Вынікі музычнага году ў эмоцыях, фактах і фота
5913 / 1
31.12.2013

Вынікі музычнага году ў эмоцыях, фактах і фота

Tuzin.fm адабраў найлепшыя 12 здымкаў, якія найбольш яскрава адлюстроўваюць музычны 2013 год ды назваў тройкі самых выбітных у катэгорыях «Прарыў», «Альбом», «Песьня», «Кліп» і «Гурт».

АПОШНІ ЗОЛАК

«Пытаньне жыцьця і сьмерці заўжды актуальныя. Гэта тая рэч, пра якую мы як людзі і як артысты папросту ня можам не задумвацца і не казаць», — такім камэнтаром суправадзіла сваю фотасэсію на электрычным крэсьле сьпявачка, якая сёлета актыўна папрацавала як са сваім гуртом Naka (альбом «Довольна») і сайд-праектам Naka piano (дэбютны дыск), так і ў розных праектах. Разам зь Лявонам Вольскім, Ганнай Хітрык, Зьмітром Вайцюшкевічам, Аляксандрам Памідоравым, Віктарам Рудэнкам, Алесем Дзянісавым Наста ўзяла ўдзел у супольным музычным праекце «Апошні золак» у межах кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня. Упершыню прэм’ера беларускага музычнага праекту адбылася он-лайн. Канцэрт, які праходзіў на сцэне Падляскай філярмоніі ў Беластоку ўжывую трансьляваў партал Tut.by ды шэраг іншых буйных беларускіх рэсурсаў.

Наста Шпакоўская ў фотасэсіі на электрычным крэсьле, фота — Іван Бэсер

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Музыка Зьміцер «Vinsent» Папко на здымках фільма «Жыве Беларусь», фота Culture.pl

Сёлета быў прадстаўлены 8-сэрыйны сэрыял «Вышэй за неба», дзе рэпэр Vinsent сыграў адзінага беларускамоўнага пэрсанажа — клявішніка музычнага гурта. Да фільму музыка запісаў песьню «Ні кроку назад», на якую Андрэй Курэйчык зьняў кліп. А ў красавіку 2013-га адбылася афіцыйная прэм’ера фільму «Жыве Беларусь» польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча. У ім Вінсэнт сыграў галоўнага пэрсанажа Мірона Захарку, зноў жа музыку. У Беларусі стужку ў асноўным крытыкавалі, затое яна назьбірала нямала прызоў у сьвеце: «Найлепшы сцэнар» на МКФ у Брусэле, «Найлепшы фільм» на МКФ у Стамбуле і Варшаве, «Прыз глядацкіх сымпатыяў» на кінафэсьце ў Гдыні… Сам выканаўца, не зважаючы на заявы аб перасьледзе спэцслужбамі, усё ж вырашыў вярнуцца пасьля здымак у Беларусь, што робіць яму яшчэ большы гонар.   

НЕЗАЛЕЖНАЯ РЭСПУБЛІКА ПАЛІНА

Паліна Рэспубліка выступае на дабрачынным канцэрце ў клюбе Re:Public, фота Аляксандар Tarantino Ждановіч

Адна з галоўных надзеяў беларускай музыкі Паліна Рэспубліка ў 2013-м працягвала чараваць, зьбіраючы поўныя залі ня толькі ў Менску ды іншых гарадах, але і ва Ўкраіне. Яе міні-тур па суседняй краіне выклікаў фурор. Сьпявачка кінула экспэрымэнты з рок-гуртом Hasta La Fillsta ды нібы канчаткова вызначылася з тым, як мусяць гучаць яе песьні. Яе новая кампазыцыя (і наогул першы трэк, які прыстойна запісаны) «Лета» стала пераможцам 1-га туру адноўленага чарту на Tuzin.fm. «Гэта нашая беларуская Джоні Мітчэл і Колбі Кэлей у адным абліччы. Думаю, што Паліна і ў будучыні пакажа сюрпрызы!» — з захапленьнем выказаўся наконт творчасьці сьпявачкі тэлевядоўца Сяргей Філімонаў.

КОРЖ ТРАНСЦЭНДЭНТАЛЬНЫ

Макс Корж на сцэне цалкам запоўненай «Менск-Арэны» ў час сольнага канцэрту, фота Аляксандар Tarantino Ждановіч

Выхадзец зь беларускамоўнай рэп-фармацыі Lunclan сёлета біў усе магчымыя рэкорды папулярнасьці ды ўвайшоў у гісторыю тутэйшага шоў-бізу, як першы артыст зь Беларусі, які сабраў самую буйную пляцоўку краіны — 13-тысячную «Менск-Арэну». Выканаўца выдаў бездакорны прынамсі з тэхнічнага гледзішча альбом «Жить в кайф» ды ва ўспрыманьні масаў параўняўся з самім Міхалком. Зь беларускамоўнай творчасьці ў Каржа засталася яшчэ багата матэрыялу. І на сьметнік яго выканаўца выкідаць не зьбіраецца. Так што «Корж беларускі» яшчэ вернецца.

АДЗІН ЗА ЎСІХ

Сяргей Міхалок на здымках кліпа на новую беларускамоўную кампазыцыю «Месяц», якія адбываліся ва Ўкраіне, фота Дар'я Сінельнікава, open.ua

Прыблізна столькі ж народу, што і Корж сабраў «Ляпіс Трубяцкі» на прэзэнтацыі сваёй беларускамоўнай складанкі «Грай». Толькі здарылася гэта не на іх Радзіме, а ў віленскай Siemens Arena. Міхалку дагэтуль ня могуць дараваць рэзкіх выказваньняў на адрас Лукашэнкі, таму яго гурт пазбаўлены магчымасьці выступаць у Беларусі. Глупае чыноўнічае самавольства прывяло да таго, што напярэдадні віленскага канцэрту беларуска-літоўская мяжа была практычна паралізавана. Гэта быў цуд, беларусы ехалі не на закупы, а на канцэрт. Дакладней, і на закупы, і на канцэрт:). Самыя гарачыя прыхільнікі «Ляпісаў» узяліся нават вылучаць Міхалка на лідэра грамадзянскай супольнасьці, прэзыдэнта, мэсію ды аракула. А вось Сяргей, часам здымаючы маску, просіць не рабіць гэтага ды прыслухацца да саміх сябе. 

АПТЫМІСТ ГОДУ

Зьміцер Вайцюшкевіч на прэзэнтацыі дыску «Варанок», якая прайшла ў адной зь менскіх лазьняў, фота Юлі Сакалоўскай, generation.by

Вайцюшкевіч на пару зь Міхалком — засталіся адзінымі, каму не даравалі іх учынкі ды выказваньні. Зьміцер сёлета працягваў даваць канцэрты ў закрытым фармаце. Да «кватэрнікаў», «офіснікаў», «галерэйнікаў» дадаўся яшчэ адзін від выступу — «лазьнік». Менавіта ў лазьні выканаўца прадставіў свой новы альбом «Варанок», напісаны на словы Генадзя Бураўкіна. На дыску гэтым аўтары стварылі іншую рэчаіснасьць, у якой крымінальнікі, шулеры, прайдохі, рызыканты карыстаюцца беларускай мовай і зьяўляюцца па-сутнасьці асобамі шляхетнымі, што з волі лёсу апынуліся ў неспрыяльных абставінах. Нягледзячы на фактычную забарону на прафэсію Вайцюшкевіч поўніцца аптымізмам і шчыра верыць, што ў 2030 годзе абавязкова выступіць на «Славянскім базары» з аркестрам МУС на падпеўцы.

ДУЭТ ГОДУ

Лявон Вольскі і Павал Аракелян, фотасэсія

Вольскі ізноў стаў выступаць легальна. Пераважную частку дазволеных і недазволеных канцэртаў Лявон даў сёлета ў пары з Паўлам Аракелянам (вакал, флейта, саксафон, клявішы). Яны яўна знайшлі адзін аднаго. Няхай сабе новым рэлізам сёлета Вольскі ня тое, каб мог пахваліцца, затое перадуманыя і пераасэнсаваныя ў блюзавых і джазавых аранжыроўках вядомыя песьні «Крамбамбулі», N.R.M., «Мроі», «Народнага альбому» і «Я нарадзіўся тут» набылі ў выкананьні дуэту новае жыцьцё. «Няма краіны», «Маё каханьне», «Нельга забыць», «Ламай сцэнар» — усе гэтыя новыя песьні Лявона сьведчаць пра тое, што ён у абсалютным творчым тонусе. І калі ня будзе выдаткоўвацца на палітычныя прыпеўкі-аднадзёнкі ды на інтэрпрэтацыю сотні разоў інтэрпрэтаванага фольку, дык мы займеем узорны аўтарскі альбом. Сапраўдны, актуальны і беларускі. А Паша дапаможа зрабіць такі аранжамэнт, што пальчыкі абліжаш.

ТУЗІН.НЕМАЎЛЯ

Сяргей Пукст на прэзэнтацыі праекту «Тузін.Немаўля» ў віцебскім клюбе «Чердачок» грае на піяніна J.Becker, старэйшым за стужку «Кастусь Каліноўскі» (1927), якую агучвае музыкант.

Сёлета канчаткова аформілася грандыёзная задума парталу Tuzin.fm, які пры дапамозе партнэраў з Падляскай опэры і філярмоніі вярнуў гледачу клясыку беларускага нямога кіно ды яшчэ ў суправаджэньні аўтарскай музыкі. Ilo&friends, Re1ikt і Сяргей Пукст напісалі аўтарскую музыку да фільмаў «Прастытутка», «У агні народжаная» і «Кастусь Каліноўскі» ды далі некалькі кінаканцэртаў. У тым ліку ў межах МКФ «Лістапад». Сяргей Пукст да ўсяго сыграў на месцы дома, дзе нарадзіўся Каліноўскі (цяпер гэта польская вёска Мастаўляны). На жаль, ня ўсе задуманыя канцэрты атрымалася правесьці. Берасьцейскі гарвыканкам спужаўся стужкі рэжысэра Корш-Сабліна 1929 году і сарваў прэзэнтацыю праекту ў Берасьце. Вынікам праекту стаў шыкоўны трайны DVD, адмыслова для якога аўтарская музыка ўсіх трох выканаўцаў была запісана на студыі.

У МОМАНТ ВОКА

Мікіта Найдзёнаў на наладцы перад выступам гурта Hurma на фэстывалі «Такія пернікі» ў клюбе «Тытан», фота — Мікіта Недаверкаў.

Літаральна за год гурт Hurma зрабіў шлях ад мала каму патрэбнай студэнцкай каманды да лідэраў «моладзевага крыла» беларускай незалежнай сцэны. Музыкі знайшлі свой вобраз, займелі  аўдыторыю, запісалі некалькі запамінальных песень, трапілі ў ратацыю як дзяржаўных, так і незалежных радыёстанцыяў і па выніках году былі адзначаныя прэміяй «Дэбют году» ад Tuzin.fm. Hurma таксама дала прыклад ў крэатыўным прасоўваньні сваёй творчасьці — актыўная праца з прыхільнікамі, забаўныя фотасэсіі і відэазаманухі, налепачкі і паштовачкі з QR-кодам новай песьні… Усё гэта варта ўхвалы і перайманьня.

СЭРЦА НА ДАЛОНІ

Ганна Хітрык падчас выступу ў клюбе Re:Public, фота Ганна Іванова, Budzma.org

Ганна Хітрык з гуртом S°unduk і безь яго цягам году займалася тым, што раздорвала сябе бяз рэшты. Яна актыўна ўдзельнічала ў дабрачынных і грамадзкіх ініцыятывах, давала нязьменныя аншлягавыя канцэрты па Беларусі і Расеі (ад расейцаў беларускаму гурту дасталося другое месца і «Прыз глядацкіх сымпатыяў» на нацыянальнай прэміі «Страна»). Але галоўны плён 2013 году — гэта цудоўны альбом «Наше время», у якім кожная песьня нібы створана ў момант максымальнага душэўнага ўздыму.

ПАН НЕ ПРАПАЎ

Cтваральнікі гурта Ili-ili Міхась Зуй, Павал Яскевіч, Зьміцер Есяневіч

Былыя паплечнікі Хітрык па гурце «Дзецідзяцей» Міхась Зуй, Зьміцер Есяневіч сёлета давялі да ладу свой новы творчы канцэпт, выдалі моцны альбом «list», перамаглі ў конкурсе «Басовішча», а паралельна атрымалі прыз у дзікаватай намінацыі «Найлепшая беларускамоўная песьня» («Танчыць») на нацыянальнай музычнай прэміі, на «Танчыць» жа зьнялі цудоўны кліп ды рызыкнулі праехацца з турам па Беларусі (рэдкі беларускі артыст без падмацоўкі адміністрацыйнага рэсурсу наважыцца на такую паездку). Страшна падумаць якой моцы будзе каманда, калі яны аб’яднаюцца ізноў з Хітрык. Хаця можа і да лепшага, што музыкі разышліся, бо цяпер мы маем два выдатныя гурты замест аднаго.

ГУРТ І ЛЕДАКОЛ

Гурт Re1ikt падчас выступу на прэміі «Героі году» ў менскім клюбе «Юла», фота Юлія Сакалоўская, generation.by

Гурт Re1ikt падае добры прыклад для ўсіх астатніх беларускіх музыкаў. Не сядзець ды на неба глядзець, а нястомна працаваць/рэпэтаваць/граць, няхай сабе гэта і не прыносіць імгненных дывідэндаў. Геаграфія канцэртаў у гурта сёлета проста неверагодная. Неяк мы і не заўважылі, што вось тут, зусім побач, на разагрэве ў Gods Tower, бясплатным канцэрце ў TNT ды ў няўцямным конкурсе «Бульфэст» выступае гурт сусьветнага ўзроўню. «Сусьветнасьць» вызначаецца тут тым, што яны будуць годна выглядаць хоць на якой сцэне ў якой заўгодна краіне сьвету. І тым, што музыкі мысьляць вольна, шырока, глябальна. Яны не абцяжараныя ніякімі межамі і не заганяюць сябе ў адзін пэўны стыль… З падрабязнай матывацыяй таго, чаму гурт Re1ikt прызнаны «Героямі 2013 году» па вэрсіі Tuzin.fm. можна пазнаёміцца тут. Гэта гурт, якім трэба ганарыцца нам усім. 

Сяргей Будкін, Tuzin.fm

Вынікі-2013. Вэрсія Тuzin.fm

Прарыў году:

1. Hurma

2. Tonqixod

3. Navi

Альбом году:

1—2. Вайцюшкевіч Зьміцер — Варанок

BosaeSonca — Адпусьці

3—6. ili-ili — list

Sciana — Мы застанемся

BosaeSonca — Zalaty

Стары Ольса — Santa Maria

Песьня году:

1. Лявон Вольскі — Няма краіны

2. Паліна Рэспубліка — Лета

3. Akute — Наскрозь

Кліп году:

1. Navi — Абдымі мяне

2. Ляпіс Трубяцкі — Месяц

3. ili-ili — Танчыць

Гурт году:

1. Re1ikt

2. Ляпіс Трубяцкі

3. BosaeSonca

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    31.12.2013 / 18:07

    Рэдакцыя парталу Tuzin.fm віншуе ўсіх наведнікаў з Новым годам. Любіце сваё і паважайце сябе, тады ўсё будзе па жыцьці ў парадку! Дзякуй усім, хто заходзіць на нашу старонку. Дзеля Вас працуем!

  • КАМЕНТАВАЦЬ