Itʼs happening again: трыюмф «Петли пристастия» на Rock Profi
1584 / 0
28.05.2017

Itʼs happening again: трыюмф «Петли пристастия» на Rock Profi

Пакуль увесь сьвет абмяркоўвае новы сэзон Twin Peaks, у Менску раздаюць узнагароды Rock Profi па выніках мінулага году.

У журы пятай прафэсійнай прэміі Rock Profi 2017 увайшло больш за 50 беларускіх выканаўцаў і гуртоў. Яны абіралі найлепшых сярод сваіх калег, якія выпусьцілі сынглы і альбомы ў 2016 годзе. І гэта адбылося зноў: «Петля пристастия» трыюмфавала. І калі на ўзнагародах Experty.by гурт узяў «Найлепшы рок-альбом» і «Альбом году», то на Rock Profi наогул перамог ва ўсіх дасяжных камандзе намінацыях. Іх альбом «Мода и облака» стаў «Найлепшым альбомам», абышоўшы «Псыхасаматыку» Лявона Вольскага, «Spi» Mustelide і «Sonca» Shuma. Песьню «Груз» экспэртная рада палічыла «Найлепшай песьняй 2016-га году», а сам гурт «Петля пристастия» — артыстам году. Ды што там, нават прыз за найлепшы запіс, які ўручаецца гукарэжысэрам, атрымаў Алег Даманчук за працу над «Мода и облака»!

Дэбютам году назвалі менскае мэтал-трыё Nebulae Come Sweet. А ганаровую ўзнагароду «За ўнёсак у беларускую музыку» атрымаў гурт Neuro Dubel, далучыўшыся ў залі славы да гуртоў «Ляпіс Трубяцкі», «Крама», N.R.M. і этна-трыё «Троіца».

Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла 26 траўня ў менскім клюбе ILI. Арганізатарамі традыцыйна выступілі Зьміцер Безкаравайны і Павал Юрцэвіч.

Tuzin.fm