žygimont VAZA выдаў свой апошні альбом (аўдыёпрэм’ера)
3385 / 3
03.02.2014

žygimont VAZA выдаў свой апошні альбом (аўдыёпрэм’ера)

Беларускі гурт з больш чым 25-гадовай гісторыяй апублікаваў рэліз «Аграмэгаполіс», апошні альбом у сваёй дыскаграфіі. Ён створаны ў 2007, запісаны ў 2008—2011, а выкладзены ў 2014 годзе.

«Аграмэгаполіс» — 11-ы па ліку нумарны альбом каманды на чале зь Сяргеем «Скрыпам» Скрыпнічэнкам. Песьні для яго створаныя ў пэрыяд вясны і лета 2007 году. Хутка пачаліся і рэпэтыцыі. Аднак праз занятасьць удзельнікаў ва ўласных асноўных гуртах, працэс запісу расьцягнуўся на доўгі час. На фэстывалі Be Free-2008 музыкі нават выканалі больш за палову новага матэрыялу, аднак студыйная праца ўсё цягнулася і цягнулася. Калі засталося запісаць толькі вакалы, увесь працэс ізноў спыніўся — праз заўчасную сьмерць Вольгі Самусік, якая ўвайшла ў сталы склад каманды і была асноўнаю вакалісткаю. 

Урэшце, альбом быў запісаны наступным складам — Скрыпа (вакал, гітара), Кастусь Калесьнікаў (бас), Антон Мацулевіч (бубны). У некалькіх трэках таксама ўзяў удзел гітарыст Павал Яноўскі. На яго студыі «Таксафон» уласна і запісвалася праграма.

Пра наяўнасьць новага альбому Скрыпа казаў яшчэ з чатыры гады таму, але не сьпяшаўся яго паказаць: «Існуе такі мэтад, калі гатовая праца адкладваецца на пэўны час, каб, як кажуць, адляжацца. І праз пэўны перапынак можна было б зрабіць канчатковыя праўкі».

Усплыў альбом толькі цяпер. Са згоды аўтара, загалоўная песьня з рэлізу, прэзэнтуецца на Tuzin.fm. Увесь жа «Аграмэгаполіс» безь якіх-кольвек правак выкладзены для вольнага спампоўваньня на сайце Скрыпы.

Пра будучыню праекту пад назваю žygimont VAZA казаць не выпадае. З таго часу, як запісваўся «Аграмэгаполіс» гурт больш не зьбіраўся, не рэпэтаваў і не выступаў. Так што гэты рэліз можна лічыць апошнім у багатай дыскаграфіі гурта, якая налічвае 11 альбомаў. Сяргей Скрыпнічэнка цяпер шчыльна займаецца справамі свайго новага гурта Тhe Blue Devils. І абяцае неўзабаве паказаць цалкам новы матэрыял.

Падрабязьней пра Скрыпу ды гурт žygimont VAZA можна дазнацца ў відэапраекце «Радыё Свабода» і парталу Tuzin.fm — «Белы сьпіс».

SB, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Андрэй Філіпчык
    Андрэй Філіпчык / адказаць
    03.02.2014 / 21:01

    Іх апошні канцэрт быў менавіта на Be-free 2008? Яшчэ адзін гурт, на апошнім канцэрце якога я быў...

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    04.02.2014 / 13:23

    Шкада, што гурта няма. І відаць ужо ня будзе. Часам яны рабілі проста фантастычныя рэчы, як альбо "Каін", напрыклад. І самыя першыя альбомы вельмі цікава слухаць.

  • Андрэй Філіпчык
    Андрэй Філіпчык / адказаць
    04.02.2014 / 17:01

    Сапраўды, Шыба-48 проста забівае сваёй крутасцю!

  • КАМЕНТАВАЦЬ