«Хочам нагадаць, што нацыя не толькі што з’явілася» — хор «Унія» наноў прэзентуе «Лірыку змагання»
813 / 0
27.10.2020

«Хочам нагадаць, што нацыя не толькі што з’явілася» — хор «Унія» наноў прэзентуе «Лірыку змагання»

Адноўлены хор «Унія» вырашыў актуалізаваць і выдаць наноў альбом беларускіх песен і маршаў «Лірыка змагання»

У жніўні гэтага года мужчынскі хор «Унія», які перастаў існаваць у 2000-х, аднавіў сваю дзейнасць выступам на прыступках Белдзяржфілармоні. Удзельнікі хора зрабілі гэта, каб падтрымаць беларусаў і каб ушанаваць памяць свайго кіраўніка Кірыла Насаева, які, на жаль, пайшоў у іншы свет два гады таму.

Пра аднаўленне «Уніі» распавядае цяперашні яе кіраўнік Павел Гонта:

— У 2000-х улада знішчыла Унію. Яна была дзяржаўным калектывам, а пасля зарплаты не стала. Многія музыкі гэтыя гады працуюць у Еўропе. Прыйшоў час працаваць дома, з новай уладай. У нашай Беларусі Унія стане дзяржаўнай і будзе адным з самых запатрабаваных калектываў. Зараз кожны музыкант адчувае гэта сваім абавязкам. А далей — як жыццё, як будзе. 

Цяпер было вырашана наноў выдаць альбом «Беларускія песні і маршы. Лірыка змагання» — ён запісаны яшчэ ў 1998 годзе і быў прысвечаны БНР, але цяпер прыйшоў час актуалізаваць песні. Зараз альбом можна слухаць на Soundcloud-канале Тузіна, а пазней ён з’явіцца на іншых лічбавых пляцоўках. 

— Гэта адзін з самых выдатных альбомаў Уніі і самы актуальны на сёння. Ён быў запісаны яшчэ ў 1998 годзе. Мы хочам нагадаць, што нацыя не толькі што з’явілася, што яна была, ёсць і будзе, — кажа кіраўнік хору. 

Адным з самых цікавых момантаў вяртання «Уніі» стаў іх выступ у Чырвоным Касцёле, дзе падчас выканання «Пагоні» слухачы ўзняліся з месцаў і паказалі жэст перамогі.

— Я нічога не бачыў, — кажа Павел, — бо стаяў спінай, дырыжыраваў. Бачыў толькі твар саліста. Ён ад эмоцый забыўся словы.

Раней хор планаваў выступы ў Беларусі, магчыма нават на канцэртных пляцоўках, але праз Народны ультыматум і забастоўку калектыў выступаць не будзе.

— Цяпер мы здымаем кліп пад першы альбом. Пакуль самі, а пасля будзем яднацца з рок-музыкамі.

Сачыць за навінамі «Уніі» можна ў іх сацыяльных сетках

за тыдзень
за тры месяцы