Гурт "Тяни-Толкай": Тое, што здарылася 9-11 жніўня, перакуліла ўсё з ног на галаву
5143 / 0
20.10.2020

Гурт "Тяни-Толкай": Тое, што здарылася 9-11 жніўня, перакуліла ўсё з ног на галаву

Мы сустрэліся з гуртом, каб абмеркаваць творчасць, а таксама спытаць, як і чаму яны вырашыліся падпісаць Адкрыты ліст ад беларускіх творцаў.

Больш за 1500 беларускіх творцаў пакінулі свае подпісы пад Адкрытым лістом, сярод патрабаванняў якога - спыніць гвалт з боку праваахоўных органаў. Сярод прозвішчаў падпісантаў - удзельнікі гурта “Тяни-Толкай”, аўтары гімна “Алмаза”, заўсёднікі канцэртаў МУС і АМАП.


ПК - Павел Клышэўскі (бас, клавішы, тэксты), ПТ - Павел Тараймовіч (бубны), АЗ - Андрэй Заяц (гітара, вакал), КК - Кірыл Клішэвіч (клавішы)


– Вы пачалі граць разам у юнацтве, калі жылі на Каліноўскага ў Менску. А як выглядала вашая музычная адукацыя?

ПТ: Мы самавукі. Толькі Кірыл мае музычную школу за плячыма. Як мы пра сябе і пішам на сайце, “адукацыя была спачатку на вуліцы, а потым – у гаражы”. З’явілася гітара, дваравыя песні, потым сталі запісваць нешта на бабінны магнітафон, потым - самаробныя бубны, і так паціху, паціху... Пачалі здымаць гараж і рэпетаваць там, канцэрты пайшлі.

ПК: Мы - аматары музыкі, якія спрабуюць выдаваць гукі. Майстэрствам ня ззяем.

КК: А мне часам нават здаецца, што музычная адукацыя замінае, ставячы нейкія рамкі, аксіёмы, а той жа Паша, аўтар нашых песень – у яго, бывае, зусім нечаканыя гарманічныя хады нараджаюцца, якія не ўпісваюцца ў логіку музычнай граматы. 

– Ці ёсць у вас, акрамя легенд музыкі, у жыцці аўтарытэты?

ПТ: У мяне старэйшы брат быў маім аўтарытэтам, я стараўся на яго падобным быць.

ПК: Ды ўвогуле, жывеш, назіраеш людзей і думаеш – вось у гэтым ён лепшы за мяне, ну і стараешся навучыцца, узяць лепшае ад іх. А з людзей, якіх я не ведаю асабіста – няма, відаць, аўтарытэтаў.

– А тым часам самі вы, думаю, аўтарытэты для сваіх слухачоў. Ці ведаеце сваю аўдыторыю? Хто яны?

ПТ: Калі верыць статыстыкам youtube і на розных музычных пляцоўках, то нас слухаюць у асноўным мужчыны сярэдняга ўзросту, не школьнікі адназначна.

ПК: Але мы, пэўна, усё робім няправільна. Аранжыроўкі ж звычайна пішуцца, каб зачапіць нейкі слой публікі, а мы зусім на гэта не глядзім – запісваем толькі тое, што хочацца, танцавальнае, вясёлае ці сумную баладу. Прынамсі шчыра. Пры гэтым кліп “Нас с тобой судьба ломала” учора пераваліў за 5 мільёнаў праглядаў. Гэта крута.

Ігар Шуневіч уручае калектыўную ўзнагароду гурту з нагоды 100-годдзя беларускай міліцыі (фота - МУС)

 

– Для свайго слухача вы рамантызуеце людзей у пагонах. Адкуль гэта?

ПК: Мы ўсе выраслі на фільме “Афіцэры” і яму падобных фільмах. І ты як аўтар ідэалізуеш любую дадзенасць. Калі гэта песні пра каханне - ты даеш максімальныя пачуцці, каб закранула ўсіх, калі пішаш пра сяброўства - то хочаш укласці ў гэта тыя слынныя “розум, гонар, сумленне”. Каб  гэта чапляла.

Песні пра “Алмаз”, пра спецназ, узнагарода ад Шуневіча за падтрымку святкавання 100 год міліцыі... Вы супрацоўнічалі з дзяржаўным тэлебачаннем, калі палова вашых калегаў была ў "чорных спісах" і не магла выступаць... А рэпрэсіі за погляды, адрозныя ад поглядаў Лукашэнкі, пачаліся не ўчора. 

ПТ: Паша правільна сказаў – мы любім ідэалізаваць герояў сваіх песень. І вельмі шкада, што нічога ідэальнага няма...

