The Hardkiss у #BML — галоўныя гіты ў акустыку і беларускамоўны сюрпрыз (поўнае відэа)
1200 / 0
30.03.2019

The Hardkiss у #BML — галоўныя гіты ў акустыку і беларускамоўны сюрпрыз (поўнае відэа)

У студыю аўтарскага праекту Cяргея Будкіна Belsat Music Live завітаў адзін з топавых рок-гуртоў Украіны The Hardkiss з адмысловым сэтам, поўным сюрпрызаў.

The Hardkiss адна з самых актыўных і запатрабаваных на сёньня украінскіх камандаў. Яна імкліва стартавала вось з гэтага кліпу 8 гадоў таму. Праз год існаваньня гурт меў ужо кантракт з Sony BMG і канцэрты па усёй Эўропе, набіралі папулярнасьць у Расеі. Аднак пасьля захопу Крыму музыкі адмовіліся ад выступаў у краіне-агрэсары. Гэта толькі спрыяе папулярнасьці гурта — яны ўводзяць у рэпэртуар песьні па-ўкраінску, робяць неверагоднае шоў у Stereo Plaza. Каманду на чале зь Юліяй Санінай прызнаюць найлепшым альтэрнатыўным гуртом Украіны па вэрсіі M1 Music Awards два гады запар — у 2016 і 2017 годзе, таксама ў 2017 годзе іх называюць найлепшым рок-гуртом Украіны на Yearly Ukrainian National Awards, а сёлета на гэтай прэміі гурт перамог адразу ў трох намінацыях — найлепшае шоў, найлепшы альбом і найлепшы рок-гурт.

У Менск музыкі завіталі ў межах туру ў падтрымку свайго трэцяга студыйнага альбому «Залiзна ластiвка», а таксама каб зайграць свае галоўныя гіты ў камэрным фармаце ў студыі Belsat Music Live. У размове зь вядоўцаю Міраю Шульц Юлія Саніна распавядзе, якім чынам ейны гурт зьвязаны зь Беларусьсю і ўпершыню засьпявае на беларускай мове, а таксама паразважае, ці можа быць музыка па-за палітыкаю ды падзеліцца сваймі назіраньнямі наконт таго, як адбудаваць нацыянальны музычны рынак.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Кораблі»

«Прірва»

«Журавы»

(пераклад на беларускую Андрэя Хадановіча)

«Stones» (feat. Улад Чыжыкаў)

«Сердце»

(музыка Юліі Санінай і Валерыя Бябко, словы Юліі Санінай)

Госьцем наступнага выданьня будзе гурт Skynet. Прэм’ера праграмы адбудзецца ў суботу, 6 красавіка ў 21:15 па беларускім часе на тэлеканале «Белсат», а таксама на youtube-канале «Белсат Музыка». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё зь мінулых праграмаў можна знайсьці ў афіцыйных суполках праграмы Укантакце/Facebook/Instagram.

TuzinFM