Akute: шчасьце быць першымі
3795 / 0
29.11.2013

Akute: шчасьце быць першымі

Гурт Аkute зь песьняй «Наскрозь» перамог у 2-м туры аўдыё-чарту, да ўсяго гэты твор стаў самай пампаванай песьняй лістапада на Tuzin.fm.

Навіна пра перамогу ў другім туры аўдыё-чарту засьпела гурт Аkute па дарозе на Салігорск. Тамака ў клюбе «Паутина» яны зьбіраюцца даць сольны канцэрт — першы ў гэтым горадзе. А напярэдадні магілёўская каманда ўжо другі раз выступіла ў Маскве. Як заўважаюць музыкі, людзей сабралося ня менш, чым мінулы раз, і гэты факт іх безумоўна радуе. Як і перамога ў «Тузіне Гітоў». 

«Клясна бачыць, што „Тузін“ адрадзіўся. І прыемна атрымліваць перамогу ў новым чарце. Заклікаю падтрымліваць усе гурты, якія знаходзяцца ў гіт-парадзе, бо калі яны ў яго абраныя, значыць ужо вартыя ўвагі», — кажа Раман Жыгараў. Песьня «Наскрозь» мае ўсе шанцы паўтарыць посьпех ранейшых гітоў гурта, якія ўдзельнічалі ў «Тузіне Гітоў». Самы першы сынгл каманды «Адзіноцтва» трапіў у лік найлепшых песень сэзону ў 2010, а «Сьвяці» ў «Залаты Тузін» па выніках 2011.

Нагадаем,  што «Наскрозь» увойдзе ў трэці поўнафарматны дыск каманды, пакуль безназоўны. Яго рэліз заплянаваны на вясну-2014. Матэрыял для яго ўжо запісаны і будзе зводзіцца ў Кіеве.

Tuzin.fm

Тэгi: