Топ-12 прэм’ераў восені-зімы 2018/2019. Rock/indie/rap
2065 / 0
06.02.2019

Топ-12 прэм’ераў восені-зімы 2018/2019. Rock/indie/rap

На TuzinFM агляд самых цікавых беларускамоўных прэм’ераў. Другую частку складаюць найбольш яскравыя трэкі ў стылях рок, індзі і рэп.

Used FriendlyBiaskoncaść

Новы самотнік менскага альтэрнатыўнага гурту паўстаў, са словаў саміх музыкаў, пад уплывам «сытуацыйнага натхненьня і творчага парыву». Першапачаткова трэк быў напісаны на ангельскай мове і быў вырашаны ў зусім іншым рэчышчы. Музыкі яго запісалі для будучага альбому, але ў сынглавай вэрсіі істотна перарабілі — бадзёрая рок-кампазыцыя набыла халодную мэлянхалічную афарбоўку, а тэкст загучаў па-беларуску. У падтрымку рэлізу было зьнятае музычнае відэа.

By Cry — Замова

Новы самотнік гурта Аляксандры Грахоўскай напісаны на словы народнага тэксту, які завецца «Замова супраць лiхога вока». Музыкі кажуць, што іх натхніла магічнасьць, моц і яскравыя вобразы. «Спадзяемся, што ў нас атрымалася знайсьці менавіта тую музычную формулу, якая дазваляе зіхацець старажытнаму Слову ўсёй сілай свайго чарадзейнага сэнсу, абараняючы нас ад усяго злога, помсьлівага й нячыстага», — зазначае Аляксандра. На зімовыя сьвяты музыкі прэзэнтавалі яшчэ адну новую песьню — «Танцы на Каляды».

Заточка — Банда

Ска-панк-кор каманда з Магілёва прэзэнтавала новы трэк «Банда». Яе аўтар, вялікі футбольны заўзятар Макс Астравухаў кажа, што песьня цалкам аўтабіяграфічная. «Усё ў песеньцы ўзятае з жыцьця. Хацелася ў ёй перадаць рамантыку ад выездаў за ўлюбёнай камандай, уражаньні ад вандровак па Эўропе. Пэўны, што кожны фанат можа прымераць на сябе гэты тэкст», — зазначыў Макс. «Заточка», між іншым, брала ўдзел у вялікім канцэрце ў Гданьску ў межах адкрыцьця чэмпіянату Эўропы-2012 па футболе.

Tear the Throat — Прысяга

Гурт Tear the Throat запісаў гард-кор трэк на словы Міхася Чарота. На той самы верш, які паэт надрапаў на сьцяне сваёй камэры перад расстрэлам 29 кастрычніка 1937 году. «Гэта адна з самых чорных начэй у нашай гісторыі. І ўсё, што нам цяпер застаецца — гэта памятаць», — заявілі музыкі з нагоды прэм’еры. Пра сам гурт ды ягоную ідэалёгію можна пачытаць у гэтым інтэрвію зь лідэрам Аляксеем Гарохавым.

Хведар Грувіч — Калі я буду паміраць

Сольны самотнік удзельніка гурта «Дрозды», а да нядаўняга часу гурта The Glitchhh, які зьявіўся пад уражаньнем ад праекту «(Не)расстраляныя», а ў прыватнасьці трэку Вінсэнта. «Большую частку жыцця я займаюся музыкаю, і вось узьнікла жаданьне зрабіць нешта ў гіп-гоп стылістыцы. Асабліва блізкі мне верш Юлія Таўбіна, у якім адчуваецца неверагодная прага да жыцьця, якое наперадзе, але робіцца жудасна, калі ты ведаеш, што ўсё для яго хутка скончыцца. На момант напісаньня гэтага верша Юлію быў 21 год, мне цяпер не нашмат болей і мне проста хочацца сказаць таксама, што маё жыцьцё не за, а перада мной», — сказаў музыка ў камэнтары TuzinFM.

Антось Звычайны feat. найтивыход мёртвые кветкi

У трохмільённай расейскай суполцы «Рифмы и панчи» ўпершыню загучала беларуская мова. Там быў прэзэнтаваны трэк «Мёртвыя кветкі» — супольная праца беларускага рэпэра Антося Звычайнага і Кірылы Лермантава, які падпісваецца як «найтивыход», рэпэра з Валгаграду, які мае «УКантакце» больш чым 300-тысячную аўдыторыю. «Трэк атрымаўся, бо наш настрой з Кірылам супаў. І ён, і я корпаемся ў адных і тых жа экзістэнцыйных тэмах, таму і вобраз „мёртвых кветак“ для нас зразумелы. Мы абрываем сваё жыцьцё па частках, нібы кветкі з клюмбы, і хочам падараваць іх іншаму чалавеку, загадзя ведаючы што неўзабаве яны пачнуць вянуць і ціхенька паміраць, пакуль ад нас не застануцца толькі засохлыя сьцяблінкі ў крыштальнай БССРаўскай вазе», — сказаў Антось з нагоды прэм’еры ў камэнтары для TuzinFM.

Атэста — Дзіўна

Новая праца 13-гадовай Ульляны Паўловіч, якая была створаная пад натхненьнем ад восеньскай вандроўкі ў Амстэрдам. Сьпявачка прадстаўляе яе, як «лёгкую песьню пра мары і надзеі». У галяндзкай сталіцы і было зьнятае відэа ў падтрымку сынглу. Напярэдадні Новага году сьпявачка прэзэнтавала яшчэ адзін трэк — «Лапеза» на словы Алеся Плоткі (аўдыё/відэа), а ў студзені — сынгл «Магільшчык» на словы таго ж Плоткі і музыку Дэвіда Мэт’юза, запісаны пры ўдзеле вакаліста Gods Tower Лэсьлі Найфа.

Сразу май — Новыя людзі

Новы самотнік ад берасьцейскага рок-гурта, які вызначыўся беларускамоўнымі гітамі «Небасхіл» і «Кранае». «Наша песьня — гэта своеасаблівы зварот да новага пакаленьня. Хоць мы сябе і ня лічым надзвычай дарослымі ці старымі, усё ж такі адчуваем пэўныя адрозьненьні і межы паміж намі і больш маладымі людзьмі. У нас розныя музычныя густы, героі, інтарэсы ды ўвогуле погляды на жыцьцё. Але дабрыню, шчырасьць і павагу ніхто не адмяняў. І мне здаецца, гэта менавіта тое, што павінна нас аб'яднаць і сьцерці паміж намі ўсе межы», — сказаў у камэнтары для TuzinFM лідэр каманды Сяргей Стэцюк.

Skynet — Хто я з табой

Новы беларускамоўны самотнік каманды з Бабруйску. Летась музыкі прэзэнтавалі яскравую песьню «Каханая» і вырашылі працягнуць беларускую лінію ў сваёй творчасьці. «Песьня напісаная пра вышэйшую сілу, якую ў розных рэлігіях называюць Богам. Штодня мы набліжаемся да яго, у незалежнасьці ад таго, верым мы ці не», — так пракамэнтаваў прэм’еру лідэр гурта Іван Панамароў.

Nubir — Перамажы час

«Я „электрычны“ чалавек, а гуляю ў барда ўжо шмат гадоў. Надакучыла», — так прэзэнтаваў на словах свой самотнік ляўрэат «Бардаўскай восені — 2016» Міхаіл Рубін. Выканаўца зь Віцебску заўважае, што «Перамажы час» наогул першы ягоны афіцыйны трэк. Запісаны ён у стылістыцы пост-панку/лоў-фай. Словы належаць Віктару Жыбулю, якога Міхаіл лічыць адным з найлепшых беларускіх паэтаў сучаснасьці.

Чёрная ленточка — Даруй мне маю любоў

Беларускамоўны самотнік ад пост-панк гурта з Санкт-Пецярбургу. У ім сьпявае Ўладзімер Селіванаў, вядомы з гурта «Красные звёзды», які некалькі гадоў таму спыніў сваё існаваньне. Песьня мае ўвайсьці ў другі студыйны альбом каманды «Родной». «Нас яднаюць зь Беларусьсю даўнія моцныя повязі, таму запісаць трэк па-беларуску было для нас справай гонару», — сказаў з нагоды прэзэнтацыі Ўладзімер.

Гарадскі вал — Дваравая

Трэк, які ўвайшоў у самотнік «Адмарозкам, Даўнам, Закаханым». Лідэр «Гарадскога вала» Раман Абрамчук, што гэтая песьня «чадзіць атмасфэраю непакорлівых 00-х, рыкае бела-сіня-белымі аўтазакамі ды кліча на сход выпускнікоў». Напісаная яна на словы паэта Антона Рудака. На сынглу ёсьць яшчэ адзін трэк — «Падляшша», напісаны пад уражаньнем ад наведваньня фэсту «Басовішча».

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Топ-12 прэм’ераў восені-зімы 2018/2019. Electro/pop/folk

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

TuzinFM