Teleport на шоўкейсы. Як скарыць замежжа (відэа)
3448 / 1
17.10.2016

Teleport на шоўкейсы. Як скарыць замежжа (відэа)

Лідэр гурта Teleport Яўген Цярэнцьеў распавёў пра досьвед удзелу ў вядучых эўрапейскіх шоўкейс-фэстывалях у Таліне, Вільні і Гамбургу, а таксама пра зьмены ў гурце.

Гурт Teleport тры гады не паказваўся на людзі. Музыкі сядзілі на кропцы, выдумлялі музыку, перапайвалі схемы ў гітарных дэвайсах і карысталі рарытэтную апаратуру для таго, каб знайсьці свой гук. Плён гэтых пошукаў выявіўся ў іх дэбютніку «Maukliva». Дыск выйшаў летась і пра яго было сказана нямала станоўчага з боку абазнаных у сучаснай музыцы асобаў, прычым ня толькі зь Беларусі. Яны намінаваліся на «Найлепшы дэбютны альбом» на ўзнагародах Experty.by, на «Дэбют году» на прэміі «Героі году» і Rock Profi 2016 і cталі пераможцамі прэміі «Даём рады». Пахваліў працу нават Максім Жбанкоў: «Такі альбом маглі запісаць „Песьняры“ ў 1969-м. Ёсьць спакуса запісаць гэты дэбют у шэраг чарговых рэаніматараў поп-архіву, але яна цалкам перакрываецца бясспрэчнай абаяльнасьцю матэрыялу і шчырасьцю артыстаў». У шэрагу найлепшых беларускіх альбомаў году гэты дыск назвалі экспэрты зь Літвы, Польшчы і Латвіі, а галоўрэд Zvuki.ru Дзьмітрый Куркін дык наогул паставіў яго на першае месца сярод усіх беларускіх альбомаў году.

Сёлета Teleport зрабіў яшчэ адзін крок наперад. Ён стаў адзіным беларускамоўным гуртом, які быў абраны адразу на тры эўрапейскія шоўкейс-фэстывалі. Пра свае ўражаньні ад пачутага і ўбачанага ў Таліне, Вільні, Гамбургу распавёў лідэр гурта Яўген Цярэнцьеў.

Талін. Нахабнасьць перадусім

Шоўкейс-фэстываль у сталіцы Эстоніі праходзіць у тры дні на трох дзясятках пляцовак. Якраз сёлета тут быў пастаўлены рэкорд: у ім удзельнічала 250 артыстаў з 33 краін ды 600 музычных адмыслоўцаў, канцэрты наведалі каля 35 тысячаў гледачоў. Заяваў жа ад музыкаў было пададзена каля 1300. Сярод адабраных удзельнікаў быў і Teleport.  Яўген раіць музыкам быць настойлівымі і нахабнымі. Яго гурт узялі толькі з трэцяга разу. 

«Калі мы заяўляліся першы раз, то нават ня мелі прыстойна, ды і непрыстойна таксама, запісаных песень. Фота было толькі адно, а публікацыі і згадкі пра нас у мэдыях адсутнічалі наогул. У наступным годзе мы мелі ўжо цэлы альбом, але яшчэ недароблены і недазьведзены. Таму нас зноў чакала адмова. А ў трэці раз мы маглі паказаць альбом, прэс-рэліз, публікацыі пра нас, фота і канцэртныя відэа. І здарыўся цуд!»

