Jazz БССР-7. Эдзі Рознэр — ад «амэрыканскай сэнсацыі» да ўлюбёнца Панамарэнкі (аўдыё/відэа/фота)
199 / 0
04.11.2019

Jazz БССР-7. Эдзі Рознэр — ад «амэрыканскай сэнсацыі» да ўлюбёнца Панамарэнкі (аўдыё/відэа/фота)

Апошнія канцэрты ў Эўропе ў якасьці «амэрыканскай сэнсацыі», уцёкі ад нацыстаў з Варшавы ў беларускі Беласток, выступы ў Львове перад перакладчыкам Сталіна і непрыстойна апранутымі жонкамі савецкіх афіцэраў, запрашэньне ўзначаліць джаз-аркестру БССР. Працяг прыгодаў першага беларускага джазмэна.

На TuzinFM і «Радыё Рацыя» працягваецца дакумэнтальны музычны сэрыял пра беларускі джаз, які падрыхтаваў аўтар рубрыкі !OUT Віктар Сямашка. 7-я частка перадгісторыі беларускага джазу апісвае заканчэньне «эўрапейскага» этапу ў творчай біяграфіі Адольфа (Пінхаса бэн-Іцхака) Рознэра, які напрыканцы 1930-х стаў Адольфам Ігнацьевічам ды пагадзіўся ўзначаліць Дзяржаўны джаз БССР.

Гэй, музыка! Грай! Джаз! Рэж! Смалі!..

Гэй, джаз-бандыты, іграйце! Я расплачваюся натураю. Лаві.

Васіль Шашалевіч

Прапануем галоўныя тэзісы. Цалкам гэтую ды іншыя сэрыі можна паслухаць у падкасьце аўтара.

1. У 1938 годзе Ady Rosner and his Band выправіўся ў турнэ па Паўночнай Эўропе. Дзеля гэтага бэнд цалкам замяніў польскіх аркестрантаў на флямандзкіх, а тыя сказілі свае імёны на амэрыканскі ўзор. Да прыкладу, будучы чалец беларускага Дзяржджазу Лазар Маркевіч стаў Луісам Марка. У прэсе фармацыя пазыцыянавалася як «амэрыканская сэнсацыя». У сьпісе наведаных гарадоў значацца Ольбарг, Рыга, Хэльсынкі, Стакгольм ды іншыя месцы. Дарэчы, сястра Рознэра Эрна ў той жа час даслала брату гарантыйны ліст на эміграцыю ў Злучаныя Штаты, аднак той не захацеў перапыняць турнэ.

2. Нямецкі ўрад ізноў нагадаў габрэям-мігрантам пра сябе. Імпэратарскія замежныя пашпарты — такі ж меў і ўраджэнец Бэрліна Эдзі Рознэр — абяўляліся несапраўднымі. У выніку швэдзкія памежнікі цягам сутак не хацелі пускаць яго на бераг. Тым ня менш, канцэрт у Стакгольме адбыўся 21 лістапада 1938 году ды завершыў турнэ. У Польшчу Рознэр вярнуўся без аркестры й грамадзянства. Зь цяжкасьцямі атрымаў від на жыхарства й права на працу.

3. Увесну 1939 году Эдзі Рознэр пазнаёміўся з будучай жонкай Руф’ю (альбо Рут) Камінскай-Туркоў. Маці Рут Іда Камінская, будучая намінантка на Оскара, служыла актрысай Габрэйскага тэатру ў Варшаве. Бабуля Эстэр Рахель Камінская зьяўлялася «matkoj teatru żydowskiego» ды паходзіла зь мястэчка Поразава, што на Гарадзеншчыне. Акром іўрыту ды ідыш, Рут валодала асноўнымі эўрапейскімі мовамі. У пазьнейшай дакумэнтацыі Дзяржджазу БССР яе падпісвалі як «сьпявачку-альт».

Дзяржджаз БССР у Харкаве, 1940 г. На пярэднім пляне — Эдзі Рознэр і Рут Камінская (зьлева ў капелюшы)

4. Апошнім перадваенным ангажэмэнтам Эдзі Рознэра сталіся выступы ў клюбе Pod wieżą ў Цехацінку непадалёк ад Торуні. У верасьні 1939 году пачаліся бамбаваньні Варшавы. Кватэра Камінскіх была зруйнаваныя ў першыя ж дні вайны. Шматлікая сямя хавалася ва ўжо закінутым клюбе Esplanada. Напрыканцы месяца, калі бамбаваньне спынілася й гітлераўцы занялі польскую сталіцу, Эдзі Рознэр накіраваўся ў камэндатуру гестапа. Пра гэта піша ў сваіх успамінах Рут Камінская: «Эдзі прадставіўся як немец і запатрабаваў на бездакорнай нямецкай мове, каб тыя забясьпечылі яго прадуктамі. Яны паслалі зь ім жаўнера на матацыкле, загружаным ежай».

5. Калі стала вядома, што цешчу Рознэра шукаюць немцы, сямя вырашыла рухацца на ўсход. Раней у Беластоку Камінскія неаднаразова выступалі са сваім тэатрам. Да іх далучыўся сьпявак Лётар Лямпель й яшчэ некалькі музыкаў.

Маюцца сьведчаньні, што дзеля кансьпірацыі Эдзі Рознэр пакінуў Варшаву ў форме Вэрмахта. Пасьля вайны джазмэн зьняўся ў эпізадычнай ролі гітлераўскага афіцэра ў савецкім фільме «Адзін шанец з тысячы».

Эдзі Рознэр (у блакітнай форме) у эпізодзе фільму «Один шанс из тысячи», 1968 г.

6. У архіўных дакумэнтах пазначаецца, што Эдзі Рознэр апынуўся на савецкай тэрыторыі 13 кастрычніка 1939 году, а новы пашпарт атрымаў толькі ў сьнежні 1940-га. Узрост на час прыбыцьця ў Беласток: 29 гадоў. «Стаж работы по искусству»: 12 гадоў. Далей цытата з анкеты Рознэра Адольфа Ігнацьевіча: «Нацыянальнасьць: габрэй. Сацыяльнае паходжаньне: рабочы. Прафэсія: музыка. Асноўная спэцыяльнасьць: музыка-трубач. Грамадзянскай адукацыя: вышэйшая. Партыйнасьць: б/п».

Асабістая картка Эдзі Рознэра з фонду БДАМЛіМ

7. Агледзеўшыся, Адольф Ігнацьевіч вырашыў рухацца далей — зь Беластоку ва ўжо таксама савецкі Львоў, які падаваўся не такім малым і правінцыйным. Акром таго, незадоўга да пачатку Другое сусьветнае Эдзі Рознэр падпісаў кантракт на сэрыю канцэртаў у тым горадзе. Высьветлілася таксама, што ў Львове жыве сваяк — брат мужа Іды Камінскай. Рознэр знайшоў працу ў мясцовых рэстарацыях. Спачатку ў Bagatelle (на вуліцы Рэйтана-3), потым у Bristol (Легіёнаў-21).

8. Увогуле, значная частка прадстаўнікоў міжваеннае эстрады Польшчы, была родам менавіта са Львова. Да прыкладу, скрыпач Эміль Брух, які далучыўся да львоўскага складу Рознэра, а перад тым сам кіраваў аркестрамі. Разам з Эрвінам Вальфайлерам да Рознэра ізноў трапіў саксафаніст Францішак Гуркевіч, зь якім яны гастралявалі па Францыі, а таксама браты Хаар. Леапольд і Зыгмунт Хаары (сапраўднае прозьвішча Спрынгер) ў міжваеннае Польшчы набылі вядомасьць, як мастакі-графікі, фатографы, дэкаратары, а да таго мультыінструмэнталісты, аўтары тэкстаў ды музыкі.

9. Сьпяваў у новай фармацыі Рознэра Станіслаў Ляндаў. Ён колісь вучыўся ў львоўскай гімназіі. Перад тым, як ізноў апынуцца ў Львове, у верасьні 1939-га Ляндаў удзельнічаў у абароне Польшчы. А годам раней стварыў у Кракаве Bandu — гэтак зваўся ансамбль. Лідэр Bandy меў псэўданімы Стэнлі Ляўдан, Стась Астраленка ды Містэр Вэрсэтайл (што значыць рознабаковы). У СССР Станіслаў Ляндаў стаў вядомы, як першы выканаўца вальсу «Синий платочек».

Сьпявак і кампазытар Станіслаў Ляндаў

10. Cярод слухачоў Эдзі Рознэра ў «Брысталі» быў заўважаны перакладчык наркама замежных справаў СССР Вячаслава Молатава Валянцін Беражкоў (па хуткім часе й перакладчык Сталіна). Беражкоў згадваў кардэбалет у імпрэзах Рознэра ды элемэнты стрыптызу. На канцэрты прыходзілі таксама афіцэры Чырвонае арміі зь непрыстойна апранутымі жонкамі. Справа ў тым, што ня надта абазнаныя ў модзе савецкія кабеты прынялі начныя кашулі, што засталіся ад старых гаспадароў альбо былі набытыя ва ўцекачоў, за вечаровыя сукенкі.

Рэстарацыя Bristol у Львове. З кнігі Кшыштафа Карпіньскага

11. Праз інтрыгі львоўскага дырыгента-канкурэнта Генрыка Варса ды запрашэньні з боку былых калегаў і беларускіх чыноўнікаў Эдзі Рознэр вярнуўся ў Беласток. Сваю ролю сыграла намесьніца старшыні Камітэту па справах мастацтваў БССР Фаіна Дадзіёмава. Пры ейным удзеле ў Заходняй Беларусі зьбіраліся ў музыкаў ды артысты, ствараліся тэатры ды аркестры. Менавіта Дадзіёмава прывезла ў Менск разам з тэлепатам Вольфам Мэсынгам цэлую пляяду акадэмічных кампазытараў — Эдзі Тырманд, Генрыха Вагнэра, Мечыслава Вайнбэрга ды Льва Абеліёвіча. Крыху пазьней яна стане галоўным беларускім цэнзарам — узначаліць Галоўліт.

Панцеляймон Панамарэнка (крайні зьлева)

12. Што магло падштурхнуць тагачаснага кіраўніка Беларусі Панцеляймона Панамарэнку да заснаваньня Дзяржаўнае джаз-аркестры БССР?

а) Загад зьверху. У 1936 годзе савецкія ўлады вырашылі ствараць музычныя калектывы ўсесаюзнага значэньня: сымфанічную, духавую альбо джазавую й народна-інструмэнтальную аркестры + харавую капэлу. Аналягічныя фармацыі мусілі ўзьнікнуць і ў кожнай саюзнай рэспубліцы.

б) Асабістая любоў да джазавае музыкі. Партыйны кіраўнік сабраў вялікую калекцыю замежных кружэлак і, відавочна, хацеў мець уласны джаз.

в) Гастролі тэа-джазу Леаніда Ўцёсава па Заходняй Беларусі ўвосень 1939 году. Уцёсаў тады ўключыў у свой рэпэртуар творы Оскара Строка ды Ісака Любана.

Леанід і Эдыт Уцёсавы выконваюць «Будьте здоровы» аўтарства Адама Русака і Ісака Любана

г) Турнэ па СССР нямецкага джаз-бэнду Weintraubs Syncopators у 1935—1936 гадах, у якім раней граў Эдзі Рознэр.

д) У 1940 годзе мусіла прайсьці Першая дэкада беларускага мастацтва ў Маскве. Зрэшты, аркестра Рознэра на яе ня трапіла.

На загалоўным фота: фотакартка з Эдзі Рознэрам канца 1930-х.

Папярэднія часткі даступныя па тэгу Jazz БССР

Віктар Сямашка, TuzinFM