Sciana пакажа ўсё, на што здольная ў «Жывым Тузіне» (аўдыё)
2835 / 1
21.02.2014

Sciana пакажа ўсё, на што здольная ў «Жывым Тузіне» (аўдыё)

Адна з самых яскравых беларускіх альтэрнатыўных камандаў дае вялікі сольны канцэрт у Менску празь перапынак у год. 21 сакавіка ў клюбе «Піраты» берасьцейцы прадставяць ужывую свой новы альбом у межах акцыі «Жывы Тузін».

Альбом «Мы застаемся» гурт прадставіў пры канцы 2013-га. Музыкі называюць сваю працу «энэргічнай, зьмястоўнай ды сэнсава завершанай». У гэтым маглі пераканацца наведнікі прэміі «Даём рады», дзе Sciana намінавалася на «Альбом году». Сэт берасьцейцаў стаў адной з самых яркіх падзеяў той вечарыны. «Пасьля таго выступу ў нас яўна дадалося прыхільнікаў. Людзі падыходзілі да нас пасьля казалі ды пісалі ў сеціве, што адкрылі для сябе новую каманду. Гэта вельмі натхняе на далейшую працу!» — кажа дырэктар гурта Зьміцер Назараў. Менскім слухачам  Sciana сапраўды можа быць малазнаёмая, бо выступае тут гады ў рады. Апошні сольнік у сталіцы берасьцейцы мелі ажно год таму.

«Канцэрт 21 сакавіка для нас будзе надзвычай адказным і мы пакажам усё, на што мы толькі здольныя. Сыграем песьні, якія ад нас чакаюць, але будуць і сюрпрызы», — кажа вакаліст каманды Павал Прохараў. Вядома ж будзе і «Вясна.by», і «Make Yourself», і «Калыханка», і «Ліхтары». Фактычна загалоўны нумар новага альбому «Апошняя песьня» (з рэфрэнам «Мы застаемся») прагучыць у арыгінальным выглядзе — дуэтам з Прохаравым яе сьпявае Кася Леванюк, чароўная вакалістка гурта Terrakod, які выступіць у якасьці госьця прэзэнтацыі. Таксама ў канцэрце возьме ўдзел Федзя Жывалеўскі, гуру беларускага панку з гурта «Голая манашка», які сыграе эксклюзіўны сэт.

 

Канцэрт пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі». Упершыню яна адбудзецца ў новым месцы — у менскім клюбе «Піраты», што непадалёк ад станцыі мэтро «Пралетарская». Квіткі на вечарыну вырашана зрабіць максымальна даступнымі. Яны ўжо зьявіліся ў продажы.

 21.03.2014. Прэзэнтацыя альбому гурта Sciana «Мы застаемся». Пры ўдзеле Федзі Жывалеўскага і Terrakod. Клюб «Піраты» (пр-т Партызанскі, 6а). 19:00
 Квіткі: 70 000 (танцпляц), 90 000 (столік) — папярэдне, 90 000 (танцпляц), 120 000 (столік) — у дзень. Тэлефон для даведак: +375 29 6872093. Квіткі ў касах і на сайце КВІТКІ.BY.

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    21.02.2014 / 10:58

    Наўпроставая спасылка на замову квітоў он-ляйн

    http://www.kvitki.by/by/event/19419

  • КАМЕНТАВАЦЬ