Вячка Красулін: "У турме не сядзеў – не беларус. Гэта наша сумная і смешная рэчаіснасць"
714 / 0
11.11.2020

Вячка Красулін: "У турме не сядзеў – не беларус. Гэта наша сумная і смешная рэчаіснасць"

Вячка Красулін – вядомы ў Беларусі музыка, лідар гурта “Кашлаты Вох”, дудар. Быў выкладчыкам ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а ў папулярных Строчыцах – музеі народнай архітэктуры і побыту – младшым навуковым супрацоўнікам.

У ноч з 10 на 11 жніўня Вячку затрымалі каля ГЦ “Рыга”. Яго збівалі ў аўтазаку, збівалі на Акрэсціна, дзе ён правёў чацвёра сутак. Музыка дасюль мае праблемы з шыяй – перабітыя нервы.

Пасля таго, як Вячка зняў пабоі і падаў заяву ў Следчы Камітэт, на яго завялі крымінальную справу паводле арт. 293 ч. 2. Такі артыкул “абяцае” да васьмі гадоў зняволення. Вячка з’ехаў з Беларусі, цяпер жыве ў Літве.
 

"Калі ў аўтазаку назбіралася з 15 чалавек, нас пачалі перацягваць у аўтобус. Людзі тут ляжалі папросту слаямі. Пада мной былі чалавекі чатыры. Частку людзей вырашылі вярнуць у аўтазак. Вяртацца было складана, бо ногі ўжо былі адбітыя, па дарозе ўсіх ізноў лупцавалі дубінкамі. Кінуўшы на падлогу, збівалі зноў. На мне ляжалі мінімум два чалавекі, таму было складана дыхаць. Аўтазак ехаў, і амапаўцы збівалі кожнага, хто спрабаваў нешта сказаць, бо нехта з камандзіраў сказаў “Біце іх, колькі захочаце”, хоць праз 20 хвілін загадаў прыпыніцца."

10-11 жніўня 2020. З гісторыі Вячкі Красуліна, распаведзенай камандзе Іnterviewer.today

 
 
 
– Як тваё здароўе зараз, калі мінула больш як тры месяцы пасля затрымання?
 
– Дагэтуль маю праблемы з шыяй: мне вельмі “добра” пераехалі дубінкай з правага боку. Лекары сказалі, што перабітыя нервы, накіроўвалі на рэнтген, але, на жаль, там быў вельмі дрэнны спецыяліст, ён не змог зрабіць якасны здымак. Усё астатняе прайшло. Дасылаю прамяні дабра тым, хто мяне біў. Спадзяюся, іх гэта неяк выратуе ад таго, што яны рабілі са мной.
 
– Як паставіліся на тваіх “дзяржаўных працах” да твайго затрымання?
 
– Скажу так: я заўжды выказваўся наконт сваёй пазіцыі. Улічваючы, што я даволі спецыфічная асоба, калегі проста абыходзілі гэтыя пытанні. Але пасля майго затрымання вельмі ўсхваляваліся: мая кафедра і мой аддзел у музеі прытрымліваюцца тых жа поглядаў, што і я. Магчыма, не выказваюць іх гэтак жа рашуча... Яны баяцца за свае месцы, і мне шкада, што так амаль уся Беларусь – баіцца за месцы. Калі б усе выступілі, мы б даўно гэта ўсё прагналі нафіг. 
 
Я проста не мог пасля таго, што адбылося 9 жніўня, роўна сядзець на сваім азадку. Мая краіна павінна быць не такой. Канечне, шмат хто думаў, што вось яны зараз пабесяцца, потым супакояцца, і ўсё прыйдзе да ранейшага ладу, калі гэтыя вы*лядкі кіруюць намі… Але як здорава, што так не адбылося.
 
Калегі казалі, што я герой. Я не лічу сябе героем, а яны шмат разоў пісалі: дзякуй, што ты выказаў сваю пазіцыю. Вельмі шкада, што яны вось так мне дзячаць, а самі як планктон… Гэта вельмі сумна. Што адбываецца ў іх галовах?.. “Яшчэ пратрымаемся?.. ён жа памрэ?..” Карацей, такое сабе. 
 

 

10-11 жніўня 2020

 

“Ехалі мы 20-30 хвілін. Зрабілася зразумела, што мы трапілі на Акрэсціна. Было складана нават узняцца, калі нам крычалі “Падымайся і бяжы!”. Самі разумееце: усё адбітае, рукі за спінай, і ты не разумееш, што адбываецца. На выхадзе з аўтазака стаялі амапаўцы і дадавалі “паскарэнне”: білі дубінкамі, куды трапіццаСупрацоўнікі АМАПу без балаклаваў, сустракаючы нас, усміхаліся. Яны загадалі ісці да плота, але было складана зарыентавацца. Тады яны, гэтак жа ўсміхаючыся, пачалі біць мяне. Я намагаўся закрывацца і ўхіляцца ад удараў. Кінуўшы да плота, мяне паставілі ў спецыфічную позу. І зноўку збілі.

 

 
– Які працяг займела твая гісторыя пасля сутак на Акрэсціна?
 
– Мяне выпусцілі ў пятніцу ўвечары, 14 жніўня. Выдатна памятаю ўсю гэтую працэдуру… Я нават не зразумеў, што мяне выпускаюць: з камеры № 8 перавялі ў іншую, потым вярнулі, потым мяне і яшчэ аднаго хлопца павялі на першы паверх, сказалі знайсці пакункі са сваімі рэчамі – да гэтага мы былі ў адных майтках. Потым паставілі ва ўнутраным дворыку, а калі прывялі яшчэ людзей, вывезлі ўсіх з тэрыторыі Акрэсціна на аўтазаку. Яны сказалі: тут столькі гоману праз вас, так што не вяртайцеся. І пакінулі на тэрыторыі паміж Фрунзенскім РАУСам і Кальварыйскімі могілкамі. Я быў моцна збіты, у парванай вопратцы, і мне ў вось такім выглядзе сказалі “ідзі дахаты”.
 
Як толькі змог, я звярнуўся ў Следчы Камітэт, падаў заяву на збіццё. Дзяўчына, якая брала паказанні, дала накіраванне на судмедэкспертызу. На наступны дзень я зняў усе свае пабоі, іх выдатна зафіксавалі, на Даўгабродскай у Навінках.
 
І ў панядзелак 24 жніўня патэлефанавалі: “Молодой человек, на вас заведено уголовное дело по статье 293 часть 2, от трёх до восьми лет, пожалуйста, придите”.
 
– Ці звяртаўся ў фонды дапамогі?

– Так, звяртаўся да BYSOL, і яны мне выплацілі грошы. Па-першае, праз тое, што ў мяне праблемы са здароўем. Па-другое, што быў вымушаны з’ехаць, інакш бы я зараз не распавядаў гэтую гісторыю, а сядзеў бы ў турме.


10-11 жніўня 2020

На пляцоўцы каля ГЦ нас засталося двое: мужчына гадоў 60-ці ды я. Мужчына палез за агароджу, і ў яго стрэлілі, трапіўшы гумавай куляй - вылезлі кішкі з жывата. Да яго падбег чалавек у белым халаце і пачаў аказваць дапамогу. У іх кінулі шумавую гранату. Падумалася, што мне няма чаго губляць, таму я пабег да іх. Але з-за рогу выбеглі чацвёра ў цёмна-зялёнай форме, пачалі мяне збіваць і павялі ў аўтазак. Я быў першым затрыманым тут. У аўтазаку на мяне лаяліся, запалохваючы, і пастаянна збівалі. Пагражалі згвалціць дубінкай. Але абмеркавалі найперш, што мяне трэба абавязкова пастрыгчы. Паднялі за валасы і абскублі ножыкам. Начапілі за спінай пластыкавыя сцяжкі на запясці.


 

– Зараз, пасля ўсяго, ці даведаўся ты штосьці новае пра беларускае грамадства?

– У прынцыпе, для мяне карцінка не змянілася. Яшчэ гадоў з 15-ці я разумеў, у якой краіне жыву, што вакол адбываецца. У тым ліку я ведаў, што хутчэй за ўсё мяне паб’юць: я прачытаў шмат рознага за той час, як стаў цікавіцца палітыкай у нашай няшчаснай краіне. А краіна яшчэ стане шчаслівай, гэта безумоўна. Але я быў гатовы атрымаць звездзюлёў. Гэта цікавы экспірыенс. Паглядзеў на ўсё ўрэшце знутры. Калі ў турме не сядзеў – ты не беларус, такая наша сумная і смешная рэчаіснасць. 

