Макс Корж «Её виной». Свае сярод чужых
530 / 0
24.11.2020

Макс Корж «Её виной». Свае сярод чужых

Макс Корж зноў зрабіў гэта. Новы трэк, новы кліп. Зорны «пацанчык з раёну» бадзёра ператварае ў поп-шчасце дваравы дэпрэсняк, асабістыя траблы і тусовачны фан шчыра-пантовай вулічнай тусоўкі.

Корж выдатна ведае ўсе коды сваіх фанатаў (тых, хто валіць на ягоныя стадыённыя канцэрты ў кросах ды трэніках), ловіць актуальныя вайбы, аджыгае нібыта для «простай» публікі – але зусім няпроста. Пралічана і тэхнічна. Можна лічыць Каржа машынай поспеху – і гэта будзе праўдай. А можна ўбачыць у ім сентыментальнага менчука з умоўнымі Шабанамі ў сэрцы. І гэта таксама будзе праўдай. Бо Макс заўсёды вяртаецца. Нават калі на раёнчыку шчыруе чорная зграя і адрубаюць то ваду, то электрычнасць.
 
 
У любы іншы час новы кліп Макса Каржа адбыўся б проста чарговым кліпам Макса Каржа. Бачылі, ведаем. Хлопчыкі скачуць, дзевачкі танчаць, прыпеў хорам, жыць у кайф. Йе-е-е-е! Законы жанру, нікуды не падзецца.
 
Тут нібыта тое самае. Але зусім не тое самае. Бо знята ў Беларусі. Бо коржаўская рысоўка накладаецца на наш агнявы адчайны жнівень і змагарскую трывожную восень. На ломку базавых схем штодзённага існавання і ўцямнага дзвіжу. Калі пацанскі свет раптам раскалоўся на тых, хто выходзіць на маршы і тых, хто хаваецца пад балаклавамі.
 
«Её виной» – гэта каханне ваеннага рэжыму. Шэра-сталёва-зялёная карцінка, перыядычныя трывожныя маркеры ў тэкстоўцы («полыхает дом, начинается буря», «пацаны в одежде идут ко дну», «новая волна дотемна, там что не взрыв, то пули»), заклапочаная туса, сур’ёзныя твары. І нават банальная «малая» – гераіня недарэчнага дваравога раману – сумна пазірае з белага пікапу з купай чырвоных руж. Каханне? Куды ж без яго. А па праспектах валяць «касманаўты», бусікі ды бронікі. І калі туды выходзіць – дык толькі гуртам.
 
Гэта зусім не пратэст-зонг. І большасць слухачоў па-за ўсходняй мяжой лёгка атрымае ад яго свой новы хуткі кайф. А вось мы – бел-чырвона-белы сігнал непакою. Але дакладна так працуе нармальны шоў-біз: каму бяспечная весялуха, каму – эмацыйны экстрым. Зрэшты, класны попс – заўсёды не пра разумнае, а пра вострае. Дызайн станаў свядомасці. Генератар вайбаў.
 
Разлік і шчырасць крочаць побач.
 
Корж быў і застаецца сведкам дваравога жыцця, назіральнікам непасрэднасці ды не(надта)адукаванасці. Гэтым разам ён злавіў змену настрою, подых гарадской навальніцы. Раёны выходзяць.
 
І гэта ўжо цалкам новы сюжэт. Не пра дзяўчонак. Не пра пацаноў. А пра тое, як раптам скончылася мінулае.
 
Максім Жбанкоў, для TuzinFM.by