Фэсты Беларусі і Ўкраїны. Што агульнага і адрознага
450 / 0
23.08.2019

Фэсты Беларусі і Ўкраїны. Што агульнага і адрознага

У чым адрозьненьне беларускіх фэстаў ад украінскіх? Блогеры Мікіта Пастухоў і Іна Нячай наведалі два дзясяткі фэстаў у абедзьвюх краінах, пагутарылі зь іх удзельнікамі і гледачамі ды падзяліліся сваімі думкамі з наведнікамі TuzinFM.

Па фэстах гэтага году асабліва бачнае галоўнае адрозьненьне — ва Ўкраіне фэсты праводзяць дзеля мастацтва, каб паказаць усю разнастайнасьць сучаснай музыкі і гэта ставіцца ў прыярытэт. У Беларусі сёлета ўсе буйныя фэсты брэндаваныя вытворцамі піва і падаюцца публіцы найперш як сьвята піва і ежы. Мы ня кажам, што гэта кепска, проста канстатуем дадзенасьць. «Няпіўныя» фэстывальныя ініцыятывы, як «Мост», «Наш дзень», «Вольнае паветра», «Mirum festival», фэсты ў Шаблях пасьля адной ці некалькіх спробаў згортваюцца.  Ну і «Басовішча» ля польска-беларускай мяжы сёлета — усё.

Фрагмэнты выступу Nizkiz на «А-фэсьце-2019»

Яшчэ адно відавочнае адрозьненьне: амаль усе папулярныя фэсты Беларусі — аднадзённыя (ёсьць і байкфэсты, якія даўжэйшыя, але мы разглядзім мерапрыемствы накіраваныя на шырокае кола гледачоў). Украінскія фэстывалі запрашаюць сваіх наведнікаў на некалькі дзён. Арганізацыйна гэта, канечне, больш складана, але шматдзённыя фэстывалі больш атмасфэрныя і спрыяюць яднаньню аматараў музыкі. Калі разглядаць, напрыклад, «Західфэст», які мы наведалі толькі што, то ён праводзіцца ў месцы пад назвай Чарівна Долина. Гэта жывапіснае месца на беразе возера і на ўскрайку леса, дзе ўсе жадаючыя могуць разьмясьціцца ў намётавым гарадку на агароджанай тэрыторыі за невялікую плату, тым больш, можна пакінуць свой аўтамабіль на платнай паркоўцы, якая ахоўваецца. Карацей кажучы, створаны ўсе ўмовы для адпачынку.

Прома-відэа «Західфэст»

Пры гэтым беларускія фэсты зручнейшыя для наведваньня, таму што яны праводзяцца альбо ў межах гораду, альбо ў прыгарадзе, што дае магчымасьць без асаблівых намаганьняў даехаць на патрэбнага месца за кароткі час і невялікую плату.

Але самае галоўнае для фэстаў — гэта музыка! Менавіта ад выканаўцаў залежыць, колькі людзей прыйдзе на фэст. Сёлета на беларускія сцэны выходзілі госьці пераважна з Расеі і Ўкраіны. Вядома, на мерапрыемствы запрашалі і беларускія гурты: Akute, Nizkiz, :B:N: ды іншыя. Зьвяртаюць увагу на нашых выканаўцаў і ўкраінцы — сёлета на тым жа «Західфэст» выступілі Palina, ЛСП, «Ляпіс-98». Акром таго былі госьці ня толькі з Заходняй Эўропы, але і зь Японіі ды ЗША. Адпаведна — большы лайн-ап вымагае некалькі сцэнаў. На ўкраінскіх фэстах дзейнічае да трох сцэнаў адначасова! У Беларусі сцэна як правіла толькі адна.

Падчас наведваньня «Західфэсту» мы папрасілі параўнаць фэсты ў Беларусі і ва Ўкраіне саміх музыкаў, якія выступаюць у якасьці хэдлайнэраў па абодва бакі мяжы.

Жэня Галіч, лідэр O.Torvald:

«Мы калі ўпершыню прыяжджалі граць у Менск на прэпаці „Атласа“ ў чэрвені, то былі ў шоку, наколькі людзі моцна кайфанулі, наколькі іх прэ. А як ў жніўні мы прыехалі на A-fest я ўвогуле афігеў, бо людзей было вельмі шмат. І гэта было гарадзкое мерапрыемства, мы выйшлі, пачалі граць і ўсіх людзей, хто там быў, хіснула неймаверна. Калі граеш і бачыш, што людзей прэ, вось гэта самае прыемнае пачуцьцё для музыканта! А наогул ніякіх асаблівых адрозьненьняў я не заўважыў. Мне аднолькава добра і там, і там. І ведаеш, мне ня блізкая тэма Савецкага Саюзу, але мне блізкая тэма брацкіх народаў. Я вельмі хачу, каб мы сябравалі, каб у нас было супольнае брацкае сэрца, каб мы выручалі адзін аднаго, дапамагалі, падтрымлівалі, што б ні здарылася».

Сяржук Васілюк, лідэр «Тінь Сонця»:

«Мы вельмі любім выступаць на фэстах у Беларусі, праўда апошні раз былі некалькі гадоў таму на „Купальскім коле“. Адрозьненьняў як такіх я ня бачу, бо кожны фэст мае сваю спэцыфіку. Публіка нас таксама сустракае аднолькава цёпла. Цікава, што „Песьню Чугайстра“ ва Ўкраіне просяць выканаць па-беларуску, а ў Беларусі па-ўкраінску».

Пятро Ласеўскі (Пеця Аіст), украінскі вакаліст гурта Brutto:

«Цяпер такая агульная тэндэнцыя што на фэсты прыяжджаюць зусім розныя артысты і прадстаўляюцца розныя стылёвыя кірункі. Таму зьбіраецца ня толькі вузканакіраваная аўдыторыя, да прыкладу мэталісты, а людзі розных музычных густаў. Гэта ўласьціва фэстам, як у Беларусі, так і ва Ўкраіне, а істотных адрозьненьняў я не заўважыў. Вядома, у вас краіна меншая па колькасьці насельніцтва, таму фэстаў і наведнікаў можа быць менш. Адзначу добрыя байк-фэсты ў Берасьці і Лідзе. З маштабных вылучу „Рок за Баброў“ і „A-fest“».

Беларусы актыўна наведваюць украінскія фэсты. Зь некаторымі зь іх даводзілася паразмаўляць на гэты конт. Большасьць адзначае тое, што на ўкраінскіх фэстах у адрозьненьне ад беларускіх няма міліцыі і амапаўцаў, ахоўнікам усё адно зь якім сьцягам ты ідзеш, як ты апрануты і што намалявана на тваёй цішотцы, а гэтыя фактары даюць адчуваньне абсалютнай свабоды, калі ты адпачываеш і канцэнтруесься на музыцы і сваіх пачуцьцях.

Як бы там ні было, але мы лічым, што варта падтрымліваць фэстывальны рух, як на Радзіме, так і ў суседзяў і наогул па ўсім сьвеце. Фэсты — гэта добрая нагода павандраваць, адкрыць для сябе новыя гурты і завесьці знаёмствы з аднадумцамі.

Мікіта Пастухоў, Іна Нячай, фота Мікіта Пастухоў, для TuzinFM