Валерыя Валадзько: Я не пайду на мітынг, гэта не ўваходзіць у мае абавязкі
931 / 0
29.10.2020

Валерыя Валадзько: Я не пайду на мітынг, гэта не ўваходзіць у мае абавязкі

Салістка гуртоў “Harotnica mix» і KRIWI, спявачка Валерыя Валадзько да 1-га кастрычніка 2020 працавала выкладчыцай па вакале ў мінскай школе з музычным ухілам. Цяпер — звольненая. Нагода прадказальная: не хавала сваіх палітычных поглядаў. А яшчэ на Валерыю зрабіла данос маці першакласніцы – назвала спявачку “апазіцыянеркай” і “фашысткай”, якой не варта давяраць дзяцей.

– Лера, як насамрэч усё было? Хто быў тым самым чалавекам, што прынёс табе навіну пра звальненне?

– Са мной размаўляла завуч, нават без дырэктара. Ніякіх прозвішчаў я называць не хачу, нумар школы таксама. Навошта? Цікава, што да гэтага выпадку ў мяне з усімі былі файныя стасункі. Пра мяне ўсё ведалі: хто я, што я. Усе бачылі мае сацсеткі. І я думаю, што мяне б не звольнілі да апошняга, калі б “зверху” не прыйшоў загад “падчысціць” такіх, як я: якія нешта ходзяць, посцяць, выказваюцца. Маўляў, такія не павінны працаваць у школе. Апошняй кроплей стаў данос. То бок мая даўняя знаёмая, якую я ведаю яшчэ з маленства, падышла да дырэкатара маёй школы і сказала, што хоча аддаць сваё дзіця на вакал, але “толькі не да Валадзько, бо Валадзько – фашыстка, рэвалюцыянерка і ў дзіця будуць праблемы”. Шчыра кажучы, я была здзіўленая. Тым не менш цяпер мы ведаем герояў у твар: з кім мы жывем побач, з кім кантактавалі. 

– Як думаеш, гэтая маці напісала данос, таму што яна сама была іншых палітычных поглядаў альбо яна насамрэч моцна хвалявалася, што ты будзеш вучыць дзіця не таму, правакаваць вучаніцу пераходзіць на бок БЧБ?

– Хутчэй за ўсё першы варыянт. Таму што я нікуды асабліва не хадзіла і ніяк не выказвалася. І пасты мае не такія і палітычныя ўжо. То бок я за іншае выступаю. Я супраць гвалту і супраць таго беззаконня, якое мы назіраем цяпер. Тут справа ўжо не ў БЧБ. Сутнасць у тым, што людзі папросту не разумеюць, што цяпер адбываецца. Аднак я не хачу ім нічога даказваць, не бачу ў гэтым сэнсу. Я думаю, што ў той час, калі мы пераможам, усё стане на свае месцы, і людзям стане сорамна.

– Як думаеш, калі б гэтай гісторыі не адбылося, цябе б звольнілі?

– Так, і я была падрыхтаваная да гэтага. Думала, што мяне яшчэ ў жніўні звольняць, таму што я не хадзіла на мітынгі за Лукашэнку…  

– Дарэчы, а што ты казала, калі не хадзіла?

– Што я не пайду, бо я супраць гэтага. Я за яго галасаваць не буду.

– Што табе адказвалі?

– Што гэта мая справа. Насамрэч стасункі ў мяне з усімі былі нармалёвыя. Мяне ніхто не прымушаў, ніякімі звальненнямі не пагражаў. Мне пашчасціла з людзьмі, якія адказвалі за гэта, яны прыкрывалі. Самі хадзілі. Прычым падчас такіх “акцый” ладзіліся здымкі для БТ. Мы павінны былі прыходзіць у пэўны час, каб на камеру патрапіла, як мы ўсе ў чарзе стаім, каб подпіс паставіць. Я нават тады думала, што калі мне будуць пагражаць: “Мы цябе звольнім, калі ты не пойдзеш”, я адкажу: “Добра, звальняйце. Я не пайду. Гэта не ўваходзіць у мае абавязкі”.

– Прынцыповая пазіцыя. Між іншым, твае ж вучні павінны былі выступаць на канцэрце 9-га жніўня, але не выступалі. Гэта быў твой выбар? Альбо ты запыталася ў гэтых школьнікаў і іх бацькоў?

– Гэта быў мой выбар. Я, безумоўна, напісала бацькам, запыталася. А раптам дзіця хоча на сцэну? Адзін вучань сказаў: “Не, не хачу, не буду”. Пра другога дакладна не памятаю. Магла пасля адмовы першага вучня падумаць, што і я не хачу там знаходзіцца. У школе ў мяне пасля запыталіся, чаму я не прыйшла, нават не патэлефанавала папярэдзіць. Усе заўважылі, што мяне не было. Ужо тады, напэўна, адзначылі пра сябе: “Ммм, не прыйшла…”

Наогул у жніўні ў мяне быў адпачынак, я не прыходзіла ні на якія выбары. У верасні мы не паспелі ні з кім ні пра што паразмаўляць. Я нават не паспела яшчэ вучняў набраць, леташнія былі, літаральна некалькі заняткаў прайшло. Ну і яшчэ паспела абыход зрабіць. Ведаеш, два разы на год настаўнікам выдаецца некалькі дамоў. Выкладчыкі ходзяць па кватэрах: “Добры дзень. Мы з школы такой. Ці жывуць у вас дзеці да 18 гадоў?” І мы перапісваем, дзе гэтыя дзеці вучацца, колькі ім год, запаўняем табліцы, амаль як сацработнікі. Прычым рабіцца ўсё гэта ў вольны, непрацоўны час. І насамрэч гэта небяспечна. Таму што розныя людзі адчыняюць дзверы. Быў нават выпадак, калі адну настаўніцу нейкія алкашы з лесвіцы спусцілі. Мне аднойчы адчыніў дзверы мужчына ў ніжняй бялізне. І ты не ўяўляеш, што ад такога чалавека чакаць. Некаторыя наогул  не адчыняюць, некаторыя мацюкамі абкладаюць. А сёлета пасля выбараў настаўнікам тым больш было страшна, чуеш: “Вы сфальсіфікавалі выбары!”. Жудасць. Адзінае, што ратавала — сёлета не абавязкова было хадзіць, можна было тэлефанаваць. Каранавірус жа. Ну вось у верасні я такую працу правяла. І яшчэ ў мяне было некалькі заняткаў. Я праграму рыхтавала…

– Разумееш, самае сумнае, што мне з дзецьмі хацелася займацца творчасцю, спяваць, прывіваць ім густ. Хаця ў школе заўсёды была пазіцыя: “Так, песні павінны быць патрыятычныя, пра Радзіму, на 9 Мая”. А годных такіх песень амаль няма! Многія з іх жудасныя. З калгаснымі фанаграмамі, з дрэннымі тэкстамі. На англійскай заспяваць? Не дай Божа! Праўда, на Новы год мы спявалі “Jingle bells”, але гэта ж суперхіт. І год таму, здаецца, у мяне дзіця спявала “Простыя словы” N.R.M. Кіраўніцтва нічога не сказала. Можа, не ведала, што гэта N.R.M. Naviband спявалі. Я сама ніколі не буду выконваць тое, што мне не падабаецца. І тым больш вучыць гэтаму дзіця…

– Лера, а як гэтыя самыя дзеці і іх бацькі адрэагавалі на навіну, што ты сышла?

– Яны ў шоку. Я ім напісала: “Прабачце, але я ўжо ў школе не працую”. Яны: “Як? Што?” Тым, з кім была асабіста знаёмая, я распавяла. Іншым нічога не тлумачыла. Але ўсім сказала, што калі яны хочуць, то заўсёды могуць да мяне звярнуцца. Я яшчэ ў прыватнай студыі працую. Шкада толькі, што некаторыя вучні з сем’яў, у якіх няма магчымасці платна навучаць дзіця. А ў той школе ўжо няма выкладчыцы па вакале: я была адзіная. Там ёсць харавы калектыў, але вакаліста няма.

– Зараз, калі мінуў час, ты не шкадуеш, што так усё здарылася?

– Не. Абсалютна. Я вельмі рада, што я не ў гэтым ужо балоце, што мне не трэба нічога рабіць супраць сваёй волі.

– Што цяпер у цябе адбываецца? Наколькі актыўна ты ходзіш на маршы, выступаеш у дварах?

– Апошнія некалькі разоў прапусціла, таму што хварэла (альбо, магчыма, гэта псіхасаматыка). Неяк паспявала ў двары песні народныя – страціла голас на тыдзень. Хаця ў мяне такога з юнацтва не было.

– А ты адна спявала?

– З дзяўчынай. Яна мяне запрасіла да сябе, жыве ў раёне Лошыцы. Шмат людзей прыйшло, шмат хто спяваў. Наогул класна было! З задавальненнем удзельнічала б у такіх імпрэзах. Мяне і запрашаюць, але голас пакуль да канца не аднавіўся. Тым больш мне трэба працаваць, займацца з вучнямі, таму берагу сябе крыху.

– У мяне, дарэчы, устойлівае адчуванне, што пасля такіх імпрэз людзей на канцэртах беларускіх музыкаў будзе больш…

– Мне таксама так падаецца. Гэта так файна, што людзі ўсе аб’ядналіся, роднымі сталі! Суседзі цяпер – сапраўдныя сябры. Ды і выступоўцы таксама. Ведаеш, перад намі выступала яшчэ адна жанчына, фалькларыстка. Яна раздала тэксты, вельмі складаныя, аўтэнтычныя, палескія. Не проста “Касіў Ясь канюшыну”, а з розных экспедыцый, у бабуль запісаных. І вось стаяць дарослыя, дзеці, усе разам спяваюць. Гэта было настолькі класна, што я аж захварэла!

– Дарэчы, у вас жа Андрусь Такінданг вельмі актыўна выступае цяпер…

– Так, кожны дзень амаль.

– А вы не думалі разам даць канцэрт?

– Думалі. Ён мяне запрашаў. Мы адну песню з ім запісалі ў жніўні. Хацелі разам выступіць, але не атрымалася. Гурту “Рэха” прасцей з інструментамі, а ў нас складаней усё падключыць. Таму мы неяк не сабраліся. А цяпер Эрыка яшчэ і “закрылі” ў нядзелю… 

Эрык Арлоў-Шымкус, Валерыя Валадзько, Андрусь Такінданг - гурт Harotnica mix 

– Лер, тваё прадказанне: што далей будзе з краінай?

– Я спадзяюся на найлепшае. І я ўпэўненая, што мы ў любым выпадку пераможам. Пэўны час нам будзем складана, але ў выніку ўсё будзе добра. Бо зараз людзі ўз’ядналіся. Я, дарэчы, наогул ніколі не думала, што беларусы такія класныя! Раней меркавала, што ўсе шэрыя і сумныя, а высветлілася, што такіх вельмі мала. Насамрэч яны вясёлыя, класныя, крэатыўныя, мы ўсе адно аднаго падтрымліваем.

– А твая будучыня якая?

– Я застаюся ў музыцы. Зараз напісала ў ініцыятыву, дзе прапануюць бясплатную адукацыю, я хацела б паспрабаваць сябе ў якасці кампазітара для гульняў і фільмаў. Калі ёсць такі курс, я б з задавальннем павучылася б. Адразу ж пасля маёй гісторыі са звальненнем мы напісалі з Беларускага Фонда Культурнай Салідарнасці. Мяне там падтрымалі, вельмі па-чалавечы паставіліся: тэлефанавалі, пісалі, падбрадзёрвалі! Вялікі ім дзякуй!

– Што б ты зараз сказала тым людзям, якія хацелі б забаставаць і звольніцца, але баяцца?

– Я лічу, што трэба звальняцца і не баяцца. Бо ёсць фонды, якія падтрымліваюць, суседзі, сябры дапамагаюць. Іншая праца знойдзецца. Але як будзе жыць чалавек, які будзе разумець, што менавіта ён меў непасрэднае дачыненне да ўсяго гэтага бязладдзя, калі ўсё завершыцца? Гэта ж ганьба. Ад гэтага трэба сыходзіць, каб зберагчы сябе, сваё сумленне і сваю душу. Я ўсім магу дараваць, акрамя тых, хто аддаваў альбо выконваў жудасныя загады. Я веру, што ў выніку ўсё будзе файна! Мы падтрымаем адно аднаго! Гэта факт!  


Гутарыла Марына Савіцкая, для TuzinFM

за тыдзень
за тры месяцы