Гомельскіх акцёраў звольнілі за падтрымку "купалаўцаў"
774 / 0
13.10.2020

Гомельскіх акцёраў звольнілі за падтрымку "купалаўцаў"

Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арлы – акцёры і заснавальнікі гомельскага “Team Theatre”, які з 2018 года працаваў на базе Палаца культуры “Беліцкі”. Апрача звыклай тэатральнай дзейнасці ён займаецца сацыяльнымі праектамі – працуе з людзьмі з інваліднасцю.

Учора дырэктар ПК “Беліцкі” паведаміў, што з 16 кастрычніка акцёры звольненыя. З крыніцаў, якія Андрэй вырашыў не агучваць, стала вядома: рашэнне прынятае ва Упраўленні ідэалагічнай работы Гомеля. Прычына – пасты ў сацыяльных сетках “ТІМ-тэатра”.


“Тое, што адбываецца ў нашых асабістых сацсетках, маёй і жончынай, - гэта адно, там з першага погляду бачна нашую грамадзянскую пазіцыю, - кажа Андрэй. – Мы не хацелі трансляваць яе праз тэатр, але куды далей трываць?.. Ад імя тэатра таксама пачалі пісаць: пост у падтрымку купалаўцаў, інструкцыя, як паводзіць сябе на мітынгах, верш Янкі Купалы ў выкананні мясцовага “Тэатра адкрытых” – словам, тое, што датычыць сітуацыі, якая склалася ў краіне”. 

Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арлы

 

Гэта не першы канфлікт акцёраў з гомельскімі ідэолагамі. У 2016 годзе Андрэя, Алесю і яшчэ некалькі чалавек звольнілі з Моладзевага тэатра, у якім яны служылі больш за дзесяць гадоў. 

“Я ўжо на той час быў вядучым майстрам сцэны, а жонка – актрысай вышэйшай катэгорыі. У той жа час мяне запрасілі ў Гомельскі абласны драматычны тэатр, дзе я меў галоўныя ролі.

Узнікла ідэя зрабіць тэатр бліжэй да гледача, інтымны тэатр. Такая практыка мелася ў Пецярбургу напачатку мінулага стагоддзя. То была дзея сам-насам з гледачамі, амаль вочы ў вочы. Над праектам працавалі мы з жонкай і яшчэ шэсць чалавек.

Ідэолагаў спыніла слова “інтымны”. Гэта стала галоўнай тэмай спрэчкі, якая адбылася паміж мной і тагачасным галоўным гомельскім ідэолагам Атаманчуком. Скончылася тым, што яшчэ не завершыўся сход, а нас ужо звольнілі – мяне, жонку і яшчэ некалькі чалавек”.

Бардухаевы-Арлы не пакінулі ідэю і заснавалі тэатр, пра які марылі. Назву давялося змяніць: з Інтымнага ён стаў “ТІМ-тэатрам”. “Усё адно ідэолагі пыталіся, чаму такая назва, што яна значыць. Мы вырашылі – няхай будзе “Творчасць, Інтэлект, Майстэрства”.”

Два гады яны цалкам забяспечвалі дзейнасць тэатра самі. Андрэй кажа, што па крэдытах расплочваюцца дагэтуль, “але яно было таго варта”. За час самастойнага жыцця тэатр паставіў 18 спектакляў і паралельна займаўся сацыяльнымі праектамі, стаў фіналістам конкурсу Social Weekend з ініцыятывай “Атмасферныя спекталі для невідушчых”.

Рэпетыцыя спектакля з невідушчымі акцёрамі “Аднойчы на радыё”

 

“Першы такі адмысловы спектакль быў створаны з падтрымкай драматурга Андрэя Курэйчыка. Ён падарыў нам п’есу. Гэта быў першы спектакль з завязанымі вачыма, для невідушчых. Потым мы сталі працаваць з інвалідамі па слыху, з людзьмі з ДЦП. Спадзяемся, што ў рэпертуары “ТІМ-тэатра” застануца спектаклі з удзелам людзей з інваліднасцю. Амаль увесь Гомель і ўсе арганізацыі, якія маюць дачыненне да інклюзіі, працуюць з намі”.


Адмыслова для сацыяльных праектаў Андрэй і Алеся стварылі фонд “Разам Тут”. Правялі два Інклюзіўныя балі для людзей з інваліднасцю: першы прайшоў з удзелам 50 чалавек, другі сабраў 120.

31 кастрычніка мусіў адбыцца трэці Інклюзіўны баль, удзел у якім планавалі ўзяць 150 чалавек.

Інклюзіўны баль, арганізаваны “ТІМ-тэатрам”, 1 лютага 2020 года

 

Абскарджваць звальненне Андрэй не збіраецца:

“Мы прайшлі ўсё гэта чатыры гады таму і ведаем, чым усё скончыцца. Мы будзем спадзявацца толькі на людзей, якія нас ведаюць, якія за чатыры гады зразумелі, чым мы займаемся і дзеля чаго працуем. Толькі на людзей. На дзяржаву няма ніякага спадзеву. Лапкі складаць не збіраемся. Ужо абвесцілі пра пошук новага памяшкання. І спадзяемся што той самы баль 31 кастрычніка ўсё ж такі адбудзецца”. 

Атрымаць каментарый Мікалая Святагора, старшыні Упраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага гарвыканкама, не ўдалося. Галоўны спецыяліст Сектара моладзевай палітыкі і культуры Андрэй Гарбар сказаў, што інфармацыяй не валодае.

 

Наста Грышчук, для TuzinFM

Тэгi: