Героі году-2016. Шорт-ліст галоўнай намінацыі (+аўдыё)
3103 / 1
23.11.2016

Героі году-2016. Шорт-ліст галоўнай намінацыі (+аўдыё)

Васьмёра выканаўцаў прэтэндуюць на перамогу ў намінацыі «Героі году» на штогадовай музычнай прэміі парталу Tuzin.fm. Пераможца будзе названы 12 сьнежня на канцэрце ў клюбе «Грай».

Традыцыйна пры канцы году Tuzin.fm абвяшчае шорт-лісты ў дзьвюх намінацыях — «Адкрыцьцё году» і «Героі году», якую атрымлівае найлепшы гурт (выканаўца) году на меркаваньне рэдакцыі парталу. Пры вызначэньні намінантаў улічваецца шэраг складнікаў, сярод якіх да ўвагі найперш бярэцца творчая і мэдыйная актыўнасьць: рэлізы, гастролі, сольныя канцэрты, удзел у фэстах, актыўнасьць у сацсетках, посьпех у чартах. Ну, і вядома, арыгінальнасьць і актуальнасьць. Намінавацца на «Герояў» у адрозьненьне ад «Адкрыцьця» можна бясконца. Наяўнасьць беларускай мовы ў песьнях зьяўляецца пажаданым, але не вызначальным крытэрам.

Сёлета ў намінацыю трапіла восем прэтэндэнтаў.

Irdorath

Менавіта гэты фэнтэзі-фольк гурт перамог адразу ў двух чартах Tuzin.fm па выніках сэзону 2015/2016 — песенным і альбомным адпаведна з кампазыцыяй на словы Ўладзімера Караткевіча «Быў. Ёсьць. Буду» і альбомам на чатырох мовах «Dreamcatcher», які выйшаў у 2015 годзе ў Беларусі, а сёлета быў выдадзены ў Нямеччыне. Сёлета музыкі таксама прэзэнтавалі сынгл і кліп на сваю новую песьню «Adde Duas», напісаную на тэкст зь сярэднявечнага зборніку «Carmina Burana». Гэты твор трапіў у музычную складанку «Mittelalter Special XIII», якая выйшла як дадатак да найбуйнейшага готык-часопіса »Sonic Seducer». Гурт пасьпяхова канцэртаваў як у Беларусі, так і за мяжой — у той жа Нямеччыне і ў Расеі, дзе сярод іншага сыгралі на фэсьце «Дикая мята» паміж гуртом Iowa і Фёдарам Чысьцяковым.

Brutto

Сёлета музыкі працягнулі няспынную гастрольную дзейнасьць. Сёлета беларуска-ўкраінская каманда папоўнілася духавой сэкцыяй і на шэрагу канцэртаў выступіла пад дзіўнаватаю назваю «Brutto&Lyapis». Акром бясконцых канцэртаў ва Ўкраіне, дзе жыве частка каманды, быў шэраг канцэртаў у Польшчы, якую яны актыўна засвойваюць разам з гуртом Dzieciuki. Таксама іх праграму «Родны край» пачулі ў ЗША і Канадзе: у Бостане, Нью-Ёрку, Чыкага, Таронта, Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Сіетле і Ванкувэры (цікавы рэпартаж Тацяны Заміроўскай з аднаго з канцэртаў). Але пэўна галоўны канцэрт гурта ў 2016-м прайшоў у Гомелі, пасьля гэтага Міхалку дазволілі выступіць і ў Менску зь іншым праектам. Сярод навінак ад гурта ў гэтым годзе вылучаецца ўкраінскамоўны самотнік і кліп на яго «Середні віки» на словы Сяргея Жадана.

«Стары Ольса»

Забавы гурта з граньнем рок-гітоў на старажытных інструмэнтаў далі ім сёлета цалкам асязальны плён. На іх альбом «Medieval Classic Rock» было сабрана пад 30 000 даляраў, выдаць яго ўзялася амэрыканская кампанія, а ў яго падтрымку гурт выправіўся ў вялікі тур па ЗША. У яго межах «ольсы» далі 58 (!) канцэртаў у 21 штаце. Прычым стаўка была зроблена не на кавэры, а на беларускія народныя балады ды ваярскія песьні. Сёлета гурт прэзэнтаваў лайв-альбом «Кола рыцэрска» з шэрагам новых песень, сярод якіх вылучаецца «Пахвала князю Вітаўту». І рыхтуецца запісаць студыйны альбом застольных песень часоў ВКЛ.

Re1ikt

Альбом «Лекавыя травы», выдадзены летась, працягваў працаваць на гурт сёлета. Пасьля таго, як ён быў прызнаны найлепшым альбомам году на прэміі «Даём рады» і найлепшым рок-альбомам на ўзнагародах Experty.by, ён атрымаў прызнаньне і ад калег-музыкаў ды замежных журналістаў: сёлета на Rock-Profi Re1ikt перамаглі ў намінацыях «Артыст году» і «Альбом году», яго пахваліў галоўрэд Zvuki.ru Дзьмітры Куркін, заснавальнік Faith No More Білі Гулд, а амэрыканскі тэлевядоўца і музыка Мэт О’Донэл наогул назваў альбом беларусаў найлепшым у сусьветнай мэтал-музыцы. На Новы год музыкі паэкспэрымэнтавалі з Паўлам Аракелянам, запісалі гімн ФК «Крумкачы», зрабілі рок-варыянт фольк-гімну «Вылэтай, пэрэпылко», а ўвосень выдалі альбом «Kufar», грошы на выданьне якога сабралі ўсяго за 7 дзён.

 Сяргей Доўгушаў i Vuraj

Надзвычай актыўную дзейнасьць разгарнуў сёлета, як фольк-рок гурт, так і асобна ягоны лідэр, вядомы таксама як вядоўца «Сьпеўных курсаў», а яшчэ як музычны мэнэджар. На рахунку Доўгушава-арганізатара два сур’ёзныя праекты — «Песьні і найгрышы вясельля вёскі Лявонпаль і яе навакольляў» і «Песьні матчыны з Вушаччыны». Разам з Vuraj музыка няспынна экспэрымэнтаваў — на Новы год быў прэзэнтаваны дуэт з CherryVata, увесну — супольны рок-гіт з Re1ikt, а на адным з канцэртаў Доўгушаў наогул выступіў вакалістам «рэліктаў». З рэлізаў гурту — пры канцы 2015-га яны выдалі міні-альбом «Шэсьць загадок», на самым пачатку году — сынгл «Сьвяты вечар» з заклікам не падзяляць народныя песьні на паганскія і хрысьціянскія. А ўвосень выйшаў сынгл «Ой, лятала» — музыкі апрацавалі і запісалі ўлюбёную песьню Рыгора Барадуліна.

Лявон Вольскі

Выканаўца, які летась разам з «Крамбамбуляй» атрымаў статус «Героя году», мае ўсе шанцы ўзнагароду захаваць. Сёлета Лявон засяродзіўся на сольнай творчасьці. У выніку чаго выйшаў двайны альбом «Псыхасаматыка». Сёлета беларускі музыка быў уганараваны ў Стакгольме прэміяй Freemuse Awards. І прэмію, і новы альбом выканаўца прысьвяціў жонцы Ганьне, якая сёлета пайшла ў іншы сьвет на 41-м годзе жыцьця. Музыка працягвае знаходзіцца ў «чорным сьпісе» — было адмоўлена нават у правядзеньні канцэрту памяці Ганны. Але Вольскі граў у родным Менску ды іншых беларускіх гарадах сёлета як ніколі — на падпольных канцэртах. Нельга таксама прамінуць праект «Народны альбом», у якім Вольскі — аўтар музыкі і асноўны саліст. Цаною гераічных высілкаў у вельмі сьціслыя тэрміны была падрыхтаваная новая вэрсія праекту, дзе Лявон паказвае цуды пераўвасабленьня (яе тэлевэрсія будзе паказана на тэлеканале «Белсат» на Новы год).