– Сёлета паўтары тысячы творцаў падпісалі адкрыты ліст супраць гвалту, за паўторныя выбары і за прыцягненне да адказнасці кіраўнікоў сілавых структур. Пад лістом стаяць і вашыя подпісы. Шчыра кажучы, нечакана. Што змянілася?

ПК: Цяпер мы вельмі разгубленыя, што усё гэта... Не так.

– Я таксама вельмі доўга была рамантыкам, і хацела б быць ім і надалей, проста ў Беларусі гэта немагчыма. Ці правільна я разумею, што вы перагледзелі свае рамантычныя погляды на мундзір і цяпер бы чагосьці ўжо не рабілі, ці не будзеце так бескрытычна рабіць?

ПК: Я не разумею, як такое магло здарыцца, і як такое можа быць. Я проста ў шоку. На сённяшні дзень нам прыходзілі прапановы выступіць, я сказаў, што гэта абсалютна выключана. Такіх песень мы не спяваем пакуль.

ПТ: Хоць удзел у канцэрце ў гонар 100-годдзя міліцыі мы ўзялі абсалютна шчыра, і незразумела, чаму на нас так накінуліся. 

ПК: Але тое, што здарылася 9-11 жніўня, перакуліла ўсё з ног на галаву. Я сазвоньваўся з многімі знаёмымі, ветэранамі, якія ўжо на пенсіі, яны мне нешта там тлумачылі – але ў мяне дагэтуль нічога на месца не стала, я не разумею, як так можна... Гэта ж свае, людзі.

АЗ: Мне таксама блізкія і сваякі расказвалі – і яны не хлусілі, я ім веру – што былі збіцці, здзекі. Людзей як падмянілі, раней такога не было, такой жорсткасці.

– Было і раней, малацілі людзей і ў 90-я, і ў 2000-я, былі ж і Плошчы і разгоны, і турмы.

АЗ: Не было так. Цяпер значна больш жорстка.

ПК: Раней як: на вуліцы малатнулі, і ўсё, нармальна, афармляюць. А тут было так, што тры дні пасля затрымання яшчэ малацілі людзей, і вось такога не было ніколі. Гэта ж якая б псіхалагічная накачка мусіла быць, каб такое рабіць з уласным народам?..

– А калі ўявіць, што гэтая накачка была ў нейкай меры і дзякуючы вашым песням?

Гэтак можна прывязаць і ўсіх тых, хто здымае кіно і серыялы пра міліцыю, да і ўвогуле - заўсёды можна знайсці крайніх. Мы ў сваіх песнях малявалі вобраз сябра і абаронцы.

Справа - Дзмітры Кахно, двойчы асуджаны за грамадзянскую пазіцыю (фота belta.by)

 

– На 17 кастрычніка ў вас быў прызначаны канцэрт у к/з “Мінск”, я ўжо бачыла афішы. Яго адмянілі? Чаму?

З-за кавіду. Арганізатары сказалі, што рассадка праз 2 крэслы, то бок напаўненне залы – траціна, а затраты ж на канцэрт, арэнда, гук, абсталяванне – такое ж. Таму проста нявыгадна.

– Пандэмія дыктуе свае правілы, артыстам даводзіцца цяжка. Ці маеце план Б, каб застацца заможнымі людзьмі? Вы ж – заможныя людзі?

КК: Мы жывем толькі з музыкі. Але ў кожнага ёсць іншая адукацыя. Мы не прападзем!

ПТ: Сярод нас праграміст (у акулярах), два інжынера-металургі Паўлікі і аўтаслесар.

– Ого. Можна СТА адкрыць. І нарэшце стане зразумелым глыбінны сэнс назвы.

ПТ: Назву мы прыдумалі за дзень да першага канцэрту ў 1999 годзе, стоячы на аўтобусным прыпынку – бо нас пагражалі выкінуць са спісу выступоўцаў. І Паша прапанаваў: “А давайце назавемся Тяні-Толкай”. Гэта з казкі Карнея Чукоўскага, антылопа з дзвюма галовамі, і запамінаецца добра, і герой вядомы – калі хто чытаў кнігу. Прыкольна. Тым больш, у нас і музыка была тады раздзяўбайская, вясёлы панк. І мы назваліся, і занялі другое месца. Там выступала і група Каці Пытлевай, ёй было год 15 тады. 

КК: А ўчора, дарэчы, арыштавалі яе мужа, Каця ў фэйсбуку пісала.

ПК: Так... Потым мы думалі назву памяняць, але рашылі, што каней на пераправе ўжо не мяняюць.

– Беларуская версія “Цягні-Штурхай” як вам? Падабаецца ці раздражняе?

ПК: Назвы звычайна не перакладаюцца, таму хутчэй раздражняе.

ПТ: Не, ну больш гэта вясёлае. Гэты варыянт з’явіўся недзе ў 2000-2001, мы запісваліся ў Сыракваша, і туды прыйшоў нехта, хто збіраў беларускамоўны дыск, здаецца, Віталь Супрановіч, і нам прапанаваў уставіць туды беларускую версію песні “Дыска”. І вось там на вокладцы нас так і падпісалі.

– А адкуль узялася беларуская “Ундадаліда” у вашым рэпертуары?

ПТ: Гэта наша першая песня ўвогуле, ёй 20 год, і мы вырашылі яе пераспяваць, а перакласці прапанавала сястра Лёні Шырына Аня, і нам спадабаўся яе варыянт тэксту, таму так і запісалі. Самі мы не напішам па-беларуску, гэта трэба да кагосьці звяртацца па тэкст, але мы на гэта адкрытыя, мова гучыць вельмі прыгожа.

 

Канцэрт, прысвечаны Дню ўнутраных войскаў, 2019, (фота sb.by)

 

– Гісторыі ў вашых кліпах заўжды з хэпі-эндам, гэткія добрыя казкі. Свядома?

КК: Хай хаця б у кліпах усё будзе добра, у жыцці хапае злога.

– Калі мы дамаўляліся на размову, вы сказалі, што няма новых песень, дык няма пра што і размаўляць. Няма?

ПК: Ды не, новых песень валам. Проста я ленаваўся спачатку, потым перадумаў.

– Новыя песні рэзануюць з тым, што адбываецца навокал, і са зменай у вашых ацэнках рэчаіснасці?

ПК: Не, гэта гімны ідэям. Я паўтаруся – мы цяпер знаходзімся ў шоку ад падзеяў. Але калі артыст перастае быць рамантыкам, яму няма чаго рабіць на сцэне.

– Вы на беларускай сцэне 20 год, і ведаеце іншых артыстаў. Той жа Вольскі – ён таксама рамантык, але спявае пра тое, што яму баліць, пра што не можа маўчаць, і праз гэта і ён, і вельмі многія траплялі пад забарону выступаў, і гэтая сітуацыя трывае ўсе гэтыя 20 год.

ПК: Можна вярнуцца і ўспомніць і СССР, і сталінскія рэпрэсіі, і рэвалюцыю, і яе рэпрэсіі, і заўжды можна адматваць і шукаць нейкіх прычын. З Лявонам у нас добрыя адносіны, мы спявалі і трыб’ют НРМ, ён вельмі моцная асоба і моцны як музыкант. І – так, ён таксама рамантык. Бо рамантык – гэта той, хто дзейнічае, хто гарыць, хварэе ідэяй, верыць у яе.

– А ў што верыце вы? Якой вы хочаце бачыць Беларусь для сваіх дзяцей?

ПК: Я веру ў любоў. У сяброўства. У справядлівасць.

ПТ: Я мару, каб мой сын жыў у Беларусі, дзе яго будуць цаніць, шанаваць, дзе ён зможа рэалізавацца, дзе ўсё будзе шчыра, па праўдзе, і ніхто яго не будзе абмяжоўваць у яго жаданнях і марах.

КК: Я не хачу адсюль з’язджаць. Цяпер многія едуць – я не хачу. Я не хачу, каб з‘язджалі мае дзеці. Хачу, каб тут можна было дастойна жыць. І тыя ідэальныя, нават гіпертрафаваныя з’явы ў нашых песнях – калі яны будуць у рэальнасці, то гэта будзе крута. Вось у такой Беларусі я хачу жыць.

АЗ: Я лічу, што дзіцёнка галоўнае правільна выхаваць. І я таксама хачу жыць  тут, у сваёй краіне, і каб гэтая краіна як мага больш прыносіла радасці ўсяму народу, не толькі дзецям. І каб ніхто не хацеў з’язджаць, і каб мы ўсе ганарыліся сваёй краінай.

ПК: А мне здаецца, што межы размываюцца, і свет ідзе да таго, што межаў не будзе, і магчыма, нашыя дзеці будуць жыць дзе хочуць, і калі захочуць снег - паедуць на поўнач, а захочуць сонца – на поўдзень. Наш дом – планета.

– Але для нас, беларусаў, гэты выбар стаіць сёння – і гэта выбар “усход-захад”, то бок снег для дзяцей можа быць у Швейцарыі, а можа - у Сібіры.

ПК: Але Вы запыталі пра ідэал... А вяртаючыся да нашай рэальнасці – усё проста: нельга біць людзей.

 

 

Гутарыла ВГ для TuzinFM