Алесь Кот-Зайцаў: «Zalaty» больш цэльны за «Адпусьці» (відэа)
3935 / 0
02.01.2014

Алесь Кот-Зайцаў: «Zalaty» больш цэльны за «Адпусьці» (відэа)

Пераможцам другога туру альбомнага чарту на Tuzin.fm стаў альбом гурта BosaeSonca «Zalaty».

«Zalaty» ў сьнежаньскім туры гіт-парад літаральна на два галасы апярэдзіў новы альбом гурта N.R.M. «Д.П.Б.Ч». Лідэр гурта BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў зь цікавасьцю сачыў за чартам. «Я ня ўпэўнены па шчырасьці ў важнасьці і аб’ектыўнасьці такіх перамогаў, але канечне бачыць сваю працу ў першым шэрагу вельмі прыемна, — кажа музыка. — Тым больш, што самі мы не займаліся моцна тым, каб перамагчы. А ў розных інтэрнэт-галасаванках зазвычай перамагаюць як раз самыя актыўныя агітатары і накрутчыкі галасоў. Відаць бываюць выключэньні і гэта прыемна!»

2013 год для «БосагаСонца» быў надзвычай плённым. «Zalaty» выйшаў на пачатку году, а пры канцы пабачыў сьвет другі рэліз каманды «Адпусьці». Альбомы атрымаліся рознымі па настроі і па музыцы. Першая праца запісаная ў электрычнасьці, а другая — у акустыцы. У сувязі з гэтым паўстае пытаньне, у якім кірунку будзе разьвівацца гурт далей? «„Залаты“ альбом я вельмі люблю і сказаць які з альбомаў BS мне падабаецца больш, я напэўна не магу. Гэта дзьве досыць розныя плыты, але ёсьць свае мінусы і плюсы і ў той і ў іншай. У „Залатым альбоме на маю думку больш цэльнасьці і канцэпцыі. Як для альбома, то гэта класная рыса на маю думку. Але Адпусьці“ — гэта ў пэўным сэнсе лайв-альбом, таму там і не задумвалася моцнага канцэптуальнага зьвязу паміж трэкамі. Так ці іначай рэчы, якімі мне хацелася б заняцца ў рамках BS надалей, спадзяюся ня будуць падобныя ні да першага, ні да другога альбому. Мы будзем ствараць „сваю“ атмасфэру і гучаньне, якія ў BS ужо выпрацаваліся і выглядуюць досыць пазнавальна, але ў той жа час будзем шукаць нешта новае», — кажа Алесь.

На весну 2014 году https://mail.google.com/mail/u/1/images/cleardot.gifBosaeSonca рыхтуецца даць вялікі сольны канцэрт, дзе прагучаць песьні, як «Залатога» альбому, так і з «Адпусьці», а таксама зусім новыя творы.

Tuzin.fm