Музыкі ня надта добра ўяўлялі спэцыфіку мерапрыемства. Гэта цяпер Яўген можа распавесьці як трэба паводзіць сябе ў межах такога маштабнага руху, каб зьвярнуць на сябе ўвагу дэлегатаў фэсту — кіраўнікоў лэйблаў, прадусараў і прамоўтэраў. Па-першае, усьведамляць, што на такога пляну фэстывалі артыст едзе ў першую чаргу не людзей забаўляць, а паказаць сябе. Па-другое, адмовіцца ад думкі хоць нешта зарабіць — аніякага ганарару такія мерапрыемствы не прадугледжваюць, а максымум на што могуць разьлічваць музыкі — жытло ў дзень выступу. Па-трэцяе, удзельнік сам клапоціцца, каб на ягоны выступ прыйшло як мага болей людзей. Для гэтага на сайце фэстывалю ёсьць сьпiс дэлегатаў, i лiтаральна кожнага трэба запрасiць, распавесьці чаму менавіта гэты выступ яму абавязкова трэба ўбачыць. Някепска таксама папрацаваць у тэматычных суполках у сацыяльных сетках, каб завабіць слухачоў, якія цікавяцца новай музыкай.

Але Teleport не зрабіў у Таліне ніякіх захадаў, бо яшчэ нічога пра гэта ня ведаў. «Па выніку мелі амаль пустую залю з 15 мясцовымi гледачамi, якiя апатычна пацягвалi піўко і не выказвалi цікавасьці да таго, што адбываецца. I гэта быў досьвед! Вучыцеся на чужых памылках!» — кажа Яўген.

Вільня. Мова вабіць

У літоўскую сталіцу Teleport паехаў, бо трапіў у лік удзельнікаў яшчэ аднаго аўтарытэтнага шоўкейс-фэсту «Whats Next in Music — пераемніка «Vilnius Music Week». Гэтае мерапрыемства музыкі асабліва вылучаюць у пляне арганізацыі. Яны зь цеплынёй прыгадваюць сваіх куратараў Карнэлію і Ёзаса, якія сустрэлі на вакзале, засялілі ў хостэл, адвозілі і прывозілі на саўндчэк.

У Вільні Teleport меў два выступы. Першы на Vasaros Terasa, гэта атмасфэрнае месца ў дворыку ў самым цэнтры старога гораду, а другi непасрэдна на самiм «Whats Next in Music», якi адбываўся ў межах Loftas fest. Фэст праводзіцца ў прамысловым комплексе з адпаведнай тэхнагеннай стылiстыкай. Гурт Цярэнцьева выступаў на сцэне, якая ўяўляла фургон без адной сьценкi.

У параўнаньні з Талінам, тут беларусам атмасфэра прыйшлася больш даспадобы, за кошт таго, што ўся публіка канцэнтруецца ў адным месцы, а ў эстонскай сталіцы імпрэзы раскіданыя па ўсім горадзе. Разам з Teleport у «Whats Next in Music?» узялі ўдзел таксама музыкі зь Беларусі — Take the Cookies, Alexei de Bronhe і праект Triangle.

У Вільні Teleport таксама ўзяў удзел у канфэрэнцыі, у межах якой прафэсіяналы музычнай індустрыі з Амэрыкі і Эўропы слухалі творы ўдзельнікаў шоўкейсу. Сярод іншага паўстала моўнае пытаньне.

«Ёсьць меркаваньне, што дасягнуць посьпеху за мяжой можна толькi сьпяваючы па-ангельску. Вiдаць, гэтага прынцыпу прытрымлiвалiся i лiтоўскiя музыкi. Пачалi слухаць песьнi. На першы погляд гучыць прыстойная ангельская мова, вымаўленьне i выкананьне вельмi i вельмi моцнае. Але большасьць камэнтароў з боку журы было кшталту: „а на якой гэта мове? на ангельскай? дзіва, гэта мая родная мова, але нічога не зразумеў, ня слухаў бы яшчэ раз“. Нашая песьня „Лета“ выклiкала зусiм iншыя водгукi. Адмыслоўцы ўдакладнілі, што гэта за мова і зазначылі, што па-беларуску няма шанцаў нічога зразумець, але ёсьць адчуваньне, што пяецца нешта асэнсаванае, пра нешта важнае і нягледзячы на ня вельмі якасны запіс ёсьць жаданьне паслухаць яшчэ раз», — распавядае Яўген.

