Rebentisch&Kaltherzig: «Мы запісалі песьню, ад якой мурашы па скуры» (cусьветная прэм’ера)
3043 / 0
10.03.2014

Rebentisch&Kaltherzig: «Мы запісалі песьню, ад якой мурашы па скуры» (cусьветная прэм’ера)

Свэн Рэбэнтыш зь нямецкага поп-вэйв праекту Rebentisch і лідэр беларускага готык-гурту Kaltherzig Аляксандар Круп прадставілі наведнікам Tuzin.fm плён сваёй сумеснай працы — беларускамоўны трэк «Junkie», што выйдзе на новай плыце немцаў.

Гурт Rebentisch паходзіць з Бэрліну. Яго лідэр Свэн Рэбэнтыш на сцэне ўжо 15 гадоў. Раней ён выступаў у дарквэйв-праекце Demion in the Casket, а пасьля сыходу калегі назваў праект у гонар свайго прозьвішча. Свэн робіць музыку разам з басістам Енсам Бомам. На рахунку дуэту альбомы «Herz zerrissen» (2009), «Empathie» (2011). На 4 красавіка 2014 году плянуецца рэліз трэцяга дыску «Charisma», запісанага ў стылістыцы поп-вэйву. Музыкі прэтэндуюць на арыгінальнасьць, хоць пры гэтым пазначаюць у шэрагу сваіх арыентыраў The Cure, Depeche Mode і New Order. На іх новым дыску прысутнічае беларускамоўны трэк «Junkie», запісаны разам з вакалістам менскай готык-каманды Kaltherzig Аляксандрам Крупам. Свэн і Аляксандар прадстаўляюць гэты трэк наведнікам Tuzin.fm у сумесным інтэрвію.

ТГ: Як вы сыйшліся?

Аляксандар Круп (АК): Мы ўжо працавалі з Свэнам раней. Недзе з год таму я шукаў чалавека, які б здолеў яскрава выканаць бэк-вакалы для адной з нашых песень. Выйшаў на Свэна, той пагадзіўся, усё выйшла проста цудоўна. Пасьля я ўжо атрымаў ад яго сустрэчную прапанову — паўдзельнічаць у запісе яго альбому. Лішне казаць, што з радасьцю яе прыняў, бо гэта новы досьвед для мяне.

ТГ: Выходзіць, што ідэя зьмясьціць на альбоме нямецкай каманды трэк па-беларуску належыць Свэну? І гэты трэк ваш, Свэн?

Свэн Рэбэнтыш (СР): Так, у словах для песьні «Junkie» я пішу пра свой шлях да шчасьця… Я распавядаю слухачам пра тое, як я пачуваюся ў кожны момант гэтага жыцьця, як я шукаю яшчэ і яшчэ, каб дасягнуць хоць крышачку пачуцьця шчасьця… Я таксама вельмі актыўна распавядаю пра сапраўдныя пачуцьці, празь якія праходжу падчас наведваньня начных гарадзкіх паці.

АК: Усё, што было трэба зрабіць — перакласьці арыгінальны тэкст на беларускую мову, адчуць яго і прачытаць. У песьні прысутнічае і нямецкамоўны арыгінал, але я запісаў яго больш зь цікаўнасьці, а не ўсур’ёз. Так бы мовіць, праверыць свае ўменьні. Тым ня менш, гэтыя радкі таксама былі далучаныя да трэку, хоць першапачаткова нават не плянаваліся.

СР: Безумоўна, тэкст на дзьвюх мовах толькі надаў нашаму трэку прывабнасьці! Наконт акцэнту ня трэба хвалявацца, бо песьня завецца «Junkie» і менавіта гэты акцэнт, трохі няправільнае вымаўленьне з памылкамі толькі падкрэсьлілі агульны настрой.

ТГ: Свэн, ці спадабалася вам гучаньне нашай мовы?

СР: Мне прыйшлася даспадобы беларуская мова. І я вельмі ўдзячны, што з дапамогай майго сябры Аляксандра я пачуў, як яна гучыць. У яго цудоўны голас, які якраз пасуе пад атмасфэру гэтага трэку. Ён надаў гэтай песеньцы асаблівы настрой. Акурат такі як я хацеў!

ТГ: Вынік задаволіў і нямецкі, і беларускі бок?

АК: Калі я запісваў тэкст, я нават ня чуў музыкі, проста спрабаваў выкласьціся на 200 адсоткаў. Калі атрымаў першыя дэма-вэрсіі быў моцна ўражаны. Настолькі, што дагэтуль уключаю песьню і адчуваю, нібы мурашы пабеглі па скуры. Такога я не чакаў. Атмасфэра тэксту, інтанацыі голасу ды музыкі вельмі ўдала дапасаваліся адно да аднаго.

СР: А я скажу, што я болей, чым шчасьлівы. Экспэрымэнт цалкам апраўдаў сябе. Часам у мяне сьлёзы на вачах, калі я чую гэтую песьню… Мабыць гэта і ёсьць ідэальны голас для дадзенай песьні…

ТГ: Выпадае чакаць працягу вашай сумеснай дзейнасьці?

СР: Мы пасьпелі ўжо папрацаваць над яшчэ адной песьняй, якую вы знойдзеце на новай плытцы гурта Kaltherzig.

АК: Мы ведалі абодва, што гэта будзе не апошні трэк, які мы запішам разам!

Фрагмэнты з альбому «Charisma» гурта Rebentisch можна пачуць тут. Сусьветная прэм’ера трэку «Junkie» ад гуртоў Rebentisch&Kaltherzig на Tuzin.fm.

Tuzin.fm