Зоя Белахвосцік: Купала радуецца за нас і ганарыцца намі
4250 / 0
08.10.2020

Зоя Белахвосцік: Купала радуецца за нас і ганарыцца намі

У жніўні 2020 разам з большасцю артыстаў трупы Зоя Белахвосцік сышла з Купалаўскага тэатру на пратэст супраць звальнення дырэктара Паўла Латушкі, а 4 верасня актрыса даведалася, што кантракт з ёй не будзе працягнуты і ў Акадэміі мастацтваў, дзе яна больш за 20 год выкладала курс акторскага майстэрства. Пра тое, як усё адбывалася, куды ўсё ідзе і свае пачуцці — у нашай гутарцы.

Зоя Белахвосцік – народная артыстка Беларусі, акторка Купалаўскага тэатра ў трэцім пакаленні. У тэатр прыйшла ва ўзросце 22 гадоў. Першай роляй стала Паўлінка ў аднайменным спектаклі. На сцэне – сорак гадоў.


— Звальненне з Акадэміі стала для Вас нечаканасцю, альбо Вы прадугледжвалі такі расклад?

Я падазравала, што так будзе. Калі ў нас такая ўлада, якая спачатку кажа: “Хай купалаўцы ідуць і арэндуюць памяшканні”, а потым ўсе шляхі закрывае - тады як мы хочам проста працаваць, зарабляць грошы, ладзіць добрыя канцэрты – то можна было прадбачыць і такое.

— Як Вы даведаліся, што больш не будзеце выкладаць?

Пачалося з таго, што я патэлефанавала Вячаславу Паўлавічу Паўлюцю – ён загадчык кафедры Майстэрства актора і мой калега купалавец, і ён мне сказаў, што здолеў паручыцца за мяне (хоць што тут ручацца? У мяне дыпломны курс!..), і што ўсё павінна быць нармальна. Гэта было ў пачатку верасня. Я падумала: ну дзякуй богу, мае студэнты не будуць кінутымі. 

Але, напэўна, пайшоў далейшы ціск, большы. І калі я пайшла адносіць дакументы да загадчыка аддзела кадраў, якога ведаю не першы год – той, не падымаючы на мяне вачэй, сказаў: “Ну, толькі пасля таго, як падпіша Баразна”. І я адразу зразумела – усё.

— То-бок, раней такога не было? Раней дамову аўтаматычна падпісвалі, узгадняючы яе неяк “па змоўчванні”?

Безумоўна! Раней я пра нешта такое і не ведала. Проста прыносіла заяву - бо там такая сістэма, што мы звальняемся напрыканцы навучальнага году і ўладкоўваемся ў верасні наноў. 

І вось мінае дзень, другі. Ну што далей чакаць? Усё было зразумела. А на трэці дзень зноў патэлефанаваў Вячаслаў Паўлавіч (Паўлюць) і загробным такім тонам сказаў: “Усё, што я змог зрабіць – гэта тваім вучням не трапіўся нейкі зусім жахлівы мастацкі кіраўнік”. І зараз мастацкі кіраўнік у маіх студэнтаў - мой муж Аляксандр Гарцуеў. Дзякуй богу, яны яго любяць і паважаюць, а я такім чынам змагу праводзіць з імі сваю сістэму, сваю мастацкую палітыку.

— Але ўжо па-за сценамі вучэльні?

Нагі маёй там не будзе. Я не магу дараваць такое зневажальнае стаўленне – як разбягаліся людзі вакол мяне на калідоры, як ад праказы. Я заходзіла і ішла як пракажаная.

— Насамрэч? Здавалася, там працуюць творчыя людзі.

Я таксама так думала.

— А калі б раптам – ну раптам! – рэктар Акадэміі Міхаіл Баразна Вам патэлефанаваў і запрасіў, Вы б вярнуліся?

(Доўгае маўчанне.) Я б вярнулася. Але такога не будзе.

— Ці добра я разумею, што на сённяшні (а дакладней, учорашні) дзень у Акадэміі выкладала толькі двое купалаўцаў – Вы і Вячаслаў Паўлюць?

Так, прычым, ён меў у тэатры толькі паўстаўкі, а асноўнае месца яго працы – менавіта Акадэмія. Раней быў яшчэ Пінігін, вёў рэжысёрскі курс, але ўжо не вядзе і не будзе весці ніколі, бо гэта вельмі складана. Тое, што ў Акадэміі творыцца – цяжка трываць... 

— Што менавіта?  

 Там штогод змяняецца навучальны план: усё менш гадзінаў прызначаецца на прафесійныя заняткі. Калі набіраюць на курс рэжысуры, той, хто прыйшоў, той і паступіў, прыхозіць некалькі дзяўчынак – і яны і застаюцца вучыцца. 

— Конкурсу няма зусім?

Конкурсу няма. Каб конкурс быў, нельга набіраць на курс рэжысуры кожны год, дастаткова раз на пяць год, раз на чатыры. Тады назбіраецца колькасць нармальных людзей, і можна абраць 4-5 чалавек, і не болей. Там павінныя быць людзі адукаваныя, дасведчаныя, а бяруць проста са школы. У Пінігіна былі з гэтым вельмі вялікія праблемы. Чалавека даводзіцца цягнуць да чацвёртага і пятага курсу, бо выгнаць яго немагчыма. Я кажу пра яго прафнепрыдатнасць - а ў адказ чую, што “ну, харошая ж дзевачка, няхай вучыцца”.

— Хто гэта гаворыць? Гэтая палітыка сыходзіць ад рэктара, ці гэта ідэалогія, якая неяк прасочваецца іншымі сцежкамі ў вучэльню?

Гэта палітыка дзяржаўная: маўляў, хай усе вучацца, адукоўваюцца, нічога-нічога, нармальна...

— А фактычна - адбываецца дэградацыя прафесіі.

Абсалютна. Мы там працуем – я, і Саша, і Слава – бо гэта нашая альма-матэр, і мы разумеем, што калі мы сыйдзем, то наогул будзе так...

— Колькі год Вы выкладалі ў Акадэміі мастацтваў?

Не памятаю дакладна, думаю, гадоў дваццаць.

— А памятаеце, хто Вас туды запрасіў?

Канешне. Мая настаўніца Лідзія Аляксееўна Манакова мяне туды запрасіла. І мне было вельмі цяжка, я набывала гэтую педагагічную прафесію праз пот, кроў і слёзы – бо гэта зусім іншая прафесія, складаная, але я нейк вынайшла сваю метадалогію і вельмі радая, што магу чым-нечым дапамагчы маладым людзям. Магла.

 

 

— І колькі курсаў Вы выпусцілі?

Не памятаю таксама.  Тры завочных... Два вочных... Я ж яшчэ працавала побач з Лідзіяй Аляксееўнай спачатку... Першы мой курс – гэта той, дзе была Святлана Анікей, Алесь Малчанаў... Мае выпускнікі працуюць зараз таксама ў РТБД, у нас у Купалаўскім. Але я стараюся пра гэта не казаць, бо калі мы ўжо сустракаемся ў тэатры – то яны ўжо мае калегі. Я ніколі не лезу, ды гэта й немагчыма, навошта... Адно што - хочацца нейкай еднасці духоўнай, але я ж не мама і не тата, і немагчыма, каб яны за чатыры гады ўсе тыя кніжкі прачыталі, што я ім рэкамендую... 

— Вы звязваеце прафесію артыста з эрудыцыяй і начытанасцю?

Так, думаю, так. І зараз мне пачало здавацца, што людзі зноў пачалі больш чытаць, спадзяюся, я не памыляюся. Мае цяперашнія студэнты ўжо крыху іншыя. Дарэчы, яны – а іх там усяго 13 чалавек - зрабілі такую кранальную акцыю ў маю падтрымку... Яны казалі мне, што збіраюцца пайсьці да рэктара, але я адгаворвала іх, бо мяне ўжо не вернеш, а сябе можна падставіць пад агонь. Я казала: мае залатыя, усё будзе добра, я нешта прыдумаю, я знайду магчымасць, каб з вамі быць.

— А ці добра я разумею, што Вы на сёння не працуеце зусім нідзе? Помню, калі мы сустракаліся ў мінулы раз, было вельмі няпроста падладзіцца пад Ваш запоўнены графік.

Так, цяпер я зусім нідзе не працую.

— І як выглядае Ваш дзень? Вольны палёт?

І так, і не. Ведаеце, паколькі мы сыходзілі з Купалаўскага ўсе разам, то стараемся і трымацца разам. Мы знаходзім магчымасці сустракацца і нешта рабіць самім: ладзім канцэрты для людзей, якія хочуць нас бачыць – для айцішнікаў, журналістаў. 

Але галоўнае, што нас трымае разам цяпер – гэта выпуск “Тутэйшых”. Вось учора вечарам нарэшце адбылася адкрытая рэпетыцыя, мы вельмі і вельмі хваляваліся, ці ўсё атрымаецца.

— Атрымалася?

Безумоўна так. 

— Гэтую пастаноўку вельмі чакалі. “Тутэйшыя” Купалы ў пастаноўцы Пінігіна апошні раз гледачы Купалаўскага бачылі ў 2010 годзе, а з'явіўся спектакль у 1990-м, і бел-чырвона-белы сцяг на сцэне напрыканцы пастаноўкі быў тады сенсацыяй – вельмі запатрабаванай сенсацыяй... Летась з'явілася рашэнне спектакль аднавіць. І вось ён вярнуўся – але напаўафіцыйна, і гэта не прэм’ера нават, а адкрытая рэпетыцыя – без рэклямы, без помпы. Як на Вашае адчуванне, ці рэзануе спектакль, як раней, ці стаў, можа, адгукацца мацней, ці наадварот – гучыць менш актуальна? 

Скажу так: у новай версіі я не граю ўжо Аленку, яе грае мая дачка (Валянціна Гарцуева). У спектаклі ўсе цудоўныя, але мне там граць няма каго, я проста выходжу на адну хвіліну ў эпізадычнай ролі. А большую частку спектаклю я сяджу за кулісамі, бо там няма куды дзецца, там ні выхадаў, ні захадаў. І ведаеце, я сяджу, гляджу, слухаю – і плачу. Вось настолькі яно рэзануе. 

Можа, гэта стан нашага тэатру так адбіваецца, а можа - агульная сітуацыя ў краіне, якая і праўда страшэнная, але ў мяне ўсё як па жывым там – я і смяюся, і плачу. Ну, і ўсе працуюць абсалютна цудоўна. Нашая моладзь там проста супер!

 

Валянціна Гарцуева, Надзея Белахвосцік і Зоя Белахвосцік. Фота - FB Надзеі Белахвосцік

 

— Атрымалася ў Пінігіна задзейнічаць усіх, хто сыйшоў з тэатру?

Так, так. Мы і сышлі, і граем усе разам.

— А як моцна змянілася сама пастаноўка? Я выдатна памятаю версію з 90-х. Напэўна, няма ўжо тых шыкоўных дэкарацыяў, батлейкі – без уласнай сцэны няпроста ажыццявіць амбітныя ідэі. Што атрымалася?

Гэта, канешне, іншы спектакль. Іншы хаця б таму, што граюць іншыя людзі, з іншай абсалютна псіхафізікай. Ёсць змены ў характарах, у вобразах, вельмі сімпатычныя змены, ну і ёсць галоўнае – разуменне, што мы змаглі гэта зрабіць. 

— Але ўсё ж падрабязней пра форму?

Яна крыху іншая. Пінігін увёў там такі як быццам расповед кінарэжысёра, быццам бы здымаецца фільм пра “Тутэйшых”.

— Ой.

Ну так. Мне гэта не вельмі падабаецца, але гэта толькі падыход, форма, гэта не перашкаджае. 

— Ну, а Зносак – вялікі Зносак у выкананьні Манаева, такі арганічны, такі знаёмы да болю, такі неадназначны... Калісьці менавіта геній Манаева не дазваляў шукаць яму замену, прынамсі рэжысёр гэта так тлумачыў. Ці ўдалося ўтрымаць планку?

Зносака грае цяпер Паша Харланчук, і грае бліскуча. Проста Харланчук – не Зносак у жыцці, а Віктар Сяргеевіч Манаеў – ён і ў жыцці Зносак, таму, відаць, у яго гэта было так геніяльна. Але Паша – цудоўны абсалютна. Цудоўны таксама Янка Здольнік – Міша Зуй, ён разумны, іранічны. Раскошная Зношчыха Лена Сідарава – смешная, мілая, абаяльная, ну ўсе цудоўныя.

 

Павел Харланчук

Павел Харланчук. Фота - TUT.by

 

— А што ж з дэкарацыямі? 

Няма іх, мы ж у такім катуху граем. Але іх, можа, і не трэба... Усё гэтак сціпла, апрача, канешне, касцюмаў, якія рыхтавала нашая Каця Шымановіч, яна прыдумала, прадумала ўсе дэталі, такія слушныя, прыгожыя, і мы – як бедны тэатр, так і працуем. Але адчуваем сябе шыкоўна.

— У фінале “Тутэйшых” людзі плакалі: бо на сцэне з'явілася выява будынка тэатра, перакрэсленая чырвонымі лініямі, а акторы сталі ў “шчэпку” і паказалі знак вікторыі. Скажыце, а калі вы звальняліся – ці было страшна? Было адчуванне незваротнасці, няпэўнасці?

Быў страх, але ён быў недзе ззаду, шлейфам такім. Мы былі ўпэўненыя ў сваёй рацыі, без шкадавання пасля, без рэфлексій, без слёз. Наадварот: апошнія гады немагчыма цяжка было жыць, таму што вісела гэтае маўчанне, гэтае цярпенне, калі ты як путамі скаваны. Як путамі! 

— Гэта адчувалася наўпрост? Вы на сабе гэтыя путы адчувалі? У чым, напрыклад?

Гэта атмасфера, якая ціснула, вісела над намі. Гэтае вечнае “Сюды на канцэрт дзесяць чалавек, сюды тры. – А я не пайду. – Як гэта Вы ня пойдзеце, чаму?..”

Калі тэлефануе міністэрства і кажа, што калі будзе пэўны чалавек на ўчастку галасаваць, то і я павінна чамусьці там быць. Я кажу – не, я не буду там. “Вы добра падумайце. Падумайце. Добра. А мы Вам яшчэ раз перазвонім. Падумайце. Не памыляйцеся ж так.”

Я кажу – я і думаць не буду ні адной хвіліны, мяне там не будзе, я не магу. Я кажу, што мяне няма ў Мінску, і гэта праўда, я не хлушу – але ты ўсё адно як быццам выкручваешся, як несвабодны чалавек! Увесь час гэтае выкручванне – гэта немагчыма ўжо было...  Нас бы звольнілі ўсё роўна. 

— Думаеце?

Ведаю. Мы тады не ўсё ведалі, мы адчувалі, што чорныя хмары над намі, але Пал Палыч (Латушка) нам не казаў, а гэта яшчэ да выбараў пачалося – артысты ж не могуць маўчаць - калі спачатку Павал Харланчук запісаў зварот супраць гвалту, потым – зварот за вызваленне Бабарыкі падпісаў Пінігін, і Пал Палыч атрымаў тады ўказанне ўсіх звольніць. А пасля першага супольнага звароту яны сказалі, што трэба звольніць усіх, каго бачна на відэа.

— Што Вы адчуваеце да тых 15 артыстаў, якія засталіся ў тэатры?

У мяне няма да іх жалю. Я жорсткі чалавек, максімаліст. Я не магу сёння ставіцца з разуменнем да нейкіх чалавечых слабасцяў, патрэбаў. Калі я не паважаю – то ўжо ніколі не запаважаю.

Але я адчувала увесь час салідарнасць з калегамі – былі прапановы розныя, тэлефанаванні, лісты, парады – як страйкаваць, як баставаць, і вектар быў адзіны: працаваць мы не будзем, не можам. На сённяшні дзень у нас распраўленыя крылы, мы – сумленныя людзі.   

Народ падтрымлівае – нас пазнаюць, падтрымліваюць усюль, куды б мы не пайшлі: у метро, у краме, у ліфце, людзі проста кідаюцца да нас і ўсе кажуць – брава, купалаўцы! 

— У мяне такое ўражанне, што вы ўсе вярнуліся ў маладосць. Калі няма ні званняў, ні будынка, ні іерархіі, а ёсць бясстрашнасць, максімалізм і любоў. Але калі ўявіць, што гэта – надоўга? Што давядзецца туляцца яшчэ нейкі час, і граць прэм’еры ў гасцях і з пастаяннай рызыкай зрыву (як працуюць дзесяцігоддзямі нашыя музыкі) – то які ў Вас асабіста, і, калі можна, то – які ў тэатра варыянт “Б”?

Мы паглядзім, што з нашай перамогай, як будуць рухацца падзеі, і калі нам будзе зусім ніяк – скажам, калі будуць рэпрэсіі ў наш бок – то... Ну, пойдзем у партызаны (смяецца). Каб працаваць усім разам. 

— Скажыце, без чаго няма Купалаўскага тэатра? Чым ёсць тэатр? Яшчэ нядаўна дастаткова было ўвайсці ў Аляксандраўскі сквер – і аўра ўжо адчувалася, будынак як быццам распускаў нейкі водар, быў нябачным, але вельмі моцным магнітам, які паварочваў стрэлкі компаса. Цяпер ля яго пуста. Пуста ў грымёрках, на сцэне, у залі. Але тэатр – ёсць. Значыць, можна захаваць тэатр без гістарычных сценаў?

Я не хачу казаць, што Купалаўскі – адна дружная сям’я. Я не вельмі люблю гэтак казаць. Тут іншае, і крыху нават большае – калі людзей яднае любоў да прафесіі, і ты ўсіх падтрымліваеш, любіш, бачыш, як да цябе ставяцца людзі, як ты можаш падтрымаць моладзь, ганарыцца імі, радавацца іхным талентам. Гэта адносіны ў трупе. У той трупе, якая сышла, мы думаем аднолькава. Мы адчуваем аднолькава. Нам аднолькава баліць.

— А ёсць адчуванне місійнасці, адказнасці за тую традыцыю, якую вы падхапілі і трымаеце?

Ёсць. Я думаю, Купала радуецца за нас і ганарыцца намі. 

 

 Гутарыла Вольга Гардзейчык, для TuzinFM