Гамбург. Праца над памылкамі

Такая ж рэакцыя на беларускую мову была і ў Гамбургу на фэстывалі Reeperbahn, прычым як з боку прафэсiяналаў, так i з боку простых слухачоў, водгук якiх атрымалася зьняць на вiдэа.

Reeperbahn — гэта вулiца у Гамбургу, дзе цягам 1960—1962 гадоў выступалi The Beatles. Яна дала назву найбуйнейшаму ў Нямеччыне шоўкейс-фэстывалю. «Сама вулiца Рыпэрбан уражвае. Асаблiва нас, беларусаў, звычных да парадачку i чысьціні. Першая вылазка на начны Рыпэрбан выклiкае захоплены паток прыслоўяў i клiчнiкаў, прычым не заўсёды цэнзурных. Так ужо тут свабодна, прыгожа, зiхотка, адкрыта ды непрыхавана, вольна i нахабна!» — дзеліцца ўражаньнямі Яўген. Праводзіцца Reeperbahn Festival ажно 5 дзён на 100 розных пляцоўках. Сёлета ў ім дзякуючы Iнстытуту Гётэ ў Менску i эўрапейскай праграме MOST упершыню брала ўдзел дэлегацыя зь Беларусі, якая падрыхтавала асобны канцэрт у кавярні «Sommersalon». На сцэну акром Teleport выйшлі Super Besse, Mustelide, Deech і Alexei De Bronhe.

Гэтым разам музыкі падыйшлі да свайго прома як мае быць: разаслалі запрашэньні, раздрукавалі візытоўкі, прадстаўнікі дэлегацыі перад уваходам у клюб запрашалі мінакоў. Таму і атмасфэра вечару была вясёлая і пазытыўная. Пасьля канцэрту музыкі працягнулі вечар сьпевамі на вуліцы.

«Для нас гэта быў досьвед, выпрабаваньне на трываласьць, выступ на ўзроўнi, так бы мовiць. Iмгненнай карысьцi мы не атрымалi, але ў пэрспэктыве, я ўпэўнены, гэта дасьць нам свае бонусы. Мы змаглi паглядзець на сябе з боку, адчулi свае слабыя i моцныя бакi, акрэсьлiлi мэты. Вiдавочна, нават на сярэднеэўрапейскiм узроўнi мы даволi такi моцны гурт, але ёсьць пэўныя хiбы, над якiмi цяпер i iдзе праца», — падсумоўвае вынікі паездкі Яўген.

Менск. Падцягнуць публіку да сябе

Цяпер Teleport выступае ў абноўленым складзе — сышоў сузаснавальнік гурта Максім Мацэвіч. Музыкі кажуць, што не сышліся характарамі. І хоць напружанасьць зьнікла, цяпер даводзіцца цяжкавата — не стае другога вакалу. Цяпер гурт рыхтуе EP з 4 зусім новымі песьнямі і хочуць зьняць прыстойнае відэа. Таму Teleport рады будзе прыняць на гэтую вакансію новага чалавека. Адносна запатрабаванасьці сваёй музыкі і будучыні гурта Яўген Цярэнцьеў кажа наступнае:

«Мы яшчэ самi не змаглi наблiзiцца да таго, як мы самi ўяўляем сваю музыку. Я думаю гэта справа аднаго-двух наступных альбомаў. Як сказаў Уладзiмер Мулявiн, музыканты ня могуць апускацца да ўзроўню публiкi, яны павiнны публiку падцягнуць на свой узровень. Teleport дакладна ня будзе прытрымлiвацца сёньняшнiх трэндаў, старацца быць „модным, стыльным, маладзёжным“, а цi хопiць нам таленту i ўдачы ў нашай справе, пакуль не бяруся сказаць».

Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm, для Budzma.by

КАМЕНТАРЫ: