Маляваныч: лекі ад страху
1601 / 0
07.12.2020

Маляваныч: лекі ад страху

"Менавіта цяпер ён патрэбны як ніколі раней" - Максім Жбанкоў піша пра вяртанне легенды дзяцінства беларусаў.

Раз на год… Раз на год зоркі падаюць у нашы кішэні, мандарынкі танчаць танга, шампан хаваецца ў снезе (дарэмна, усё адно знойдзем!), улада не замінае жыць, а снег спрыяе пацалункам. На каляды шалёны космас спявае блюзы і балады, лузеры частуюцца шляхетнымі дрынкамі, гадзіннікі вярзуць лухту, палітыкі лезуць пад ялінку з камічнымі куплетамі прамовамі. І ўсе ўдаюць, што смерці няма і гэта музыка будзе вечнай. 
Каляды – краіна казак. Казак, якіх сёлета ўсім нам востра не хапае. Бо гэтым разам усё не так. Чорныя патрулі шчыруюць на вуліцах, белае з чырвоным трапляюць пад крыміналку, вінцяць святароў, падлеткаў пачэсна вітаюць у аўтазаках. Тэлевізар гістэрычна плявузгае нянавісцю. У Купалаўскім пустэча, затое на Акрэсціна – перманентны аншлаг. Тры калядоўшчыкі – ужо несанкцыянаванае шэсце. Асобна ўзятая Каза – адзіночны пікет. “Сядзем усе!” – крычыць Папанаў з чарговай трансляцыі “Брыльянтавай рукі”. І ўпершыню над гэтым не стае гумару смяяцца. 
Што рабіць? Ратаваць сваё хісткае свята. Шукаць свае пакрадзеныя казкі. Дзякуй богу, мы ведаем – дзе. 
Бо ён заўсёды быў побач. Дзівак з вострай усмешкай, хітраван-акулярнік, лепшы сябар нейлонавых медзведзянят і гумавых жабак, уладар вечаровага рэлаксу і рэжысёр светлых мрояў – Маляваныч. Амаль дваццаць год актор Аляксандр Ждановіч працаваў суперзоркай малалетак - трымаў на сабе “Калыханку”, выхоўваў з цацак чалавекаў, выкладаў утульную дабрыню. Місія Маляваныча паходзіць з белага і пухнатага свету савецкага дзяцінства. Вечнага карагоду вожыкаў у тумане, недарэчных чабурашак і вініпушных бурчэлак з пятачковымі падскокамі. Там усё гучала карамельна і кранальна. Усё адбывалася, як трэба. І можна было беспакарана быць шчырым ды адважным. 
 
Ясная справа, гэта было занадта прыгожым, каб працаваць. У тэлевізар дзеткі – ды й дарослыя - сыходзілі як у псіхалагічны прытулак. Як у эмацыйнае сховішча, дзе толькі і магчыма заставацца сабой.
Былая “Калыханка” сёння – настальжы ў квадраце. Бо няма ўжо той напалоханай пераменамі краіны. І жадання хавацца ў легендах таксама няма. А вось Маляваныч ёсць. Выгнаннік з былога тэлевізара. Зэк са светам у сэрцы – гэтай восенню трапіў на содні, бо абараняў ад “чорных” жанчыну. Шчыры вернік, якога пасля арышту адштурхнула адміністрацыйная машына царкоўнай лаяльнасці. Фасонна-багемны казачнік, з якім можна баляваць бясконца. Бо тут дзеляцца ціхай дабрынёй – каб вы падзяліліся сваёй.
“Каляды з Маляванычам” – не проста чарговы праект Фонду культурнай салідарнасці. Ждановіч з суполкай занятыя рэанімацыяй сумлення і годнасці, вяртаннем дзіцячай веры ў шчырасць і праўду, падтрымкай пацярпелых ды разгубленых. Так, гэта нібыта проста чытанка з малюнкамі (адмысловы эксклюзіў ад Андруся Такінданга). Андэрсен, Караткевіч, фальклор… А насамрэч – школка любові, практыкаванні ў чалавечнасці. Амаль хрысціянскае казанне, але па-за межамі канфесій ды палітычных разыходжанняў.
 
 
Маляваныч вяртаецца, бо менавіта цяпер ён патрэбны як ніколі раней. У прасторы чорнага гвалту, на ростанях супраціву і нязгоды, на вачох дзікага палявання з дазволам на ўсё, у зоне грамадскай мужнасці і эстэтычнага выкліку – трэба, каб хтосьці ціха казаў пра істотнае. Пра тое, што перамагаюць не моцныя, а трывалыя. Што разам мы мацнейшыя. Што пыхлівасць не ратуе. А нахабныя ліскі напрыканцы непазбежна атрымаюць па пысках. 
І гэта не пагроза. Так, папярэджванне. З усмешлівым позіркам праз старасвецкія круглыя акуляры.
Маем нечаканы падарунак для ўсіх, стомленых снежаньскімі халадамі ды агульным дэпрэсняком:  сторыз пад ялінку. 31 эпізод. Трып даўжынёй у месяц, акурат да Новага году. Можна глядзець. Ці проста слухаць – таксама файна. Нібыта пернічак паціху падгрызаеш.
Дзякуй таму, хто гэта прыдумаў.
Простыя словы. Простыя рэчы. Чысты кайф. А навошта яшчэ патрэбныя казкі ды казачнікі? 
 

Максім Жбанкоў, для TuzinFM.by
Фота - Андрэй Лянкевіч
за тыдзень
за тры месяцы