– Ты выходзіш на маніфестацыі? Што зрабілася з натуральным адчуваннем страху?

– Я зараз жыву ў Вільні, тут абвесцілі каранцін. Так што на маніфестацыі хаджу толькі ўнутры сябе. Аднойчы, дарэчы, схадзіў на маніфестацыю да ратушы, пайграў на дудзе, паказаў, што такое беларускія танцы. Як мне падалося, красамоўна выказаўся, але гэта ўсё, канечне, трэба рабіць у Беларусі – бо прычым тут Літва?.. Літва не павінна выслухоўваць нашыя палымяныя размовы. Мы гэта мусім рабіць у сваёй краіне. 

Страху няма. Яго не можа быць. Калі ты зрабіў крок, каб перайсці гэтую лінію, – то ўсё. Кожны адэкватны чалавек больш ніколі не пяройдзе назад. Трэба ісці наперад, наперад і толькі наперад.


Жнівень 2020

 

"У камеры на шэсць месцаў нас было 40 чалавек. Без верхняй вопраткі, у адных майтках. Супрацоўнікі называлі нас “пляжнымі хлопчыкамі”. Нам давалі 2 літры вады на ўсіх, а перадачы мы так і не атрымалі. Суд адбываўся ў невялікім пакоі, дзе былі толькі суддзя і сакратар. Адваката, якога, як я потым даведаўся, нанялі мае родныя, не пусцілі. Перад імі я стаяў у адных майтках. Суддзя шчыра цікавіўся, чаму я такі збіты, бо вельмі здзівіўся. Але суд доўжыся каля шасці хвілін. З паперамі на подпіс азнаёміцца не дазволілі. Мне прысудзілі 11 сутак, чатыры з якіх я і правёў за кратамі. І я быў шчыра здзіўлены, калі мяне адпусцілі."

 


– Падзеі апошніх месяцаў падштурхнулі цябе да творчасці? Альбо наадварот – знікла жаданне рэфлексаваць?

– Я такі чалавек, якому трэба адсекчы галаву ад цела – тады перастану рэфлексаваць. Іначай гэта немагчыма прыпыніць. І я такі чалавек, што ўсё, што са мной адбываецца, адбіваецца на маіх дзеях, творчасці і гэтак далей.

Як прыехаў у Вільню, спачатку доўга адыходзіў ад сваіх пабояў, але потым мяне прарвала, я напісаў некалькі вершаў. Збольшага яны пойдуць да гурта “Кашлаты Вох” як тэксты, і гэта будзе здораўскі бескампрамісны панк-рок. Не той, які ў нас іграюць. Перад ад’ездам мы запісалі жывы альбом, які хацелі прэзентаваць на летніх фэстах. Атрымалася шчыра, файна і без ніякіх студыйных падманаў. Мне вельмі важна было запісаць гэта альбом да таго, як я з’еду. Я яшчэ ў жніўні разумеў, што давядзецца валіць, бо справа пахне кепска. Спадзяюся, у гэтым годзе альбом выйдзе.

26 кастрычніка была агульная забастоўка, і я афіцыйна абвесціў, што сыходжу з усіх месцаў, дзе працую на дзяржаву. У Вільні я знайшоў вельмі цікавую працу, але пакуль не магу пра яе распавесці. Пакуль магу сказаць толькі адно: чакайце рэліз ад “Кашлатага Воха” пад назвай “Малочныя вочы”. 

Паляўнічы ўжо выбраў мэту,

А ты зусім і не супраць.

Секунды, адсоткі хвілінаў – 

Колькі чакаць на здзяйсненне.

Драпежнік з жаданнем пакутваць,

У вачах – не люстэрка душы.

Схаваліся адчуванні, пачуцці,

Стомленасць ад наваколля,

У тунэлі святло не падвезлі.

Замест лампы накальваюцца думкі,

І слёзы перасыхаюць.

Ратуе толькі нічога.

Нічога жыццё ў бясконцасць

Пераўтварае.

Вячка Красулін

 

Размаўляла Наста Грышчук, для TuzinFM.by