Сяргей Будкін: "Чаму я зрабіў такі няпросты выбар"
163 / 0
21.11.2020

Сяргей Будкін: "Чаму я зрабіў такі няпросты выбар"

"Што ты робіш у гэтым сваім фондзе?". "Чым вы там наогул займаецеся?!". "Нямаведама, што вы там у сваёй Вільні робіце!". "На што вы выпрошваеце грошы?".

Спынюся на секунду і для ўсіх сваіх родных, сяброў і проста цікаўных сцісла падсумую вынік самых шалёных 7 тыдняў у маім жыцці.
 
Беларускі фонд культурнай салідарнасці пачаў сваю дзейнасць з падрыхтоўкі адкрытага ліста дзеячаў культуры, які падпісала больш за 1500 чалавек. Адначасова мы сталі фіксаваць факты рэпрэсій дзеячаў культуры і імгненна даводзіць іх да ведама беларускіх і міжнародных структур, арганізацый і СМІ. На сёння такіх выпадкаў больш за 300 (калі каму патрэбна для працы такая табліца - дайце ведаць, хутка зробім публічную старонку).

Мы запусцілі аўкцыёны салідарнасці, у якіх паўдзельнічалі Ігар Варашкевіч (“Крама”), Юрый Стыльскі (“Дай дарогу!”), Уладзімір Цэслер. Усе грошы (агулам 3350 даляраў), сабраныя з іх, пайшлі ў наш фонд на падтрымку дзеячоў культуры.

Мы зладзілі 1 жывы канцэрт з анлайн трансляцыяй (Маргарыты Ляўчук у храме Святой Кацярыны) і 1 анлайн эфір з трансляцыяй запісу "Рэквіема" Моцарта з Чырвонага касцёла ў Мінску, прысвечаны герою Беларусі Раману Бандарэнку. Сабраныя з гэтага эфіру грошы мы даслалі сям'і Рамана. Ладзім эфір са зборам сродкаў, прысвечаны хору "Унія", удзельнікі якога апынуліся ў няпростым становішчы.

За гэты час мы падтрымалі каля 100 чалавек, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі - далі фінансавую, юрыдычную, псіхалагічную дапамогу, паспрыялі з выездам, афармленнем дакументацыі, пошукам жылля, знайшлі магчымасці для далейшай творчай рэалізацыі, пасадзейнічалі выплатам звольненым за выказванне сваёй пазіцыі (тут вялізарная падзяка нашым партнёрам з фонду Фонд солидарности BYSOL). Мы ўратавалі Тэатр жывых скульптур, паспрыялі ў падтрымцы закрытага ўладамі цэнтру “Партал” у Гродна, дырыжору Вялікага тэатра Андрэю Галанаву і вядучаму салісту Оперы Іллю Сільчукову, народнай артыстцы Беларусі Зоі Белахвосцік, тэлевядоўцы Кацярыне Пытлевай, спявачцы Валерыі Валадзько, дырыжору “Харошак” Івану Ерамеевічу, выкладчыку ўніверсітэта культуры Дзмітрыю Матуйзу, рэжысёру Васілю Калачу… Спадзяюся, дапаможам ужо згаданаму хору “Унія” і асабіста вядучаму салісту Аляксандру Шыку і адстаім яго непаўнагадовага сына, якога хочуць забраць органы апекі. Пра гэтую сітуацыю сёння гаварылі ў Радзе Еўропы.
 
Мы зладзілі дзве зум-сустрэчы Святланы Ціханоўскай з дзеячамі культуры - як з прадстаўнікамі дзяржаўных устаноў, так і з незалежнымі артыстамі. Прэзідэнтка мусіць ведаць, як ідуць справы ў гэтай надзвычай важнай сферы. Неаднаразова мы выходзілі на сувязь і з Паўлам Латушкам, каб абмеркаваць праблемы ў сферы культуры а таксама шляхі іх вырашэння.
 
Мы знялі дзясятак кранальных ролікаў, паводле якіх у будучыні будуць вывучаць гісторыю беларускага культурнага супраціву.
І ўрэшце - мы афіцыйна зарэгістравалі ўласна сам фонд культурнай салідарнасці і адбудавалі працу па ўсіх заяўленых намі кірунках - інфармацыя, дапамога, праектная і міжнародная дзейнасць.
 
Спадзяюся, што ўсім стала больш зразумела, чым мы займаемся і чаму асабіста я зрабіў такі няпросты выбар паміж Мінскам і Вільняй.
 
Падзякаваць і падтрымаць нас можна праз PayPal
 
Разам мы сіла!