Экспэрты вырашылі: «Петля пристрастия» (+аўдыё пераможцаў)
1812 / 0
22.03.2017

Экспэрты вырашылі: «Петля пристрастия» (+аўдыё пераможцаў)

Альбом «Мода и облака» гурту «Петля пристрастия» стаў пераможцам штогадовых узнагародаў, які ўручае праект Experty.by.

Праца гурту «Петля пристрастия» атрымала перамогу ў трох намінацыях — «Найлепшы рок-альбом», «Прыз штатных экспэртаў» і «Прыз вялікага журы», а таксама ў галоўнай намінацыі разам з прызам ад праекту Maksivision«Альбом году». Ільля Чарапко на ўручэньні зазначыў, што «гэта зусім ужо непрыстойна» мець столькі ўзнагародаў, але пераможцы радасьці не хавалі. «Сапраўды мы ўклалі ў гэты альбом усіх сябе, таму радуемся, калі ён падабаецца людзям», — зазначае басіст каманды Цімафей Савіцкі. 7 красавіка ўжо ў якасьці аўтараў найлепшага беларускага альбому году «Петля пристрастия» дае сольны канцэрт у клюбе Re:Public.

Яшчэ аднымі героямі ўзнагародаў ад Experty.by стаў гурт Shuma. Іх «Сонца» прызнанае найлепшым фольк-альбомам году, найлепшым у кірунку «індзі-поп/электроніка», а таксама «Альбомам году» на меркаваньне замежных экспэртаў з суседніх краінаў. Сёлета ў замежным журы былі: Гэнрыкс Эліяс Зэгнэрс (Delfi.lv, Tvnet.lv, Satori.lv; Латвія), Валдас Лапета (Ghost Note, Літва), Міхал Вячорэк (Gazeta Magnetofonowa, Польшча), Міла Краўчук (Karabas.Live, Украіна) і Андрэй Бухарын (Rolling Stone, Расея).

Найлепшым дэбютным альбомам стала праца «It Is Not the Night That Covers You» трыё зь Менску Nebulae Come Sweet. Tuzin.fm назваў летась гэтую працу безумоўным дасягненьнем у мэтал-музыцы. Музыкі адкрылі цырымонію жывым сэтам.

Адзін з галоўных фаварытаў узнагародаў — Лявон Вольскі з альбомам «Псыхасаматыка» атрымаў перамогу ў намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом». Наогул жа сёлета была вельмі вялікая канкурэнцыя, асабліва сярод рэлізаў на роднай мове. Так, напрыклад, у лік намінантаў ня трапілі альбомы Akute, Re1ikt, Зьмітра Вайцюшкевіча і «Старога Ольсы».

Сёлета адрадзілася намінацыя «Найлепшы поп-альбом», дзе ўжо тры гады як не ўручаецца прыз празь нізкую якасьць матэрыялу. Сёлета на яго прэтэндавалі толькі дзьве працы — «Импорт» ад Iowa і «Малый повзраслел. Ч.1» ад Макса Каржа. Па выніку перамагла Iowa. Іх альбом шукайце на расейскіх музычных рэсурсах.

Неўзабаве на сайце Experty.by будуць апублікаваныя асабістыя топ-10 кожнага з 20 музычных журналістаў Беларусі і замежжа, якія ўдзельнічалі ў выбары найлепшых.

Tuzin.fm, фота Яўгена Ярчака