«Party-Zan фільм» працягнуў конкурс на найлепшы саўндтрэк (+фота)
2100 / 0
29.09.2016

«Party-Zan фільм» працягнуў конкурс на найлепшы саўндтрэк (+фота)

Пошукі новай беларускай музыкі для новай беларускай кінакамэдыі вырашана працягнуць да 10 кастрычніка.

Конкурс на саўндтрэк партал Tuzin.fm і творчая суполка Bez Buslou Arts абвесьцілі перад самым пачаткам здымак «Party-Zan фільму». Ужо прыйшло больш за 100 трэкаў, але стваральнікі стужкі ўсё яшчэ шукаюць тую самую мэлёдыю, якая стане лейтматывам фільму: «Мы хочам сапраўды круты саўндтрэк, які дадасьць нашаму фільму настрою і размалюе яго! Гэта камэдыя пра беларусаў для беларусаў будзе спаборнічаць у навагоднім пракаце з замежнымі стужкамі, і таму нам патрэбна адпаведная, новая, беларуская музыка», — заяўляе аўтар сцэнару, рэжысэр і прадусар стужкі Андрэй Курэйчык.

Дасланыя на конкурс песьні павінны быць запісаныя не пазьней, чым два гады таму, у альтэрнатыўных музычных жанрах на беларускай мове (рок, рэп, індзі, альтэрнатыва, электроніка). Песьні ў поп-стылістыцы не разглядаюцца.

Свае творы можна дасылаць у фармаце мр3 (з бітрэйтам 320 kbps) на электронную пошту конкурсу partyzan.music2016@gmail.com да 10 кастрычніка ўключна. Да ліста таксама неабходна прыкласьці кароткую інфармацыю пра выканаўцу, тэкст песьні з указаньнем аўтарства музыкі і словаў. Тыя выканаўцы, якія будуць адабраны рэдакцыяй Tuzin.fm і стваральнікамі фільму з творчага аб’яднаньня Bez Buslou Arts, змогуць стаць часткай каманды, пасупрацоўнічаць з аўтарамі праекту і пачуць свае творы ў самой стужцы.

Па сюжэце, два маладзёны — няўдалы бізнэсовец і праграміст, якія засталіся бяз працы, бяруцца ажыцьцявіць сваю «беларускую мару» — зарабіць шмат грошай. Яны прадстаўляюцца беларускімі кінапрадусарамі і дамаўляюцца на здымкі некалькіх ваенных сцэнаў для расейскага фільму, але сутыкаюцца з шэрагам праблемаў — ім пагражае сутыкненьне са злодзеямі і турма за махлярства…

Здымкі фільму нядаўна з посьпехам былі завершаны, засталося толькі змантаваць і агучыць, і ў хуткім часе будзе гатовы першы тызэр. Аўтары стужкі зьбіраюцца зладзіць цэлую сэрыю мерапрыемстваў у падтрымку хуліганскай беларускай камэдыі. Рэліз фільму плянуецца напярэдадні Новага году ў сетцы кінатэатраў «Silver Screen».

Tuzin.fm, фота са здымак фільму Паліны Маскалёвай