!OUT: Юльян Дрэйзін — першы тэарэтык беларускае электронікі
461 / 0
07.08.2019

!OUT: Юльян Дрэйзін — першы тэарэтык беларускае электронікі

Да 140-годзьдзя выбітнага беларускага музыколяга Юльяна Дрэйзіна прадстаўляем вытрымкі з адзінае ягонае кніжкі «Музыка й рэвалюцыя» 1921 году.

Гэтае выданьне лічыцца першым дасьледаваньнем у галіне музыказнаўства на Беларусі. Праз гісторыю музыкі аўтар даволі пераканаўча даводзіць, што на яе формы ўплываюць зьмены ў сацыяльна-палітычным жыцьці. А пасьля фактычна прадказвае зьяўленьне ў Беларусі мастацкае электронікі.

Юльяна Дрэйзіна ў Беларусі называлі адзіным, хто актыўна працаваў напачатку 1920-х гадоў музычным крытыкам. Ён заснаваў першы грамадзкі сымфанічны аркестар у БССР. Перакладаў антычныя творы ды опэрныя шлягеры з моваў арыгіналу на беларускую тарашкевіцу (болей за восем соцень перакладаў). Выступаў зь лекцыямі, выкладаў у Белмузтэхнікуме гісторыю музыкі, склаў слоўнік музычных тэрмінаў, рэцэнзаваў у рэспубліканскім друку канцэрты, спэктаклі, новыя творы беларускіх кампазытараў. Фактычна ўсё музычнае жыцьцё Савецкае Беларусі 1920-х — першае паловы 1930-х гадоў адбілася ў ягоных артыкулах. Далей жа Дрэйзін, як і многія іншыя знакавыя пэрсоны мастацтва, трапіў пад прэсінг уладаў. Памёр пад Масквой у галодны час у 1942 годзе. Граў на скрыпцы да апошніх дзён.

Ніжэй прадстаўляем урыўкі зь ягонай кнігі, якія, на нашу думку, уяўляюць найбольшы інтарэс.

Мы жывем у такую эпоху, калі жыцьцё акурат зьмяняе свае формы, характар і зьмест, і калі ў гэтай зьмене мы мусім быць актыўнымі працаўнікамі, актыўна ўдзельнічаць у стварэньні новага жыцьця….

…Усе мастацтвы можна падзяліць на 2 катэгорыі: мастацтвы выяўленчыя (плястычныя) і мастацтвы музычныя (музические). Да выяўленчых мастацтваў адносяцца архітэктура, скульптура (разьбярства) і жывапіс. Мастацтвамі музычнымі зьяўляюцца паэзія, харэаграфія (уключаючы сюды й міміку) і музыка. Мастацтвы выяўленчыя існуюць у прасторы, мастацтвы музычныя — у часе.

Найбольш адухоўленай, найбольш бесьцялеснай, няўлоўнай, а таму й найменш зразумелай ёсьць музыка. Творы музычныя настолькі шчыльна зьвязаныя з асобаю іх творцы, паходзяць з такіх патаемных глыбіняў і сховаў усёй яго арганізацыі, што ў большасьці выпадкаў і сам творца ня скажа, чаму ў пэўным выпадку ён стварыў такую мэлёдыю, а ў другім выпадку іншую

Юльян Дрэйзін у складзе хатняга квартэту, скрайні з правага боку

…Пад уплывам прыліву творчых сілаў, таго, што называюць звычайна натхненьнем, выліваецца мэлёдыя ў яе творцы часта незалежна ад ягонае волі. Як зразумеюць гэтую мэлёдыю іншыя? Кожны зразумее яе па-свойму, кожны ўкладзе ў яе сваю думку, свой настрой, свае жаданьні. І ўсе будуць мець рацыю, і ў той жа час памыляцца, бо мэлёдыя ёсьць чымсьці неўзіраным, нябачным і няўлоўным

…Прагучэла мэлёдыя, пранёсься яе апошні гук, замер ды зьнік бязь сьледу ў паветранай прасторы. Толькі калі зьявіўся наш дакладны нотапіс, і калі, зь іншага боку, фізыкі атрымалі магчымасьць дакладна вызначаць лік ваганьняў паветра, якія даюць тон вядомае вышыні, толькі з гэтага часу зьявілася магчымасьці слушнага й дэталёвага вывучэньня фактаў гісторыі музыкі…

Юльян Дрэйзін ў дарэвалюцыйны час

Зь ліку навукаў, што ўплываюць на разьвіцьцё тэхнікі, для нас маюць значэньне дзьве навукі — фізыка й матэматыка. Фізыка, між іншым, займаецца дасьледаваньнем ваганьняў паветра. Гэтыя ваганьні, калі яны зьдзяйсьняюцца раўнамерна, то даюць так званы тон, то бок робяць на наш слых уражаньне тону пэўнае вышыні. Гэтая вышыня залежыць ад ліку ваганьняў паветра за пэўную адзінку часу (напрыклад, за сэкунду)…

Сіла ж тону залежыць ад шырыні, ад размаху гэтых ваганьняў. Некалькі тонаў, што гучаць адначасова, робяць на наш слых прыемнае ўражаньне, то бок даюць правільны акорд, калі лічбавыя адносіны паміж вытвараючымі іх паветранымі ваганьнямі пабудаваныя правільна, то бок калі ваганьні аднаго тону ад часу да часу супадаюць з ваганьнямі іншага тону. Графічна гэта можна выявіць наступным чынам

Сучасная тэорыя музыкі лічыць, што дыез папярэдняга й бэмоль наступнага тону гучаць аднолькава, да прыкладу до-дыез і рэ-бэмоль. Аднак фізыка даказала, што гэта ня так, што дыез папярэдняга тону вышэйшы, чым бэмоль наступнага. Паміж гэтымі дыезам і бэмолем ёсьць маленькая, хаця й вельмі нязначная розьніца. Гэтую розьніцу немцы называюць comma: у нас яна мае назоў коскі. Графічна гэта можна выявіць наступным чынам 

Чаму мы ня чуем гэтае розьніцы? Адказ ясны. Відавочна, таму, што наш слых надта грубы, задужа неразьвіты, каб учуць гэтую розьніцу. А грубасьць, няразьвітасьць нашага слыху можа мець розныя прычыны: па-першае, яна можа быць фізіялягічнай асаблівасьцю эўрапейца, а па-другое, яна магла ўкараніцца праз тое, што наш слых ня меў неабходных умоваў для свайго разьвіцьця, бо нашыя інструмэнты й да цяперашняга часу яшчэ не агучваюць коску (комма). А не агучваюць яны яе таму, што завельмі груба зробленыя. Грубасьць жа іх выкананьня, канечне, цалкам абумоўліваецца станам тэхнікі. Нашыя гамы, і дыятанічная, і храматычная, стварыліся гістарычна, стварыліся ў такім, а ня ў іншым выглядзе таму, што нашая тэхніка стварала нашыя інструмэнты ў такім, а ня ў іншым выглядзе. А на гаме пабудаваная й уся музыка

Юльян Дрэйзін у складзе ансамблю Безмузтэхнікуму, скрайні з правага боку

Цяпер уявім сабе, што тэхніка зь цягам часу разаўецца й дасягне такое дасканаласьці, што будзе ствараць інструмэнты, які з абсалютнай дакладнасьцю змогуць агучваць коску. Наш слых прывучыцца распазнаваць яе, тэорыя музыкі павінная будзе прызнаць дыез папярэдняе й бэмоль наступнае ноты двума рознымі тонамі й, такім чынам, павінная будзе наноў і абсалютна перабудавацца. Зьявіцца зусім новая гармонія, новыя спалучэньні гукаў, музыка прыме цалкам новы характар. Новыя камбінацыя тонаў дадаць новыя адценьні, новыя сродкі й спосабы музычнага выказваньня. І, можа быць, недалёка ўжо той час, можа быць, мы знаходзімся наконадні новае эпохі ў гісторыі музыкі. А, значыць, калі гэта так, то гэтая новая эпоха музыкі будзе знаходзіцца поўнасьцю ў залежнасьці ад стану тэхнікі

Афіша лекцыі Юльяна Дрэйзіна

…Будзе разьвівацца тэхніка, будуць удасканальвацца ўжо вядомыя людзям інструмэнты, будуць зьяўляцца й зусім новыя, дагэтуль невядомыя. Зьявяцца інструмэнты, што будуць даваць гукі новага, нечуванага раней тэмбру, нечуванае раней гукавое афарбоўкі. Аркестра прыме іншы выгляд і загучыць зусім інакш. Можна дапусьціць зьяўленьне ня толькі новых музычных інструмэнтаў, але й цэлых музычных прыбораў, машынаў, якія выклічуць зьяўленьне й новых музычных формаў

Юльян Дрэйзін падчас працы над лібрэта опэры «Тарас на Парнасе», Менск, лета 1927 году

…Зразумела, што чым шырэй і глыбей будуць дасьледаваныя законы ваганьня паветра й іх лічбавыя адносіны, тым шырэй і глыбей будзе разьвівацца тэорыя музыкі. Але чым больш будзе разьвівацца тэорыя музыкі, тым больш будзе разьвівацца й сама музыка, бо тэорыя адцягнена, апрыёрна можа прыйсьці да такіх высноваў і зьдзейсьніць такія адкрыцьці, якія потым можа ўжыць і на практыцы. Тут перад намі можа адкрыцца папросту бязьмежная вобласьць разьвіцьця.

Усе выявы прадастаўленыя Беларускім дзяржаўным архівам-музэем літаратуры й мастацтва.

Віктар Сямашка, TuzinFM