«Дзед Барадзед» прыйшоў першым (аўдыё/відэа)
726 / 0
03.06.2019

«Дзед Барадзед» прыйшоў першым (аўдыё/відэа)

Пераможцам 4-га і завяршальнага туру аўдыёчарту ў сэзоне 2018/2019 стаў гіт «Дзед Барадзед» маладой рок-каманды зь Менску «Дом сувязі».

«Дзед Барадзед» практычна ад пачатку туру апанаваў першую прыступку і пратрымаўся на ёй некалькі месяцаў, набраўшы па выніку 642 галасы. Гэта на 93 галасы больш, чым у Лявона Вольскага зь песьняй «Зіма», якая фінішавала другой. Лідэр гурта Максім Марозаў цешыцца зь перамогі: «Мы сачылі за галасаваньнем і для нас было важна ў ім перамагчы. Ня так шмат перамог на шляху пачынаючага гурта, і хацелася прыцягнуць да сябе ўвагу, пацешыць уласнае эга. Галасавалі самі амаль штодзень, і актыўна галасавалі нашыя сябры. Спадзяюся, што за Барадзеда галасавалі ня толькі мы зь сябрамі».

Максім кажа, што таксама асабіста галасаваў таксама за новую песьню Stokes і яму хацелася б пабачыць гучны камбэк гурта, гіты якога дагэтуль ён зь сябрамі сьпявае пад гітару. Таксама лідэр «Дому сувязі» аддаваў свой голас за «Весела» гурта Akute, бо мае вельмі цёплыя пачуцьці да гэтай каманды і яму вельмі спадабаўся апошні іх альбом. «Галасаваў бы канечне і за Вольскага, але ён быў нашым непасрэдным канкурэнтам у гэтай гоначцы. Выбачайце калі ласачка, Лявон Артуравіч», — зазначае музыка.

Падчас удзелу ў аўдыёчарце «Дом сувязі» прэзэнтаваў кліп на «Дзеда Барадзеда» і тым самым працягнулі гіт-параднае жыцьцё свайго гіта. Увосень за яго можна будзе галасаваць ужо ў відэачарце.

Цяпер гурт працуе над запісам сынглу, рэгулярна рэпэтуе ды займаецца аранжыроўкамі новых песень. Нядаўна музыкі зьезьдзілі ва Ўкраіну і далі канцэрты ў Кіеве і Адэсе. Кажуць, што асабліва цёпла слухачы прынялі акурат песьню пра Дзеда Барадзеда і менавіта яе прасілі выканаць на біс.

За навінамі гурта можна сачыць праз афіцыйную суполку.

TuzinFM