Шансанье Качаткоў: «Бог ня фраер — усё бачыць» (аўдыёпрэм’ера)
3784 / 0
29.01.2014

Шансанье Качаткоў: «Бог ня фраер — усё бачыць» (аўдыёпрэм’ера)

Госьць на Tuzin.fm — беларускі выканаўца Віталь Качаткоў, які ўсяго за два гады зрабіў ашаламляльную кар’еру на расейскай шансон-сцэне.

За Качатковым ужо замацавалася мянушка «менскі Міцяеў», хоць паходзіць ён з Маладэчна. Яго дыскі выходзяць на лэйбле, які выдае Круга і Разэнбаўма, музыку для яго піша штатны кампазытар «Лесоповала», ён жаданы госьць на шансон-фэстах, шансон-тэлеканалах і шансон-радыёстанцыях. Усяго за два гады шахматыст, які вырашыў заняцца музыкай, зрабіў ашаламляльную кар’еру ў Расеі.

Некалі Віталь Качаткоў уваходзіў у лік найлепшых шахматыстаў-аматараў у сьвеце. У 2000 годзе ён стаў віцэ-чэмпіёнам сьвету, пасьля здабыў срэбра на чэмпіянаце Беларусі, трапіў у фінал Кубка Стакгольму. У 2011-м вырашыў заняцца ўсур’ёз музычным праектам.

Гэта адбылося не зусім раптам. У мяне добрая музычная адукацыя — школа і музычная вучэльня. У часы службы ў войску з год уваходзіў у склад аркестра ганаровай варты. Так што музыка заўжды была недзе побач. Мяркую, што заслужыў права на творчасьць, — кажа Віталь.

У праект Качаткова ўвайшлі гітарыст Сяргей Анцішын і гукарэжысэр ды бубнач Аляксей Зайцаў. Працаваць выканаўца вырашыў у жанры шансону. У 2011 годзе ён прэзэнтаваў на Tuzin.fm свой першы беларускамоўны сынгл і кліп на яго.

Свой матэрыял Качаткоў разаслаў па ўсіх магчымых адрасах. І яго заўважылі. Яго дэбютны альбом выдаў лэйбл «Ночное такси», дзе выходзяць дыскі зорак расейскага шансону. Яго песьні трапляюць у ратацыю на радыёстанцыі адпаведнай скіраванасьці, да праекту маладэчанца далучаецца Аляксандар Федаркоў, аўтар песень «Лесоповала». У самога Качаткова да жанру, у якім ён працуе, вельмі спэцыфічнае стаўленьне. Магчыма таму, для азначэньне свайго стылю выкарыстоўвае іншыя словы — «гарадзкі раманс з элемэнтамі боса-новы», а сам замест «Шансон-ТВ» глядзіць старыя запісы «Поп-механики».

Расейскі шансон у асноўнай сваёй масе выклікае ў мяне ваніты, але цяпер у гэты жанр запіхваюць усё, што ня ўпіхваецца ў іншыя межы. Між тым, шансон — гэта зьмяшэньне ўсіх стыляў і адказнае стаўленьне да слова. Гэта музыка мае ўзроставыя межы. І хоць мяне гэты жанр не ўстаўляе, але яго яскравыя прадстаўнікі, як Лепс, Трафім, Алеграва, Северны куды больш рэальныя і натуральныя, чым папсьня.

ТГ: Дык а чаму тады пайшлі самі па гэтым шляху?

Як чалавек я даўно ўжо адбыўся. І ніякімі фарматамі і межамі я зусім не абцяжараны. Пакуль я раблю тое, што мне падабаецца. Я знайшоў, як мне кажуць, добра пазнавальную, яркую вакальную манеру данясеньня. Пакуль мне не заўжды падабаецца абалонка, самі аранжыроўкі, і, адпаведна, выходзячы саўнд. Калі глядзець на музыку, як на прадукт, прызначаны для спажываньня народам. З пункту гледжаньня музычнасьці ды інтэлегентнасьці музыкі мне пашанцавала дакладна, бо працую з выдатнымі асобамі і прафэсіяналамі.

«Пераезд» у расейскую мэдыйную прастору не паўплываў на беларускамоўную творчасьць Качаткова. Песьні па-беларуску Віталь з рэпэртуару ня выкрасьліў, больш за тое ў яго зьяўляюцца новыя кампазыцыі.

Песень на мове ў мяне нямала. І яны ўсе добра ўспрымаюцца расейскай публікай. Неяк спытаў у аднаго расейца пасьля канцэрту: як яму? А той: «Братан, мы ўсе вырасьлі на „Песьнярах“. Што не разумеем, тое дадумваем. І вельмі паважаем!»

Цяпер Качаткоў рыхтуе да выданьня свой трэці і чацьверты альбомы — песенны «Постой, паровоз!» і інструмэнтальны, пакуль безназоўны, а таксама афіцыйны DVD з жывымі выступамі і кліпамі, якіх набралося ўжо з два дзясяткі. Віталь таксама напісаў музыку да спэктаклю «Король Никто» ды актыўна стаў пісаць уласныя вершы. З адной з сваіх новых песень ён цяпер бярэ ўдзел у праекце «Гіт» на тэлеканале «Россия». Куды яго занясе яшчэ, выканаўца нават загадваць не бярэцца.

Бог ня фраер — усё бачыць. Два з паловай гады таму я не разумеў на якое міннае поле заходжу. Але пакуль не шкадую.

Наведнікам Tuzin.fm Віталь Качаткоў прадстаўляе адну з сваіх беларускамоўных кампазыцыяў «Уцякае сонечны прамень», напісаную ў суаўтарстве з паэткай Аксанай Ярашонак.

Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі выканаўцы