Jazz БССР-3. Кароль танга Оскар зь Дзьвінску (аўдыё/фота)
166 / 0
04.10.2019

Jazz БССР-3. Кароль танга Оскар зь Дзьвінску (аўдыё/фота)

Трэцяя частка зь перадгісторыі беларускага джазу распавядае пра творчасьць габрэя зь Віцебшчыны Оскара Строка, якога называлі «каралём эўрапейскага танга».

На TuzinFM і «Радыё Рацыя» працягваецца дакумэнтальны музычны сэрыял пра беларускі джаз, які падрыхтаваў аўтар рубрыкі !OUT Віктар Сямашка. Трэцяя частка адкрываецца малавядомай цытатаю Адама Бабарэкі: «Чалавек будзе шукаць „адпачынку“ — асалоды ад штодзённых азвычаеных клапот і знаходзіцьме яго ў нацыянальным мастацтве — культуры, як цяпер яго знаходзяць, скажам, у джаз-бандзе». Вашай увазе тузін тэзісаў з гэтай часткі, якая прысьвечаная «каралю танга» Оскару Строку. Музыка паходзіў зь беларускіх габрэяў, а для вызначэньня ўласнае музыкі часта ўжываў тэрмін «джаз». Цалкам праграму можна паслухаць у аўдыёпадкасьце аўтара на Mixcloud.

1. Цягам больш чым стагодзьдзя горад Дзьвінск адносіўся да Віцебскае губэрні, пасьля знаходзіўся ў складзе БНР (чальцом рады быў ураджэнец места Кастусь Езавітаў) і таксама кароткі час у БССР. У горадзе працавалі беларускія дзеячы (кшталту Ластоўскага, Луцкевіча, Мядзёлкі) ды арганізацыі (кшталту «Бацькаўшчыны»), узьніклі Дзьвінская беларуская гімназія з музэем унутры, гістарычнае таварыства.

2. Адначасова Дзьвінск лічыўся адной са сталіцаў габрэйства. Тройка найбольш славутых дзьвінскіх габрэяў у адваротным парадку па часе нараджэньня: Арон Круп — першы беларускі бард, які атрымаў усесаюзную вядомасьць, Марк Ротка (у арыгінале Маркус Ратковіч) — амэрыканскі мастак-абстракцыяніста, і Оскар (Ошэр) Строк — неафіцыйны кароль эўрапейскага танга.

Оскар Строк з жонкай і дачкой (з кнігі А. Гімэрвэрта)

3. Бацька Строка Давыд быў родам зь мястэчка пад Віцебскам, а ў Дзьвінску пасяліўся пасьля таго, як тузін гадоў адслужыў у царскім войску музыкантам. Менавіта падчас службы Давыд засвоіў флейту, клярнэт, трубу ды габой. Таму па вяртаньні з войска працягнуў займацца музыкай ды стаў клезмэрам. Разам са сваёй капэляй граў на вясельлях амаль па ўсёй Віцебшчыне.

4. Дом Строкаў у Дзьвінску называлі кансэрваторыяй — уся сям'я грала, асабліва сыны. Оскар стаў восьмым дзіцем. Зь дзяцінства Осю атачалі вундэркінды, таму ён і сам мусіў ім стаць. Пляменьніка Аляксандра Дубянскага з малых гадоў называлі геніяльным піяністам. Другі пляменьнік Яўген Антопальскі здабыў славу як скрыпач-віртуоз. Родны брат Леў стаў вядомы як амэрыканскі гастралюючы скрыпач Леа Строкаў. А старэйшы Аўсей абраў прафэсію імпрэсарыё, жыў у Харбіне й Токіё.

5. Упершыню цікаўнасьць да музыкі Оскар Строк праявіў у 6 гадоў. Бацька прывозіў яму зь Віцебску зборнікі фартэпіянных эцюдаў. У 10-гадовым узросьце Строк напісаў свой першы салённы раманс ды неўзабаве, як і раней старэйшыя браты, паступіў у Пецярбурскую кансэрваторыю, але дыплём у выніку не атрымаў.

6. Падчас вучобы ў Піцеры Строк працаваў тапёрам і рэпэтытарам. Адкрыў уласнае нотнае выдавецтва. Зрэшты, праіснавала кантора меней за год. Незважаючы на тое, што Строк у 1917 годзе падтрымаў рэвалюцыю, ягонае выдавецтва нацыяналізавалі.

7. Па завяршэньні Грамадзянскае вайны сямя Строкаў вырашыла адгукнуцца на заклік Устаноўчага сойму Латвіі, каб былыя жыхары вярталіся на радзіму. Яны пасяліліся ў Рызе. Строк уладкаваўся піяністам у рэстарацыю. Апроч рамансаў, пачаў пісаць навамодныя танцы — факстроты ды ўанстэпы. Акром таго, акампанаваў расейскім сьпявачкам, калі тыя прыяжджалі ў Латвію з гастролямі. У прыватнасьці, Антаніне Няжданавай ды Надзеі Плявіцкай (будучае агенткі Лубянкі).

7. У Рызе зьявілася новае нотнае выдавецтва «О.Д.Строк». Акром нотаў, яно пачала выдаваць і прэсу. Свой першы часопіс Оскар Строк назваў «Новая нива». Чытачамі мусілі стаць расейскамоўныя жыхары Латвіі ды Францыі. У рэдакцыі працаваў Аляксандар Пярфільеў, былы белагвардзеец і будучы супрацоўнік Radio Liberty. Ён жа пісаў тэксты да песень Строка паводле першасных загатовак кампазытара.

Архіўная вокладка «Новае нівы» (з кнігі А. Гімэрвэрта)

9. Як канстатуе біёграф Анісім Гімэрвэрт, у сярэдзіне 1920-х гадоў рыжанін Оскар Строк «зранку пісаў музыку, удзень займаўся сваім выдавецтвам, увечары пераўтвараўся ў рэстарацыйнага піяніста». У элітнай рэстарацыі «Альгамбра» пры гатэлі «Франкфурт-на-Майне» Строк граў у асобным кабінэце акадэмічны рэпэртуар. У іншых рэстарацыях «Ота Шварц» альбо «Факстрот-дзіле» выконваў уласныя факстроты.

10. Пераломны момант у кампазытарскім лёсе Оскара Строка адбыўся напрыканцы 1920-х гадоў, калі ў Рыгу з Бэрліну прыехала аркестра Марэка Вэбэра. У тыя ж часы Оскар паспрабаваў зьвярнуцца да танга. Паводле падлікаў дасьледчыка Яніса Кудыньша ў творчым даробку Строка сярод +/-350 твораў танга складаюць каля 40.

 

Ноты танга «Чорныя вочы»

11. Прэм’ера танга «Чёрные глаза» ў выкананьні аркестры Вэбэра адбылася ў Эдынбурскім летнім тэатры, там, дзе цяпер месьціцца канцэртная заля Dzintari. Першы запіс будучага шлягеру на кружэлку ажыцьцявіўся ў Бэрліне ў кастрычніку 1929 году з вакалам Марэкса Беларусава (ён жа Марк Левін). У 1930 годзе зьявіўся аўтарскі «Адказ на „Чорныя вочы“». На першых савецкіх выданьнях гэтае ж песьні этыкетку аздабляў надпіс «джаз с пением».

Оскар Строк

12. Галоўным выканаўцам міжваенных твораў Строка стаў Пётар Лешчанка, родам з-пад Адэсы. Артыста насьпяваў на плыткі з найлепшымі эўрапейскімі аркестрамі 10 з чортавага тузіна Строкавых супэршлягераў. Менавіта дзякуючы кампазытару, Лешчанка й перакваліфікаваўся з танцора ў сьпевака.

На загалоўным фота: нотнае выданьне з партрэтам О. Строка (з кнігі А. Гімэрвэрта)

Віктар Сямашка, TuzinFM