Тэрмінова! Лявон Вольскі ўзначаліў ідэалягічную камісію (відэа)
3416 / 0
26.12.2018

Тэрмінова! Лявон Вольскі ўзначаліў ідэалягічную камісію (відэа)

Цяпер ад яго залежыць, ці змогуць выступіць публічна Dzieciuki, «Дай дарогу», Nizkiz, Palina ды іншыя беларускія выканаўцы.

Каманда тэлепраекту Belsat Music Live разам зь Лявонам Вольскім падрыхтавала шалёнае шоў на Новы год пад назваю «Нас у Маскве не зразумеюць». Паводле сюжэту, ідэалягічная камісія напярэдадні Новага году праслухоўвае рок-гурты: найлепшыя выканаўцы маюць паехаць на конкурс у Маскву. Але ў кожнай песьні знаходзяцца ідэйныя хібы. Раптам дзьверы ў залю замыкаюцца, і ідэолягі мусяць адзначаць сьвята разам з музыкамі. Ці зьменіць камісія сваё стаўленьне да артыстаў?

Найлепшыя айчынныя музыкі розных пакаленьняў і галоўныя гіты беларускага року 1980 — пачатку 2000-х прагучаць у новых інтэрпрэтацыях. У музычным фільме «Белсату» зьняліся Алег Хаменка, Юры Стыльскі, Віктар Шалкевіч, Аляксандар Ільін, Наста Шпакоўская, Алесь Лютыч, Валерыя Валадзько, Зьміцер Вайцюшкевіч, Натальля Куніцкая, Лэсьлі Найф, Паліна Рэспубліка, Сяргей Башлыкевіч, Дзяніс Тарасенка і Павал Гарадніцкі, Алесь Дзянісаў, Зьміцер Есяневіч, Юліяна Міхневіч і, канечне ж, Лявон Вольскі ў ролі старшыні ідэалягічнай камісіі.

Навагодняе тэлешоў «Нас у Маскве не зразумеюць» пачнецца ў 23:10 31 сьнежня на тэлеканале «Белсат» (можна глядзець он-лайн і праз спадарожнік).

Не прапусьціце таксама сьвяточнае выданьне Belsat Music Live 29 сьнежня 2018 году і першае выданьне #BML у Новым 2019 годзе 5 сьнежня з удзелам гурта Nizkiz. Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё з праграмаў, якія TuzinFM  робіць для тэлеканалу «Белсат» можна знайсьці ў афіцыйных суполках праграмы Укантакце/Facebook/Instagram.

TuzinFM