Shuma

Падобна гурту Re1ikt, Shuma сёлета зьбірала дывідэнды зь леташняга альбому ды паралельна выдала пасьпяховы рэліз у працяг. На прэміі Experty.by дыск «Жніво» атрымаў перамогу ажно ў пяці намінацыях — найлепшы фольк-альбом, найлепшы беларускамоўны альбом, найлепшы альбом па вэрсіі замежных экспэртаў і па вэрсіі вялікага журы, а таксама альбом году. Новая кружэлка «Сонца» ў гэты момант ужо была гатовая. Гурт таксама зьняў цудоўнае музычанае відэа на песьню «Рано рано» і даў шыкоўны канцэрт у ангары «Хулігана». Акром таго, праект Русі (разам з Vuraj і Re1ikt) стаў героям новага фільму Арцёма Лобача «Беларускія песьні: традыцыі і сучаснасьць».

Dzieciuki

Уладальнікі прэміі «Героі году» за 2014 год, маюць шанцы атрымаць яе ізноў. Сёлета гарадзенскі панк-рок гурт запісаў другі студыйны альбом «Рэха», які на «тузіноўскім» канале soundcloud адразу і надоўга трапіў у топ самых запатрабаваных. Музыкі паўдзельнічалі ў міжнародным трыб’юце The Pogues, заснавалі з польскім гуртом Hańba сумесны праект Hańbiuki і актыўна выступалі з канцэртамі ў Польшчы. Як прызнаньне злабадзённасьці іх творчасьці — трапляньне ў «чорныя сьпісы». Пасьля сэту ў лютым 2016-м на прэміі «Даём рады», якую наведалі чыноўнікі зь Менгарвыканкаму, Dzieciuki на Радзіме больш легальна не выступалі. Агулам арганізатарам адмаўлялі ў правядзеньні іх канцэрту ў Менску шэсьць разоў на абсалютна незразумелых падставах. Будзем разьбірацца з гэтай сытуацыяй з дапамогай праваабаронцаў і юрыстаў.

ЯШЧЭ: ГЕРОІ ГОДУ-2016. ШОРТ-ЛІСТ У НАМІНАЦЫІ «АДКРЫЦЬЦЁ»

Сьпіс намінантаў складзены рэдакцыйнаю радаю парталу Tuzin.fm у складзе: Сяргей Будкін, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак, Яўген Шапчыц, Вецер Мэханічны, RWD, Алег Хаменка, Віктар Сямашка, Мікалай Тамашэвіч.

Нагадаем мінулых пераможцаў у намінацыі «Героі году». У 2004—2005, 2007—2011 гадах ім лічыўся той, хто перамог ў галасаваньні за «Найлепшую песьню». Гэты былі: «Крамбамбуля» (песьня «Люблю», 2004), Zet (песьня «Белакрылы анёл», 2005), рок-паэт Міхал Анемпадыстаў (аўтар песьні «Сьвяло ў цемры» IQ48 і беларускай вэрсіі «Аўтабіяграфіі» ў выкананьні Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча, 2006), N.R.M. (песьня «Менск і Мінск», 2007), «Глюкі» (песьня «АntiEMO», 2008), «Ляпіс Трубяцкі» (песьня «Зорачкі», 2009), «Глюкі» («Краіна 2.0», разам з Mauzer і Green Che, 2010), «Ляпіс Трубяцкі» (песьня «Грай», 2011). Першымі статус менавіта «Герояў году» атрымаў гурт Akute (2012), у 2013-м прэмію заслужыў гурт Re1ikt, у 2014 годзе — Dzieciuki, у 2015-м — «Крамбамбуля».

Сёлетні пераможца будзе названы на канцэрце «Героі году», які адбудзецца 12 сьнежня ў клюбе «Грай». На ім выступяць некаторыя з намінантаў прэміі.

НАБЫЦЬ SMS-КВІТОК

НАБЫЦЬ КВІТОК НА BEZKASIRA.BY

ДАЛУЧЫЦЦА ДА ПАДЗЕІ ЎКАНТАКЦЕ/FACEBOOK

12.12.2016. 19:00. Кафэ-клюб «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33). Прэмія «Героі году-2016». Пры ўдзеле Intelligency, SnopSnou, Vuraj. Уваход —  12 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень). Даведкі па тэл. +375 29 687-20-93.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.11.2016 / 16:14

    Рабіце свае прагнозы! Каго лічыце героем у беларускай музыцы за 2016?

  • КАМЕНТАВАЦЬ