Беларуская культура ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу
345 / 0
27.10.2020

Беларуская культура ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу

Мінулы тыдзень быў насычаны падзеямі – працягваліся арышты і ціск на дзеячоў і дзяячак культуры, але і супраціў таксама не сціхаў.

Беларускі фонд культурнай салідарнасці і 22 дзеячы і дзяячкі культурнай сферы запісалі відэазварот у падтрымку Народнага ультыматуму і Агульнанацыянальнай забастоўкі.

 

Круглы стол дзеля прадстаўнікоў творчых арганізацый і ініцыятываў

 

24 кастрычніка Беларускі ПЭН-цэнтр ініцыяваў у Мінску Круглы стол, падчас якога ўдзельнікі і ўдзельніцы абмеркавалі найбольш вострыя праблемы, з якім сутыкнуліся беларускія творчыя арганізацыі і іх сябры ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу, а таксама магчымыя і неабходныя сумесныя дзеянні. Удзельнікі і ўдзельніцы сустрэчы падтрымалі працу ПЭНа па зборы і аналізе парушэння правоў і свабод у дачыненні да культурных дзеячаў і дзяячак, а таксама вырашылі падтрымліваць камунікацыю і дзейнічаць разам. 

 

Супольная заява Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў

 

У супольнай заяве Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў падкрэслівае, што рэпрэсіі супраць інтэлектуальнай і творчай эліты, з’яўляюцца мэтанакіраванымі дзеяннямі рэжыму, якімі ён імкнецца перашкодзіць рэалізацыі права на свабоду слова і думкі, а таксама права на мірныя сходы і дэманстрацыі, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Арганізацыі падтрымліваюць агульнанацыянальны страйк! 



Затрыманні і суды, дыскрымінацыя, звальненне

 

20 кастрычніка ў Гародні быў затрыманы вядомы актывіст і музыка Ігар Банцар (Mister X). Меркавана, што Ігар праходзіць па крымінальнай справе аб арганізацыі або актыўным удзеле ў масавых закалотах (арт. 342 КК РБ). Ігар Банцар раней ужо адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту (затрыманы 24 жніўня) у гараденскім ІЧУ, дзе трымаў галадоўку. 

20 кастрычніка пасля выступу ў раёне вуліцы Ангарскай былі затрыманыя Андрэй Лугін і Алена Палачанская, удзельнікі гурту LAUDANS. 21 кастрычніка ім прысудзілі па 15 сутак адміністратыўнага арышту. 

16 кастрычніка Андрэя і Алену ўжо затрымлівалі ў Сеніцы, дзе яны збіраліся зайграць канцэрт. Тады ў аддзеле міліцыі з музыкамі правялі гутарку і адпусцілі. 

Прапануем падтрымаць гурт і  далучыцца да збору сродкаў на новае абсталяванне, бо 20 жніўня падчас вулічнай акцыі ў іх канфіскавалі іхняе. https://gf.me/u/yw5uv2

21 кастрычніка быў арыштаваны паэт, актывіст і сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Дзмітры Строцаў. Дзмітры знік днём, і блізкія не маглі атрымаць інфармацыю пра яго месцазнаходжанне да наступнага ранку. 22 кастрычніка яму прысудзілі 13 сутак арышту. Дзмітры Строцаў удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і адкрыта пісаў пра гэта. Пра сітуацыю ў краіне ён казаў і ў сваёй творчасці.

"Думаю, Родина — за пространством и языком, она не требует тактильного напоминания, не льстит и не улещивается, не обещает защиты и комфорта, но связана с понятиями благодарности и ответственности. На Родине бывает опасно. Родина — такой концентрат благодарности и ответственности, когда уже наступает забвение себя и возможен поступок." (2008)

 

21 кастрычніка Андрэй Каралевіч, кастынг-дырэктар студыі “Белроскіно” быў арыштаваны і асуджаны на 14 сутак арышту. Андрэй таксама з’яўляецца прадусарам, рэжысёрам і выкладчыкам у Акадэміі мастацтваў.

25 кастрычніка падчас маршу быў затрыманы Эрык Арлоў-Шымкус, музыка, які працаваў у аркестры Купалаўскага тэатру, удзельнік гурта “Люты сакавік”. 27 кастрычніка яму прысудзілі 12 сутак арышту. Таксама была затрыманая рэжысёрка і аператарка Аляксандра Бабкова; 26 кастрычніка ёй прысудзілі штраф у памеры 7 базавых. 

21 кастрычніка Вольгу Семчанка, загадчыцу літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага драмтэатру, судзілі за ўдзел адразу ў 2 мірных маршах, якія адбыліся 30 жніўня і 6 верасня ў Магілёве і прысудзілі штраф у памеры 10 базавых. Раней дзяўчыну ўжо пакаралі 7 суткамі арышту за аналагічнае правапарушэнне. 

«Сённяшні прысуд выглядае нават мяккім, у параўнанні з папярэднімі соднямі. Але ўсё роўна такіх судоў увогуле не павінна быць. Людзі, якія бяруць удзел у мірных маршах пратэсту, нічога не парушылі. Сярод удзельнікаў ёсць і жанчыны, і дзеці і пенсіянеры. Калі яны ідуць па вуліцы з кветкамі, стужкамі – няўжо гэта нейкае злачынства? Гэта наша права па Канстытуцыі»,– сказала Вольга пасля суду.

На супрацоўнікаў Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску, якія наважваюцца адкрыта выказаць крытыку дзеянняў уладаў, аказваецца ціск. Артыст Вадзім Бабініч на вечарыне, прысвечанай творчасці Уладзіміра Высоцкага, заспяваў песню “Муры”, за што атрымаў вымову, тры дакладныя запіскі і асуджэнне з боку калег. Пасля гэтага адмянілі адзін са спектакляў з удзелам Вадзіма. Ён разам з жонкай Наталляй – мастачкай – выйшлі з прафсаюзу. Артысты баяцца, што ціск на іх будзе ўзмацняцца і прывядзе да звальнення. 

На фонд “Краіна замкаў”, які займаецца культурнай дзейнасцю, у тым ліку, арганізацыяй і правядзеннем экскурсій, ужо некалькі месяцаў аказваецца ціск. Дырэктар фонду Аляксандр Варыкіш, распавёў, што як журналіст дапамагаў прэсавай службе Каардынацыйнай Рады, пасля чаго ў дачыненні фонда і асабістай маёмасці Аляксандра пачаліся праверкі: дзяржкантроль, падатковая служба, Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, раённыя службы, санстанцыі, ахова прыроды і г.д. Аляксандр упэўнены, што гэта палітычна матываваны ціск і просіць падтрымкі.


Галасы асобаў

 

"Мы ўсе струны аднаго музычнага інструмента. Усё наладжана. Засталося толькі зыграць."

 

Адзін з лепшых гітарыстаў Беларусі Андрэй Апановіч (Triangle) пасля 15 сутак арышту распавядае пра пераадоленне страха і пра тое, як важна сыграць усім разам.

Паслухайце гісторыю Андрэя, які быў па-за палітыкай, а потым далучыўся да Руху і шмат чаго зразумеў за гэты час. 

 

 

Гэта першы ролік, зроблены ў межах кампаніі "Разам мы сіла" Беларускага фонда культурнай салідарнасці. 


Удзельнікі гурту "Тяни-Толкай", аўтары гімна “Алмаза”, заўсёднікі канцэртаў МУС і АМАП, падпісаліся пад Адкрытым лістом беларускіх творцаў і далі інтэрв’ю парталу tuzinfm.by.

 

Самыя цікавыя цытаты з інтэрв'ю з гуртом:

 

— Я мару, каб мой сын жыў у Беларусі, дзе яго будуць цаніць, шанаваць, дзе ён зможа рэалізавацца, дзе ўсё будзе шчыра, па праўдзе, і ніхто яго не будзе абмяжоўваць у яго жаданнях і марах.

— Я не хачу адсюль з’яжджаць. Цяпер многія едуць — я не хачу. Я не хачу, каб з‘язджалі мае дзеці. Хачу, каб тут можна было дастойна жыць. І тыя ідэальныя, нават гіпертрафаваныя з’явы ў нашых песнях — калі яны будуць у рэальнасці, то гэта будзе крута. Вось у такой Беларусі я хачу жыць.

— Вяртаючыся да нашай рэальнасці — усё проста: нельга біць людзей.

— Я веру ў любоў. У сяброўства. У справядлівасць.

 

Гурт Naviband, які актыўна ладзіць канцэрты ў падтрымку Беларусі ў розных гарадах Польшчы, даў інтэрв’ю telegra.ph

 

«Беларусы маюць сэрцы адкрытыя і вялікія. І мільёны гэтых адкрытых сэрцаў будуць ісці наперад, да святла, і ніколі ўжо не спыняцца».


Творчы супраціў

 

Актыўнасць дваравых супольнасцяў не сціхае, нягледзячы на тое, што на канцэрты і імпрэзы рэгулярна прыязджае міліцыя і АМАП, а адміністратараў дваравых чатаў арыштоўваюць і высоўваюць ім абвінавачванні па крымінальных артыкулах. 



Міжнародная салідарнасць

 

У Польшчы праходзіў аўкцыён у падтрымку беларускага пратэстнага руху. Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на псіхалагічную і медычную дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў, на штрафы затрыманым, на падтрымку бастуючым і звольненым за погляды і г.д. Месца правядзення аўкцыёна – платформа artinfo.pl.

 

22 кастрычніка адбыўся міжнародны інтэрактыўны канцэрт салідарнасці #womenunited ў падтрымку беларускага дэмакратычнага руху і Марыі Калеснікавай. Германія, Швейцарыя, Беларусь і Украіна прынялі ўдзел у ім online, афлайн мерапрыемства прайшло ў Штутгарце на сцэне Theaterhaus Stuttgar. 

 

Паглядзець запіс канцэрта можна па спасылцы.

 

Амерыканскі ПЭН-цэнтр, ПЭН-цэнтр Санкт-Пецярбурга і ПЭН-Масква і асацыяцыя “Свабоднае слова, а таксама Шведскі ПЭН выпусцілі заявы ў падтрымку паэта і сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Дзмітрыя Строцава


 

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы Беларускім ПЭН-цэнтрам

і Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр - партал TuzinFM.by

Тэгi:
за тыдзень
за тры месяцы