Talaka.Party: музыка яднае (поўны расклад музычнага маратону)
2833 / 0
24.01.2014

Talaka.Party: музыка яднае (поўны расклад музычнага маратону)

Празь вялізарную цікавасьць да акцыі «Talaka.Party: Музычны цэх» яе арганізатары падзялілі 12-гадзінны канцэрт на сэты. Адзін наведнік зможа патрапіць толькі на адзін сэт.

Да канцэрту «Talaka.Party: Музычны цэх» застаецца яшчэ з тыдзень, але колькасьць ахвочых патрапіць на яго ўжо значна перавысіла мяжу. Пляцоўка ЦЭХу можа зьмясьціць максымум 640 чалавек, а колькасьць заяваў імкліва набліжаецца да 1000. Арганізатары да гэтага былі гатовы, таму загадзя падзялілі вялікі 12-гадзінны канцэрт на чатыры сэты. «Адзін чалавек мае магчымасьць патрапіць толькі на адзін сэт», — кажа адзін з завадатараў мерапрыемства Вячаслаў Ткачоў.

Выдача запрашальных квіткоў на канцэрт пачнецца з 27 студзеня. Іх можна атрымаць праз сайт Bycard.by. Тамсама можна будзе абраць і адзін з сэтаў, на які выдаецца запрашальнік. Кошт квітка — 0 руб., але каб прынамсі часткова пакрыць свае выдаткі, арганізатары прапануюць кожнаму ахвяраваць хоць якую суму. Той, хто сплоціць нават сымбалічныя грошы, атрымае эксклюзіўны падарунак ад удзельнікаў канцэрту 1 лютага. Напрыклад, паход у кіно з Палінай Рэспублікай, ці эксклюзіўны дыск ад «Нагуаль», выдадзены накладам у 5 асобнікаў.

Саму музычную талаку пачне «J:морс», а скончыць ili-ili. Парадак выступаў выглядае наступным чынам:

Сэт 1

12:00—12:30 J:морс

12:45—13:15 Hurma

13:30—14:00 ForAboutFrom

14:15—14:45 Rahis

Сэт 2

15:00—15:30 Коктейль Шаляпина

15:45—16:15 Чип и Дейл

16:30—17:00 Zui

17:15—17:45 Нагуаль

Сэт 3

18:00—18:30 Naka Piano

18:45—19:00 SP Kava

19:15—19:45 Сяргей Пукст

20:00—20:30 BosaeSonca

Сэт 4

20:45—21:15 Navi

21:30—22:00 Pawa

22:15—22:45 Паліна Рэспубліка

23:00—23:30 ili-ili

Арганізатары патлумачылі Tuzin.fm, што ідэя 12-гадзіннага музычнага маратону ў тым, каб паказаць сапраўднае аблічча беларускай незалежнай музыкі, аб’яднаць альтэрнатыўную тусоўку ды прыцягнуць увагу СМІ да выканаўцаў, якія лічацца нефарматнымі.

Акцыю падтрымалі шэраг вядомых выканаўцаў. Сярод іх Зьміцер Вайцюшкевіч, які знаходзіцца ў «чорным сьпісе» беларускіх выканаўцаў і ня мае магчымасьці выступаць легальна. «Любая спроба сабраць разам людзей творчых, вартая падтрымкі. Самае галоўнае, каб не перашкаджалі пэўныя структуры», — сказаў выканаўца ў адмысловым відэаінтэрвію.

Канцэрт пройдзе 1 лютага ў прасторы ЦЭХ, што на праспэкце Незалежнасьці, 58/6. Яго таксама можна пабачыць он-лайн.

Tuzin.fm

Тэгi: