак падаў песьню «Ўспаміны», напісаную на верш бацькі, паэта Барыса Жанчака. Сярод фаварытаў конкурсу яе назвалі сябры журы Алег Хаменка і Яўген Карпаў. У выпадку перамогі, Ян хацеў бы ўкласьці грошы, атрыманыя ў якасьці прызу, у свой дэбютны сольны альбом.

5 жніўня выступіць з сэтам таксама адзін з прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі «Замежны пераклад» Яўген Цярэнцьеў з гуртом Teleport. Летась выканаўца ўжо ўдзельнічаў у конкурсе і быў адзначаны ў ліку ляўрэатаў у намінацыі «Беларускі кавэр» за інтэрпрэтацыю «песьняроўскага» шэдэўра «Зачараваная». Гэтым разам Яўген падаў заяву адразу ў дзьве намінацыі — у «Беларускі кавэр» песьню «Вераніка» (зусім крыху ёй не хапіла, каб трапіць у фінал), а ў «Замежны пераклад» — беларускамоўную вэрсію песьні расейскага гурта «Кипелов» — «Ноч у ліпні», дзякуючы якой і трапіў у другі раўнд конкурсу. Cярод найлепшых гэтую песьню назвалі Сяргей Пукст і Павал Бераговіч. У выпадку перамогі Яўген хацеў бы ўкласьці прызавыя грошы ў разьвіцьцё свайго гурта.

Трэцім зь фіналістаў «Засьпявай 3.0» у гэты вечар выступіць гурт, які прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Беларускі кавэр» — U.G.Oslavia, якія зрабілі сваю вэрсію знакавай песьні N.R.M.«Фабрыка». Сярод сябраў журы яна надзвычай захапіла Глеба Лабадзенку і Ганну Янкуту. Сваю творчасьць музыкі пазыцыянуюць як «рок-н-рол і бла-бла-бла», актыўна выступаюць, а летась былі намінаваныя на «Дэбют году» на прэміі Rock Profi. У выпадку перамогі ў конкурсе, музыкі мяркуюць зьняць кліп.

Весьці канцэрт «Засьпявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.

За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэньне найлепшага на меркаваньне народнага журы.

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ ОН-ЛАЙН

Далучыцца да падзеі: Facebook/Укантакце

5.08. Менск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19:00-22:00. Re1ikt + фіналісты «Засьпявай 3.0»: Ян Жанчак, Яўген Цярэнцьеў і Teleport, U.G.Oslavia. Кошт квіткоў: 10 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень, пры наяўнасьці). Інфа: +375 29 687-20-93.

Tuzin.fm