Названыя пераможцы «Засьпявай 3.0» (аўдыё)
3264 / 0
26.09.2016

Названыя пераможцы «Засьпявай 3.0» (аўдыё)

Гурты Pauline, Leibonik, а таксама трыё Дзьмітры Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў сталі пераможцамі конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0», які праводзяць партал Tuzin.fm i фонд «Вяртаньне». Выніковы канцэрт і ўзнагароджаньне пройдзе 22 кастрычніка ў клюбе «Coyote».

Конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай» сёлета праводзіўся ў трэці раз. У тры намінацыі конкурсу было пададзена 78 заяваў. Зь іх журы конкурсу адабрала 18 найлепшых песень, выканаўцы якіх узялі ўдзел у фінальных канцэртах. Выступы праходзілі цягам лета пры падтрымцы вядомых беларускіх музыкаў. Пасьля праслухоўваньня дэма-запісаў і прагляду жывых выступаў журы назвала пераможца ў кожнай з трох намінацыяў. Яны падзеляць між сабою прызавы фонд конкурсу, які складае 1500 эўра.

У намінацыі «Сьпяваная паэзіі» патрабавалася пакласьці на сваю музыку верш сучаснага беларускага паэта. Тут перамагла Pauline зь песьняю на верш Ірыны Багдановіч «Смутак гораду», якая ў студыйнай вэрсіі атрымала назву «Людзі, дзе вы?».

У намінацыі «Беларускі кавэр» разглядаліся новыя вэрсіі вядомых гітоў айчынных выканаўцаў. Найлепшым назвалі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю гіта гурта «Мроя» — «Я рок-музыкант». Іх вэрсія адметная яшчэ і тым, што Сяргей Башлыкевіч дапісаў уласны куплет да арыгінальнага тэксту Лявона Вольскага і Ўладзі Давыдоўскага.

У намінацыі «Замежны пераклад» неабходна было выканаць замежны гіт у перакладзе на беларускую мову. Тут не было роўных беларускай вэрсіі гіта Эраса Рамацоцьці «Più Che Puoi» ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананьні Дзьмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.

«Усе 18 удзельнікаў апошняга этапу конкурсу могуць лічыць сябе пераможцамі, бо менавіта іх песьні былі адабраныя з 78 пададзеных заяваў. Яны атрымалі цудоўную магчымасьць паказаць сябе ўжывую і займець новых прыхільнікаў на фінальных канцэртах, якія ішлі цэлае лета. І ў выніковым галасаваньні балы адрозьніваюцца зусім нязначна. Таму я віншую названых пераможцаў разам з тымі, хто прайшоў у фінал», — сказаў старшыня журы конкурсу «Засьпявай 3.0» Алег Хаменка.

Выніковы канцэрт «Засьпявай 3.0» пройдзе 22 кастрычніка ў клюбе «Coyote». На ім таксама будуць названыя пераможцы глядацкага галасаваньня, якое праводзілася на сайце Talaka.by. Акром сэтаў ад Pauline, Leibonik, Нікановіча-Сацюк-Найдзёнава ў гэты вечар чакаецца выступ гурта Navi — пераможцаў леташняга конкурсу «Засьпявай».

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ ОН-ЛАЙН

Далучайцеся да падзеі ў Facebook i УКантакце

22.10. Менск. Бар «Coyote» (праспэкт Незалежнасьці, 117а). 19:00—22:00. Канцэрт пераможцаў конкурсу «Засьпявай 3.0»: Pauline, Leibonik, Дзьмітры Нікановіч&Вольга Сацюк&Мікіта Найдзёнаў. Пры ўдзеле гурта Navi. Кошт квіткоў: 6 руб. (танцпляц), 10 руб. (столік) — папярэдне, 10 руб. (танцпляц), 15 руб. (столік) — у дзень. Інфа: +375 29 687-20-93.

Tuzin.fm