Эмацыйны тузін ад Ганны Севярынец (аўдыё)
929 / 0
12.06.2019

Эмацыйны тузін ад Ганны Севярынец (аўдыё)

Пісьменьніца Ганна Севярынец крытыкуе беларускую музыку за банальныя пералівы, нясьпешнасьць і безаблічны вакал. Яна прызнаецца, што толькі адзін твор з 45, што ўдзельнічалі ў чартах на «Тузіне» ў гэтым сэзоне, яна ўзяла ў свой асабісты плэйліст.

Павінна адразу папярэдзіць: у мяне даволі спэцыфічны музычны густ. Ён ня мае нічога агульнага з аўтарытэтнай экспэртнай думкай: я не разьбіраюся ў музычных трэндах, кірунках, пошуках і экспэрымэнтах, і ацэньваю трэк выключна з пазыцыяў «падабаецца — не падабаецца». Але я, канечне ж, маю крытэры таго, што мне падабаецца ці не падабаецца.

Я люблю песьні музычна выразныя, каб там быў музычны сюжэт, разьвіцьцё нейкай зададзенай тэмы, каб там былі нэрвы і эмоцыі. Гэта ня тычыцца словаў — мне амаль ня важна, якія там у папулярнай кампазыцыі словы. Але музыка, каб мне спадабацца, павінна сама быць нібыта словамі. Гэты музычны сюжэт павінен быць напружаным і цікавым, у ім мне хочацца чуць нейкія нечаканыя, але гарманічныя моманты — какафоніі я не выношу зусім.

Ёсьць у мяне і сур’ёзны недахоп: у мяне зводзіць зубы ад джазу і блюзу. Асабліва ад такога джазу і блюзу, які нагадвае разьмінку аркестру Фінберга — нешта такое неабавязковае ў сваёй банальнасьці, нейкія звыклыя пералівы, адбівачкі і сынкопы, якія ўжо тысячу разоў чуў недзе, ці то на «Славянскім базары», ці то ў Маладэчне, ці то ў праграме «Легенды джазу сямідзясятых».

Яшчэ мяне надта засмучвае неверагодная мэдытатыўнасьць і нясьпешнасьць айчыннай музыкі. Госпадзе, аж пакуль дачакаесься нейкага пачатку, каб працяглая першая нота нарэшце ўжо куды-небудзь перайшла, каб нешта зрушылася, каб куды пабегла… Альбо як зацягнуць якое-небудзь нецікавае ў якасьці ўступу, нібыта  стаіш у прымерачнай «Тэрановы» і ніяк ня можаш выкараскацца з гэтых «тунц-тунц-тудунц», заўсёды адных і тых жа… Бракуе мне і яркага вакалу: паспрабуй адрозьні выканаўцаў, асабліва маладых хлапцоў! Нібыта адзін і той жа, прычым нібыта нават усё гэта нейкі адзін калектыўны Ўладзімер Пугач, прычым раньні.

Карацей, мне было няпроста праслухаць усе 45 трэкаў і выбраць зь іх 12 выключна па прынцыпе «падабаецца-не падабаецца». Бо частка зь іх нагадвала мне аркестар Фінберга, частка цягнула жылы сваёй немагчымай нясьпешнасьцю, частка не пакідала ніякага выразнага пачуцьця, частка ня мела ніякай асаблівай музычнай «зачэпкі», сюжэту, нейкай хаця б невялічкай партыйкі якога-небудзь музычнага інструмэнту, якую хацелася б пераслухаць яшчэ раз.

З усяго складзенага мной тузіна ў свой асабісты плэйліст я вазьму толькі адну кампазыцыю (прызнаюся напрыканцы, якую). Прыемна было мне сустрэцца з Akute — мне традыцыйна не хапае ў іх мэлядычных разнастайнасьцяў, але яны вельмі выразныя і выразна адрозныя. Пашкадавала, што не было сярод 45 кампазыцыяў Naka — яе ў мяне ў плэйлісьце шмат, і па музычным нэрве яна мне надзвычай блізкая.

Карацей, мой непрафэсійна складзены тузін выглядае так:

Да сябе ж у плэйліст я забрала Русю і яе «Тры сонцы». Тут ёсьць усё, што я ў музыцы люблю: харызматычны вакал, музычны сюжэт, годнасьць выкананьня, нестандартнасьць мысьленьня — але пры гэтым ніякага непатрэбнага экспэрымэнту дзеля экспэрымэнту. Дзякуй вялікі «Тузіну» — добрая песьня ў плэйлісьце гэта нямала.

Ганна Севярынец, для TuzinFM

Ганна Севярынец — пісьменьніца, літаратуразнаўца. Нарадзілася ў Менску. Скончыла філялягічны факультэт БДУ, асьпірантуру па катэдры расейскай літаратуры. Дасьледуе гісторыю беларускай літаратуры міжваеннага пэрыяду (1921—1941). Укладальніца кніг «Уладзімер Дубоўка: ён і пра яго», «Алесь Дудар. Выбраныя творы», «Вакол Пятра Глебкі», аўтарка мастацкіх раманаў «Дзень сьвятога Патрыка», «Гасьцініца Бельгія». Ляўрэатка конкурсу нон-фікшн «Эксьлібрыс», прэміяў «Гліняны Вялес» і «Празрысты Эол».