Уладзімір Цэслер: Гэты час спрыяе творчасці
703 / 0
31.10.2020

Уладзімір Цэслер: Гэты час спрыяе творчасці

Дызайнер з усясветным імем Уладзімір Цэслер напрыканцы жніўня ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады – і амаль адразу з’ехаў з Беларусі. І раней творца не асабліва быў у пашане з боку дзяржавы, але да ад’езду не даходзіла. Мастак прызнаваўся, што не любіць нават падарожнічаць.

– Што такое адбылося, што вы з’ехалі 21 жніўня?
 
– У мяне ёсць сябры, так бы мовіць, набліжаныя да пэўных структураў, і ад іх пайшлі сігналы, што, маўляў, добра б памаўчаць, пачакаць, не публікаваць пасты з малюнкамі, але мяне ж было не стрымаць – і з’явілася інфармацыя, што справа можа быць нават падсудная, таму трэба знікнуць на нейкі час. Мяне вырашылі перавезці, а я не надта супраціўляўся. Пра што казаць – кандыдата на этапе выбараў у турму саджаюць, Алексіевіч дапытваюць... Гэта і боль, і слёзы. А да Каардынацыйнай рады я так і не паспеў далучыцца, хоць душой і сэрцам я з імі.
 
 
– Чаго болей у вашай эмацыйнай ацэнцы сітуацыі – злосці, радасці, надзеі?
 
– Ды ўсё разам збіраецца. Першыя дні пасля выбараў я ніяк не мог паверыць, што нашыя людзі здольныя на такую лютую жорсткасць, неверагодную... Потым паехаў на некалькі дзён да прыяцеля ў вёску, пабыў там, адышоў, потым вярнуўся і пачаў працаваць – я паглядзеў тыя відэа, і мяне накрыла. Зрабілася зразумела, што сітуацыя выклікае перахлёст эмоцый, і творчыя людзі адчуваюць уздым, калі папросту выплёскваецца, выліваецца гэта ўсё.
 
 
– Вы кажаце пра пэўную крышталізацыю чалавека, калі надыходзіць такі час, калі кожны вызначаецца з пазіцыяй?
 
– Так, складаны час гэтаму спрыяе. Творчасць нараджаецца на вастрыні – гэта бывае ў радасці, у горы, на падвышаным эмацыйным стане, тады вельмі добра гэта працуе. Калі ты забываешся, што ты мастак, і проста выказваеш свае пачуцці. Мне здавалася, што быць у палітыцы – ну не, гэтага не будзе ніколі! Але што гэта зараз? Гэта суб’ектыўная рэальнасць, мастак распавядае пра яе, пра ўсё, што накіпела.
 
 
– Вы гэта адчуваеце толькі ў сабе, ці ў іншых таксама?
 
– Я пачуў музыку, якую нейкія хлопцы напісалі – вельмі цікавую, я паглядзеў, якія плакаты людзі нясуць – гэта проста неверагодна. Яны ідуць – і гэта цэлы тэатр ідзе, і ты бачыш, якая цікавая і нацыя наогул, і гэтыя адметныя людзі – яны складаюць у нейкім сэнсе сутнасць нацыі. Я схадзіў, дарэчы, на самую вялікую маніфестацыю, паспеў, і гэта проста як свята нейкае – такія добрыя людзі, такія твары, і радасць, і гэтая тэма сэрца, якое паказвала Калеснікава –  яно аказалася самым страшным для ўлады, гэтае сардэчка. Яго трэба было ім забараніць, гэтае сэрца.
 
– Сутыкнуліся любоў і нянавісць.
 
– І любоў перамагае ўсё адно. Нацыя аб’ядналася. Мне здавалася, што гэта немагчыма – але гэта здарылася.
 
 
І канешне, кроку назад не будзе, што б там не прыдумвалі. Пра мае адчуванні. Я хацеў сказаць, што, калі гэта ўсё здарылася, гэта ж распачаў наш “прэзідэнт”, ці як яго называць зараз, гэтую рэвалюцыю. То бок, калі ён зразумеў, што прайграў, і сказаў, што аднак не сыдзе, людзі паспрабавалі паставіць яго на месца, але атрымалі сур’ёзны адпор ад амону, ад сілавікоў, і тады стала зразумела, што справа не ў Лукашэнку, бо сыйдзе ён, прыйдзе такі ж самы – справа ў структуры. Гэта агромністая колькасць дармаедаў. 
 
Па сутнасці, нас выходзяць караць людзі, якія нічога не ствараюць, не будуюць, яны не вытворцы. А людзі, якія выходзяць на вуліцы – гэта і ёсць тая маса, якая корміць, корміць амон, корміць іх усіх. І гэтых людзей збіваюць. Ён сам гэта справакаваў невядома навошта. І куды падзецца. А сышоў бы ціха –  і ўсё б засталося... 
Але здарылася вось так. 
 
– А дармаеды цяпер з усіх сіл будуць трымацца за свае крэслы.
 
– Канешне, будуць, яшчэ як! І ўсе “прыкарытныя” – іх усё задавальняе, а народ яны ўспрымаюць як быдла, маўляў, сядзіце і маўчыце. Ніхто ж не думаў, што можа падняцца столькі насельніцтва. Я ў Менску ўсё жыццё – і я ніколі не бачыў такой колькасці людзей на вуліцах. Гэта ўпершыню ў маім жыцці.
Раней жа як? Перакалоцяць, супакояць, і зноў цішыня, зноў чаканне. А тут – не атрымалася нічога. І ўжо не атрымаецца.
 
 
– Чаму Вы ўвайшлі ў Каардынацыйную раду? Вы заўжды кажаце, што выказваецеся выключна праз творы.
 
–  Мне пазванілі, прапанавалі – ці можна мяне далучыць? Ды канешне ж, так.
 
–  Патройны значок – сэрца, кулачок, вікторыя – ваша ідэя? 
 
– Не, ні ў якім разе. Мая ідэя – сэрца, якое выходзіць з чырвонай стужачкі, і гэта ўжо постфактум было створана, бо быў патрэбны быў нейкі такі сімвал, каб сказаць, што Беларусь – гэта любоў. Гэта яго сутнасць. 
 
 
А патройны значок – не, гэта нехта іншы, у нас хапае народу крэатыўнага. І гэты знак працуе, ён можа крыху наспех зроблены, але ў гэтым і ягоная вартасць. Я б, відаць, зрабіў яно крыху па-іншаму. А можа б я і горш зрабіў... А ён працуе – гэта галоўнае. Нармальна.
 
–  Як Вы далі рады з пераездам? Помню, што не любіце ездзіць, а тут – такі пераезд разам з працоўным месцам, можна сказаць.
 
– Я не люблю не тое каб ездзіць, я не люблю перамяшчацца, гэта праўда. Гэта нейкі род ляноты, можна сказаць. Пакуль мяне ўсё задавальняе, я сяджу і працую. І я заўважыў, што тут у прынцыпе тое ж самае: я сяджу і працую. 
 
 
–  Па працах Вашых новых я бачу, што ў Вас шмат веры ў перамогу цяпер.
 
– Ды канешне!
 
– А калі гэта зацягнецца? Вы гатовы застацца далёка на даўжэй, без краіны, без блізкіх?
 
– Гэта складана, безумоўна. Я вось ужо прапусціў сезон на яблыкі антоўнаўку, на памідоры там пэўныя – ведаеце, ёсць такія рэчы знакавыя, яны ў кожнага свае. Так надоўга я не ад’язджаў, гэта праўда. Але я ўпэўнены, што вярнуся.
 


Размаўляла Вольга Гардзейчык, для TuzinFM.by
Ілюстрацыі: Уладзімір Цэслер
 

   
Ужо пасля запісу размовы Уладзімір Якаўлевіч патэлефанаваў, каб перадаць ліст, які атрымаў з Францыі ад нашага суайчынніка, мастака Барыса Заборава. Знакамітаму мастаку 85 , больш за 40 год ён жыве ў Парыжы, ягоныя творы ўзбагацілі найлепшыя музеі свету. Прыводзім ліст цалкам, і будзем удзячныя калегам журналістам за яго распаўсюд.
 

 


26 кастрычніка 2020
Да ўвагі спадара Франсуа Кракет, амбасадара Францыі па Правах Чалавека
 
Спадар Амбасадар,
 
Магчыма, мой голас прагучыць наіўна, але ён прадыктаваны адчаем прыватнага чалавека, які не можа прабіцца да узурпатара.
 
Патлумачу. Сорак год таму я быў вымушаны пакінуць сваю айчыну, зямлю, на якой нарадзіўся мой дзед, мой бацька, я сам, а таксама мой сын. Імя яе – Беларусь. Сёння я грамадзянін Францускай рэспубікі. Але гэта не пазбаўляе мяне пачуцця салідарнасці з маім народам, які падняўся на абарону сваёй чалавечай годнасці. 
 
У дзвюх гадзінах лёту ад межаў Францыі, на памежжы заходнееўрапейскай цывілізацыі, на вачох свету адраджаецца фашызм. Гнусны, савецкага ўзору. 
 
Десяць год таму на старонках мас-медыя я ўбачыў у крыві на асфальце паэта Ўладзіміра Някляева, збітага за тое, што пасмеў высунуць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Учора на вуліцах Мінска быў схоплены і кінуты ў турму паэт Дзмітры Строцаў, праваабаронца, добры чалавек. 
 
Я кажу пра людзей паэтычнага слова не таму, што яны выклікаюць больш спачування, чым іншыя ахвяры тэрору, але і таму, што гэта нашая кроўная сямейная гісторыя. Гэтак быў схоплены ў 37-м годзе бацька маёй жонкі паэт Барыс Карнілаў і расстраляны ў засценках КДБ. За тры гады да трагедыі на Першым усесаюзным з'ездзе савецкіх пісьменнікаў Барыса Карнілава называлі «надзеяй маладой расійскай паэзіі». Яшчэ шмат год пасля яго забойства савецкі народ зранку прачынаўся пад песню на словы паэта з музыкай Дзмітрыя Шастаковіча. Імя паэта было перакрэслена.
 
Рэжым, які збівае, забівае сваіх паэтаў, не мае права на існаванне ў чалавечай супольнасці.
 
Слова прыватнага чалавека можа не быць пачутым, але голас краіны, адной з самых старых дэмакратый цывілізаванага свету, можа прагучаць гучна і засцерагчы. Уласна таму я пішу ліст да Вас, глыбока паважаны спадар Амдасадар.
 
З нязменнай пашанай,
Барыс Забораў

Тэгi:
за тыдзень
за тры месяцы