Павел Латушка. 25 год у сістэме: кар’ера, хлусня, пакаянне
248 / 0
05.10.2020

Павел Латушка. 25 год у сістэме: кар’ера, хлусня, пакаянне

Павел Латушка на ютуб-канале “Тэлебудка” шчыра адказвае на пытанні пра сваю дзейнасць на пасадзе міністра культуры і зайздрасць да сябе, упершыню агучвае імя аўтара “чорных спісаў”, распавядае, чаму ў яго на вяселлі граў Алесь Камоцкі, як завёў інстаграм, а таксама чытае ўласныя вершы пра Беларусь.

Пра свой вымушаны ад’езд сябра Каардынацыйнай Рады распавядае, што ў дзень, калі Лукашэнка выказаўся, маўляў Латушка «перайшоў чырвоную лінію» і будзе прыцягнуты да адказнасці, ён знаходзіўся на тэрыторыі адной з амбасадаў у Мінску і не меў планаў з’язджаць з Беларусі: “Я прасіў, каб некалькі дзён я мог правесці на тэрыторыі амбасады. У нядзелю, я спадзяваўся, мяне падтрымаюць маніфестоўцы, яны прыйдуць і забяруць мяне, а я буду працягваць сваю дзейнасць. Але мне адказалі, што гэта немагчыма, бо атрымалася б сітуацыя з яшчэ адным Асанжам у Беларусі.”

Даведаўшыся пра гісторыю Марыі Калеснікавай, быў уражаны яе ўчынкам: “Гэты ўчынак, варты самай высокай ацэнкі. І ім мы павінны ганарыцца. І людзьмі, якія выходзяць на вуліцы, таксама. Мы ўвогуле павінны ганарыцца, што нарэшце сталі нацыяй, народам. Улада гэта не зразумела.”

Згадваючы пра часы міністэрскай дзейнасці, адзначае спробы пераканаць улады ўшанаваць памяць Васіля Быкава, якія завершыліся адкрыццём музея: “Адкрыць помнікі было практычна немагчыма. Лукашэнка стаяў на пазіцыі, што гэта не варта рабіць: маўляў, прыйдзе новая ўлада і будзе зносіць гэтыя помнікі, таму выдаткоўваць на гэта грошы не мае сэнсу.”

Павел Латушка ўпершыню публічна агучыў гісторыю ўзнікнення і імя аўтара “чорных спісаў” артыстаў: “Гэта адбылося на нарадзе ў Адміністрацыі прэзідэнта пад старшынствам А. Радзькова, дзе былі ўсе міністры сацыяльнага блоку. Ірына Дрыга, аўтар гэтага спіса, раздала ўсім паперу без подпісу, дзе былі ўпісаныя ўсе, каму забаронена выступаць з канцэртамі. <...> Там былі нават амерыканскія акцёры, фільмы з якімі нельга было паказваць па тэлебачанні. Нават Казіятка, генеральны дырэктар СТБ, смяяўся з гэтага.“

 

чорны спіс

 

На пытанне пра свае прэзідэнтскія амбіцыі адказаў, што падчас таго, калі быў міністрам культуры, КДБ пастаянна дакладала пра такое жаданне ў яго: “Але я ніколі не прадпрымаў ніякіх захадаў. Некалькі дзён да таго, каб падаць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у гэтым годзе, была гутарка, што мне трэба спрабаваць і што я павінен гэта зрабіць. Я тады сказаў, што гэта робяць тады, калі ёсць каманда, а ў мяне каманды няма. Аднаму ісці - ніякага сэнсу. <...> Сёння мае амбіцыі - стаць дэпутатам парламента незалежнай Беларусі. Але сёння пра гэта пакуль не ідзе размова.”

 

Глядзіце поўную версію: